Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асанжа перасталі пільнаваць, бо задорага


Джуліян Асанж

Джуліян Асанж

Лёнданская паліцыя абвясьціла аб зьняцьці кругласутачнага дзяжурства каля амбасады Эквадору, дзе ад 2012 году хаваецца заснавальнік сайту WikiLeaks Джуліян Асанж.

Агульны кошт паліцэйскай апэрацыі па кругласутачным дзяжурстве паліцэйскага патруля каля амбасады Эквадору склаў 12,6 мільёна фунтаў. У заяве Скотланд-Ярду адзначаецца, што абмежаваныя бюджэтныя сродкі, неабходныя для барацьбы са злачыннасьцю, робяць немэтазгоднай цяперашнюю форму апэрацыю па прадухіленьні уцёкаў Джуліяна Асанжа з эквадорскай амбасады.

У заяве лёнданскай паліцыі гаворыцца, што яна працягне апэрацыю па арышце заснавальніка WikiLeaks з дапамогай новых мэтадаў, якія ня мае намеру раскрываць. Асанж будзе неадкладна арыштаваны, калі асьмеліцца выйсьці з эквадорскай амбасады, падкрэсьліваецца ў заяве.

Ордэр Эўраполу на арышт Джуліяна Ассанжа быў выдадзены ў сьнежні 2010 году, а ў чэрвені 2012 году, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыезьдзе, ён схаваўся ў амабасадзе Эквадору, які даў яму палітычны прытулак. Заснавальнік WikiLeaks адмаўляецца прыбыць у Швэцыю, якая абвінавачвае яго ў сэксуальных злачынствах. Ён баіцца выдачы ЗША, дзе, паводле яго словаў, яму можа пагражаць сьмяротнае пакараньне за шпіянаж.

У жніўні 2014 скончыўся тэрмін даўнасьці па трох з чатырох абвінавачаньняў, пастаўленых Асанжу швэдзкай пракуратурай. Аднак тэрмін даўнасьці галоўнага абвінавачаньня — у згвалтаваньні — заканчваецца толькі ў 2020 годзе.

Паводле паплечнікаў былога кіраўніка WikiLeaks, Асанж лічыць, што адмена кругласутачнага дзяжурства каля эквадорскай амбасады практычна нічога не мяняе ў яго становішчы.

XS
SM
MD
LG