Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-супрацоўнік МУС: адной з мэтаў рэпрэсіяў пасьля 19 сьнежня было стварэньне легенды для афіцэраў КДБ, раней укаранёных у апазыцыю


Будынак КДБ у Менску

Будынак КДБ у Менску

Былы супрацоўнік МУС Беларусі Васіль Міхневіч у інтэрвію літоўскаму парталу DELFI.lt выказаў меркаваньне, што шмат хто з апазыцыйных палітыкаў працуе на спэцслужбы.

Міхневіч быў арыштаваны ў лютым 2010 году і знаходзіўся ў СІЗА КДБ у пэрыяд справы аб «масавых беспарадках».

Паводле ягоных слоў, у СІЗА КДБ негалоснае супрацоўніцтва ў той ці іншай форме прапаноўвалася калі ня ўсім, то шмат каму з палітычных зьняволеных.

«Думаю, што калі гэты рэжым рана ці позна абрынецца і калі архівы КДБ не пасьпеюць зьнішчыць, то адкрыцьці беларусаў могуць чакаць самыя нечаканыя...

Але ўжо сёньня не сакрэт тое, што рэпрэсіі пасьля 19 сьнежня 2010 году мелі перад сабой мэты ня толькі масавага застрашваньня і пакараньня тых, хто палітычна не даспадобы, але і іх масавай вярбоўкі.

Акрамя гэтага, адной з важных задач, на мой погляд, было ўдасканаленьне і легендаваньня (стварэньне максымальна праўдападобнай легенды) для асоб, якія ўжо негалосна супрацоўнічаюць са спэцслужбамі, а таксама кадравых афіцэраў КДБ, раней укаранёных у апазыцыйнае асяродзьдзе.

І быў, дарэчы, яшчэ адзін характэрны момант. Ужо знаходзячыся на перасылцы ў СІЗА-1 МУС на «Валадарцы», я выпадкова перасекся з адным арыштаваным супрацоўнікам КДБ, які ў адной з гутарак прамовіў фразу, якую я запомніў назаўсёды: «Апошнім апазыцыйным палітыкам Беларусі, які не працаваў „пад кантролем“, быў Зянон Пазьняк», — распавёў Міхневіч.

Таксама Міхневіч выказаў меркаваньне, што тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году зьдзейсьніла арганізаваная група.

«Але, карыстаючыся нагодай, хачу сказаць, што ня веру ў іх (Канавалава і Кавалёва. — РС) аднаасобнае дачыненьне як мінімум. Дакладней, чыста тэарэтычна нейкае фізычнае цела павінна было даставіць самаробнае выбуховае прыстасаваньне на месца зьдзяйсьненьня тэракту, і гэтым чалавекам мог быць любы зь фізычнымі магчымасьцямі, якія дазваляюць перамяшчаць сумку такой масы. Але арганізаваць і ажыцьцявіць у адзіночку — не», — заявіў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG