Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат «супраць усіх»: сэнсацыя, якой не было


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

За пару дзён пасьля падвядзеньня вынікаў выбарчай кампаніі, зьявілася шмат глыбокадумных развагаў наконт сэнсацыі, якая нібыта сёлета адбылася — кандыдата «супраць усіх», які заняў другое месца.

І сапраўды — паводле дадзеных ЦВК супраць усіх на гэтых выбарах было пададзена 6.3% галасоў, за Т. Караткевіч — толькі 4.42%, за С. Гайдукевіча і М.Улаховіча — яшчэ менш.

Некаторыя ўбачылі ў лічбе галасоў, пададзеных супраць усіх, паказьнік таго, што грамадзтва адкінула несапраўдны, фальшывы выбар, які прапаноўваўся яму, асаблівая ўвага зьвярталася на тое, што «кандыдат супраць усіх» апярэдзіў, так бы мовіць, Т. Караткевіч.

Між тым варта заўважыць, што менавіта такая расстаноўка акцэнтаў адбылася зь лёгкай рукі старшыні ЦВК Л. Ярмошынай. Менавіта яна і ў першай інфармацыі пра вынікі галасаваньня на закрытых участках, і агучваючы агульныя дадзеныя па краіне, трактавала дадзеныя менавіта так — «супраць усіх» на другім месцы.

Навошта Л. Ярмошына падала інфармацыю менавіта так — зразумела, пра што ніжэй. Да яе пытаньняў няма. Ёсьць пытаньні да вынаходнікаў новых тэндэнцыяў, якія, паводле прымаўкі, бухнулі ў звон, не паглядзеўшы ў сьвятцы. А дакладней — у цалкам даступныя дадзеныя ЦВК наконт мінулых прэзыдэнцкіх выбараў.

Між тым паводле зьвестак гэтага ведамства на тых выбарах (на якіх выбар быў гранічна шырокім і на любы густ), супраць усіх прагаласавала «ўсяго»... 6.47%. Дык гэта ж нават больш, чым на сёлетніх выбарах. Дарэчы, паводле таго ж ЦВК А. Саньнікаў набраў тады 2.43%, іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты — яшчэ менш.

Але чамусьці тады цяперашнія прыхільнікі кандыдата «супраць усіх» не папікалі А. Саньнікава і іншых апазыцыйных кандыдатаў тым, што яны ня здолелі заняць нават другое месца, саступіўшы яго больш моцнаму «супраць усіх». Ці справа ў тым, што тады старшыня ЦВК не падавала дадзеныя так, як сёлета: другое месца — «супраць усіх»?

І, дарэчы, а як там наконт сапраўднага выбару: калі сёлетні паказьнік «супраць усіх» сьведчыць пра тое, што выбару сёлета не было, то пра што сьведчыць прыкладна такое ж значэньне гэтага паказьніку на выбарах 2010 году?

Ну дадзеныя ЦВК — гэта наагул усё хлусьня — скажа чытач.

Магчыма, але навошта тады зараз сувымяраць вынікі, скажам, Т. Караткевіч і «супраць усіх»? Усё хлусьня, сапраўдныя вынікі галасаваньня — «чорная скрыня». Ці каб працягнуць палітычную барацьбу, якая разгарэлася падчас кампаніі, можна пакарыстацца і дадзенымі Ярмошынай, і падыграць ёй у яе маніпуляцыі?

Мэтай маніпуляцыі было прынізіць вынік Т. Караткевіч. Але паколькі ў гэтым жаданьні старшыня ЦВК зусім не самотная, яе інтэрпрэтацыя была дружна падхопленая. І ў першую чаргу — настаўнікамі маралі. А як з маральлю ў гэтай сытуацыі? Ну і напрыканцы — для параўнаньня дынаміка галасаваньня супраць усіх на папярэдніх выбарах: 1994 — 2.8%, 2001 — 4.2%, 2006 — 3.5%.

У цэлым назіраецца рост, хаця і нераўнамерны, аднак не кардынальны. Гэта хутчэй дастаткова ўстойлівая характарыстыка грамадзтва, чым паказьнік нейкіх тэндэнцый, якія ўзьнікаюць у ім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG