Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісламская дзяржава» заклікае весьці джыгад супраць Расеі і ЗША


Мухамад Аднані

Мухамад Аднані

Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» заклікала сваіх прыхільнікаў весьці сьвятую вайну супраць Расеі і ЗША.

Прадстаўнік экстрэмісцкай групоўкі ІД Мухамад Аднані ў 40-хвіліннай заяве, аўдыёзапіс якой зьявіўся ў інтэрнэце, заклікае мусульман па ўсім сьвеце далучыцца да джыгаду супраць расейцаў і амэрыканцаў.

Ён цытуе выказваньне прадстаўніка Расейскай праваслаўнай царквы аб тым, што дзеяньні Расеі ў Сырыі — гэта сьвятая барацьба (супраць тэрарызму, як заявіў протаерэй Усевалад Чаплін, кіраўнік Сынадальнага савету па ўзаемадзеяньні царквы і грамадзтва Маскоўскага патрыярхату).

Словы Аднані — гэта першая афіцыйная заява з пагрозамі на адрас Расеі з боку ІД.

Асноўнае месца ў пасланьні нададзена, зрэшты, не Расеі, якая згадваецца ў ліку саюзьнікаў ЗША, якія вядуць барацьбу супраць ІД.

Галоўнай мішэньню Аднані назваў Злучаныя Штаты і дадаў, што гэтая краіна імкнецца заручыцца падтрымкай Аўстраліі, Турцыі, Расеі, Ірану. Амэрыканцы, паводле яго, адчуваюць сваю слабасьць, тады як ІД становіцца ўсё мацнейшай з кожным днём. Ён прадказаў непазьбежны крах ЗША.

Аднані таксама пацьвердзіў гібель нейкага Абу Мутаза аль-Курэйшы, верагодна, гаворка ідзе пра Фадхіла Ахмада Хаялі, ён жа Хаджы Мутаз, які, як паведамлялася, загінуў у выніку амэрыканскага авіяналёту ў жніўні.

Згадкі пра нядаўні налёт, падчас якога, як мяркуецца, атрымаў раненьні лідэр ІД Абу Бакр Багдадзі, у звароце няма.

Значная частка пасланьня адрасавана варагуючым групоўкам ў Сырыі, вядучым баявыя дзеяньні супраць «Ісламскай дзяржавы». Іх барацьбу з ІД прамоўца называе пройгрышнай справай.

Ён таксама згадвае мігрантаў, якія спрабуюць перабрацца ў «краіны няверных», г. зн. у Эўропу, зь «зямлі джыгаду». Так ён пазначае тэрыторыі, якія знаходзяцца пад кантролем ісламістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG