Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам забароняць «жыць не па сродках». Ці тычыцца гэта чыноўнікаў?


Падатковае ведамства распрацавала інструкцыю, у якой пакрокава расьпісана, як належыць кантраляваць адпаведнасьць расходаў грамадзянаў іхнім даходам. На падставе зьвестак аб прыбытках ды набытай маёмасьці інспэктары будуць выяўляць, хто траціць больш, чым зарабляе.

Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 13 кастрычніка — усяго праз два дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Міністэрства падаткаў і збораў і раней не абмінала ўвагай падазроных асобаў. Але дагэтуль у поле зроку найперш траплялі «дармаеды», якія дазвалялі сабе дарагія набыткі, ня маючы сталага месца працы. Цяпер паўнамоцтвы падаткоўцаў пашыраюцца.

Пад вызначэньне «даходу» падпадаюць усе грашовыя сродкі, незалежна ад спосабу іх атрыманьня: заробкі, пазыкі, маёмасьць, легалізаваныя як у Беларусі, так і за яе межамі.

Прыкладам, пад вызначэньне «даходу» падпадаюць усе грашовыя сродкі, незалежна ад спосабу іх атрыманьня: заробкі, пазыкі, маёмасьць, легалізаваныя як у Беларусі, так і за яе межамі. Графу «расходы» складаюць любыя рэсурсы, накіраваныя на набыцьцё маёмасьці ці іншыя мэты. На падставе наяўных дадзеных будзе ажыцьцяўляцца разьлік прапарцыйнасьці даходаў і расходаў. Калі патрачана істотна больш, чым зароблена, кантрольнае ведамства пакідае за сабой права пацікавіцца, на якія сродкі чалавек раскошнічае. Разьлічваць будуць, як зазвычай, задняй датай — ад 1 студзеня 2015 году.

Калі выдаткі адпавядаюць прыбыткам, будзе аформлена заключэньне, што прэтэнзіяў да падаткаплатніка няма. Аднак у выпадку, калі расходы перавысяць задэкляраваныя сумы ці калі факт атрыманьня легальнага прыбытку не пацьвердзіцца, цягам 5 дзён адрасат атрымае пісьмовае патрабаваньне даць тлумачэньне адносна крыніцаў даходу. У лепшым выпадку дойдзе да сплаты падаходнага падатку зь перавышанай сумы, у горшым можа надысьці адміністрацыйная ці нават крымінальная адказнасьць.

Чаму падаткоўцы так пільна ўзяліся за шараговых грамадзянаў, якія ў большасьці сваёй ня маюць нават фізычнай магчымасьці прэтэндаваць на звышпрыбыткі? Ці ўдасца паставіць на ўлік усіх, каго можна западозрыць у занадта шыкоўным існаваньні?

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак найперш акцэнтуе ўвагу на састарэласьці мэханізму збору падаткаў у Беларусі і сумняецца ў эфэктыўнасьці падобных захадаў:

Мечыслаў Бурак

Мечыслаў Бурак

«Гэта абсалютна фіскальная мера, ня больш за тое. Думаюць толькі пра тое, як і дзе больш загрэбці, прычым досыць прымітыўнымі мэтадамі. Паколькі ініцыятыва паходзіць аднекуль з прэзыдэнцкай адміністрацыі, падатковае ведамства проста вымушанае падпарадкоўвацца, прымаць пастановы, якія маюць мінімальныя шанцы быць рэалізаванымі. Пры гэтым інструкцыя, калі нават павярхоўна яе пачытаць, носіць яўна дыскрымінацыйны характар: хто не падабаецца — таго і прышчэмяць. То бок першая мэта — чыста фіскальная (плаціць, таму што трэба дзяржаве), другая — дыскрымінацыйная („вычленіць“, хто жыве не па сродках). Але я перакананы, што нічога яны не даб’юцца, ніхто не пабяжыць насустрач з раскрытым кашальком: сёньня ўзровень мысьленьня суб’ектаў эканамічнай дзейнасьці нашмат вышэйшы, чым у тых, хто іх кантралюе. Падаткоўцы з гэтай сілай ня справяцца ніколі».

Спадар Бурак перакананы, што дзяржава чарговымі навацыямі прымусіць людзей не адкрывацца, а наадварот, яшчэ глыбей ад яе хавацца. Да таго ж паўстае прынцыповы маральны фактар: сотні вялікіх і малых чыноўнікаў самі жывуць, мякка кажучы, не зусім па сродках, разбудоўваючыся ў так званых «царскіх сёлах» па рэгіёнах ці ў сталічных Драздах. Пры гэтым бальшыня сьцьвярджае, што жыве выключна на заробак. Аднак усё большая колькасьць карупцыйных спраў сьведчыць, што «слугі народа» нярэдка крывадушнічаюць.

Супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што адпачатку няроўны сацыяльны падыход да «кліенцкай базы» наўрад ці будзе спрыяць узаемапаразуменьню грамадства і ўлады:

Дзяржава павінна ствараць такія ўмовы, каб людзі самі хацелі дапамагчы бюджэту, не лічылі сплату падаткаў пакараньнем.

«Дзяржава павінна ствараць такія ўмовы, каб людзі самі хацелі дапамагчы бюджэту, не лічылі сплату падаткаў пакараньнем. Як гэта, уласна кажучы, мае месца ў цывілізаваным сьвеце. У нас гэтага няма, усё трымаецца на страху. Таму, канечне, пры любой магчымасьці будуць уцякаць і фізычна, і выводзіць крыніцы прыбыткаў у Расею, Польшчу, ва Ўкраіну. Замест таго, каб людзі самі ішлі і плацілі грошы, каб уздымаць эканоміку за кошт таго, што яны тут спажываюць, улады сваімі няўклюднымі рашэньнямі прымушаюць хавацца. Але народ ня хоча аддаваць такой дзяржаве, няма перадумоваў. Грамадзяне ў масе сваёй згодныя плаціць падаткі, толькі тыя павінны быць адэкватныя, асэнсаваныя, культурная павінна быць сыстэма. А яна бескультурная, нахабная і прымітыўна фіскальная, вось якая ў нас падатковая палітыка. І колькі б ні складалі інструкцыяў, ня змогуць яны злавіць таго, хто задаўся мэтай схаваць падаткі. Гэта ўсё пустое».

Раней паведамлялася, што сёлета Міністэрства падаткаў і збораў, сярод іншага, атрымала доступ да банкаўскай таямніцы. Цяпер банкі абавязаныя «здаваць» падатковым структурам сваіх кліентаў — перадусім крэдытаатрымальнікаў і пакупнікоў валюты. Тым часам ведамства практычна завяршыла фармаваньне базы, якая будзе ў аўтаматычным рэжыме супастаўляць даходы і расходы грамадзянаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG