Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч пра замарожваньне санкцыяў: Ня ўсе беларускія чыноўнікі дурні — можа, чаму навучацца на Захадзе


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Рашэньне Рады ЭЗ аб прыпыненьні на 4 месяцы санкцыяў супраць беларускіх уладаў Свабода папрасіла пракамэнтаваць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.

РС: Ці пойдзе на карысьць Беларусі заморожваньне санкцыяў? Ці адбудзецца штуршок да збліжэньня беларускіх чыноўнікаў з эўрапейцамі?

Шушкевіч: Што да разважаньняў пра нейкае збліжэньне Беларусі і Захаду — то ўсё гэта глупства. А што да санкцыяў, то я думаю, што ня ўсе нашыя чыноўнікі такія дурні, што ім трэба забараняць езьдзіць на Захад. Можа, яны там чаму навучацца. Маё стаўленьне абыякавае: я ня бачу вялікай бяды ад санкцыяў і ня бачу вялікай радасьці ад іх адмены. Але я б захаваў санкцыі для тых падлюг, якія робяць несправядлівыя прысуды, асуджаюць за палітычную актыўнасьць. Нават у межах нашага драконаўскага заканадаўства можна рабіць па-рознаму. Гэтым людзям, гэтым судзьдзям я б захаваў санкцыі. Але Захад ніколі гэтага не зразумее. Я шмат кантактаваў з эўрадэпутатамі і ў Брусэлі, і ў Страсбуры. Яны вельмі кепска ўяўляюць, што адбываецца ў Беларусі.

РС: Атрымліваецца, што да залікаў беларускай апазыцыі не здымаць санкцыі з уладаў на Захадзе не прыслухаліся?

Шушкевіч: Ёсьць абсалютная наіўнасьць, калі не сказаць больш жорстка. Эўрадэпутаты, апроч літоўскіх, латыскіх, эстонскіх і польскіх, наогул не разумеюць, што ў нас адбываецца. Яны даюць беларусам такія парады, як дзецям, якія ўпершыню разгарнулі падручнік па паліталёгіі. Калі я кажу пра паскудствы і зьдзекі, якія чыніць улада, то прыводжу прыклад з маёй пэнсіяй, якая складае менш за паўдаляра. Эўрадэпутаты шчыра раяць мне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд. І колькі я не тлумачыў, што чалавек ня можа зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, яны ня вераць, кажуць, што такога ня можа быць. Заходнія палітыкі вераць байкам, але насамрэч абсалютна не арыентуюцца ў беларускай сытуацыі.

РС: Эўразьвяз зьвязвае прыпыненьне санкцыяў з выпускам палітзьняволеных, гэтага дастаткова?

Шушкевіч: Трэба было ня проста выпусьціць, а папрасіць прабачэньня за тое што яны, невінаватыя, сядзелі столькі гадоў. Гэта першае. Другое. Трэба, каб была рэабілітацыя. Хіба можа сюды вярнуцца Андрэй Саньнікаў, якога выпусьцілі? Хіба маюць палітычныя правы Аляксандар Казулін і Мікола Статкевіч? Гэта паскудная палітыка беларускага нелегітымнага прэзыдэнта. Я думаю, што і гэтыя выбары цывілізаваныя краіны не прызнаюць, таму што падліку галасоў фактычна не было. Але разам з тым Захад будзе адзначаць нейкае пацяпленьне і працягваць даваць Беларусі парады, маўляў, ён хоча па-добраму мірным чынам наладзіць дэмакратыю ў Беларусі.

РС: Як думаеце, як афіцыйная прэса скарыстае факт прыпыненьня санкцыяў?

Шушкевіч: Прапаганда будзе крычаць, што мы мелі рацыю, мы паступалі правільна і, у рэшце рэшт, гэты дурны Захад усё зразумеў, і вось у нас ёсьць герой — прэзыдэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG