Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка паказаў, што ён можа быць дамоваздольным», — экспэрт


Як можна ацаніць рэакцыю Расеі, Эўропы і ЗША на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, наколькі яна была прадказальная? Ці можна чакаць далейшага паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам? Як на гэты працэс можа рэагаваць Крэмль?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць экспэрты-міжнароднікі Андрэй Фёдараў і Андрэй Казакевіч.

Цыганкоў: Наколькі чаканая была для вас рэакцыя замежных палітыкаў на вынікі беларускай выбарчай кампаніі?

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Казакевіч: Агульнай характарыстыкай усёй гэтай кампаніі можа быць якраз прадказальнасьць. Што тычыцца рэакцыі постсавецкай прасторы, то яна традыцыйная. У іх традыцыйна няма ніякіх заўвагаў да выбарчай кампаніі, заканадаўства і гэтак далей.

Што да рэакцыі Захаду, то яе можна было прадказаць з улікам таго, што не была ўжыта фізычная сіла, не было ніякіх брутальных сцэнаў. Вядома, былі цікавыя нюансы — перш за ўсё, вельмі хуткая рэакцыя Эўропы, замарожваньне санкцыяў.

Цыганкоў: Але, магчыма, беларускія ўлады чакалі нават большага, спадзяваліся, што выбарчы працэс будзе расцэнены больш пазытыўна?

Казакевіч: Я ня думаю, што ўнутры Беларусі нехта на гэта разьлічваў. Максымум — гэта адзначэньне «пэўнага прагрэсу». І гэта ўжо станоўчы факт, які дазваляе эўрапейцам адкрыць новыя магчымасьці для супрацоўніцтва і гэтак далей.

Цыганкоў: Але, акрамя Пуціна, ніхто не зьбіраецца віншаваць Лукашэнку. І ў стратэгічным сэнсе Аляксандар Лукашэнка з пункту гледжаньня міжнароднай супольнасьці па-ранейшаму не зьяўляецца дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Беларусі.

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Так. Санкцыі не адмененыя, а толькі замарожаныя. Захад навучаны сваім горкім досьведам і ведае, што ад Беларусі можна чакаць чаго заўгодна. І гэта азначае, што поўнага даверу да афіцыйнага Менску няма. Таму ніхто не зьбіраецца віншаваць Лукашэнку, тым больш што замежныя назіральнікі адзначылі багата нэгатыўных момантаў на гэтых выбарах.

Цыганкоў: Падчас выбарчай кампаніі дыпляматы і палітыкі абмежаваныя ў сваіх заявах. Але цяпер, калі пастаўлена пэўная кропка, пачнуцца працэсы, якія толькі высьпявалі. Якія?

Казакевіч: Лукашэнка паказаў, што ён можа быць дамоваздольным. Была нефармальная дамоўленасьць зь ім, што выбары павінны прайсьці ў нейкіх рамках, бяз моцных рэпрэсіяў. У 2010 годзе Лукашэнка ня здолеў утрымацца ў рамках, а цяпер гэта адбылося.

Таму гэта будзе важным момантам для далейшага разьвіцьця тых працэсаў, якія мы назіралі апошнія два гады — пашырэньне стасункаў, уключэньне Беларусі ў розныя мэханізмы супрацоўніцтва. І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца і ўзмацняцца.

Цыганкоў: ЗША выказалі «расчараваньне» ходам прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Але апошнія месяцы ішоў працэс пэўнага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Ці можа справа дайсьці да вяртаньня ў Беларусь амбасадара ЗША?

Фёдараў: Ёсьць пэўныя моманты, якія могуць паспрыяць гэтаму. Напрыклад, цяперашняя заява Дзярждэпартамэнту ЗША нашмат мякчэйшая, чым на папярэдніх выбарах.

Цяпер афіцыйны Менск упершыню апынуўся ў сытуацыі, якой раней не было. Маем наймякчэйшую рэакцыю Захаду на прэзыдэнцкія выбары пасьля першых, 1994 году.

Расея ўжо ня можа падтрымліваць так, як раней, а Захад да канца ня верыць Лукашэнку. І гэта ставіць Менск у вельмі цяжкія эканамічныя ўмовы

Аднак цяпер Беларусь не зьяўляецца вельмі важным суб’ектам міжнароднай палітыкі. Яна аб’ект вострай канфрантацыі паміж Захадам і Расеяй. У такім выпадку Беларусі цяжка знайсьці сваю выгаду, бо Расея ўжо ня можа падтрымліваць так, як раней, а Захад да канца ня верыць Лукашэнку. І гэта ставіць Менск у вельмі цяжкія эканамічныя ўмовы.

Цыганкоў: Як Расея будзе глядзець на паляпшэньне адносінаў паміж Менскам і Захадам? Наколькі моцна Маскву будзе турбаваць гэты працэс?

Казакевіч: Натуральна, гэты працэс ня можа падабацца Расеі. Сытуацыя поўнай зьнешнепалітычнай ізаляцыі Беларусі для Масквы больш зручная. Але, я мяркую, пры гэтым Масква ня будзе рэагаваць вельмі рэзка, улічваючы ўсе кантэксты. Вядома, калі беларускія ўлады ня выйдуць за нейкія рамкі. Напрыклад, ня будуць ставіць пытаньне пра выхад з АДКБ, ня будуць тарпэдаваць эўразійскую інтэграцыю, ня будуць адназначна выказвацца супраць расейскіх базаў. Таргавацца тут Менску можна, але не адсякаць усе гэтыя кірункі.

Цыганкоў: Дзе тая чырвоная лінія, якую, на думку Масквы, не павінен пераходзіць Менск?

Фёдараў: На маю думку, яна нават бліжэй. У выхад Беларусі пры гэтай уладзе з АДКБ я абсалютна ня веру. Але я думаю, што нават нейкія маральныя паляпшэньні стасункаў Беларусі з Захадам, — ведаючы непрадказальнасьць, якую Крэмль дэманструе апошнія два гады, — могуць выклікаць неадпаведную рэакцыю Крамля.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG