Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макарэвіч: Я адчуваў, што калі буду маўчаць у анучку, то буду дзярмом


Андрэй Макарэвіч

Андрэй Макарэвіч

У эксклюзіўным інтэрвію для Радыё Свабода музыка Андрэй Макарэвіч распавядае пра пляны «Машыны Часу»; пра перасьлед, пра тое, ці хоча зьехаць з краіны і працягнуць займацца музыкай за мяжой, пра тое, навошта Расея ваюе ў Сырыі і пра тое, як зьмянілася яго жыцьцё пасьля таго, як ён публічна асудзіў ваеннае ўмяшаньне Расеі ва Ўкраіне.

Прапануем вам тэкст публікацыі ў скароце.

РС: Андрэй Вадзімавіч, калі б вы былі журналістам, якое пытаньне вы найперш задалі б музыку Андрэю Макарэвічу?

Макарэвіч: Ведаеце, я зусім ня ўмею думаць ва ўмоўным ладзе. Вось калі так здарыцца, што я стану журналістам, я неадкладна пачну думаць на тэму Макарэвіч: якое пытаньне я задам суразмоўцу. Але пытаньне адносна Андрэя Макарэвіча выключаецца адразу. Таму што чалавек, які сам сабе задае пытаньні і сам на іх адказвае, робіць уражаньне вар’ята.

РС: Тады так: у вас да сябе пытаньні ёсьць?

Макарэвіч: Не.

РС: Ніводнага?

Макарэвіч: Ніводнага.

РС: У мяне ёсьць парачка.

Макарэвіч: Калі ласка.

РС: Вы ўсьведамляеце тое, што вы ўсе свае музычныя блокбастэры ў жыцьці ўжо напісалі і наўрад ці калі-небудзь сябе пераплюнеце?

Макарэвіч: Не. Па-першае, гэта нікому не вядома. Нікому, акрамя Госпада Бога. Па-другое, у тыя гады, калі блокбастэры зьяўляліся часта, я ніколі ня ставіў сабе такой задачы. Калі гэта адбывалася, я гэта сустракаў з радасным зьдзіўленьнем. Такія маленькія падарункі лёсу. Але хто сказаў, што іх больш ня будзе? Можа і ня будзе. А можа і будзе.

РС: Ды цяпер наогул складана зьдзівіць публіку нейкім супэрхітом, як гэта было, скажам, у 80-я гады.

Макарэвіч: Я ня фокусьнік, каб зьдзіўляць публіку. І ніколі гэтым не займаўся. Я атрымліваю задавальненьне ад таго, што вось напісалася песьня, якая мне самому спадабалася. Яшчэ б месяцы тры таму мне сказалі, што мы зьбярэмся з «Машынай Часу» пісаць альбом, я б зрабіў вось так (круціць пальцам ля скроні). А цяпер мы сабраліся з «Машынай» пісаць альбом. Таму што раптам зьявіліся песьні, якія ну відавочна для «Машыны» напісаныя. Значыць, мы сядзем і будзем іх запісваць.

РС: Значыць, вы цяпер нешта пішаце. У вас гэта атрымліваецца гэтак сама спрытна, як раней? Ці гэта ўжо зусім іншы працэс прыдумляньня?

Макарэвіч: Працэс абсалютна той самы. Але наколькі гэта спрытна — ня мне судзіць.

РС: Вы можаце гэтую магію апісаць? Вось як гэта так — напісаць песьню? Да вас прыходзіць слова, абрастае гісторыяй? Ці гэта гісторыя, якая абрастае словамі?

Макарэвіч: Узьнікае цьвёрдае адчуваньне, што цяпер трэба ўзяць нататнік, аловак і запісаць радкі, якія прыйшлі табе ў галаву. Таму што калі цяпер ты гэтага ня зробіш, то ты праз кароткі адрэзак часу пра гэта забудзеш. Потым пачнеш мучыцца і ўспамінаць, а так добра ўжо ўсё роўна не атрымаецца. Таму гэта трэба хутка фіксаваць.

РС: У нататнік айфона гэта забіваецца адразу?

Макарэвіч: Не, у нататнічак.

РС: Па-пэнсіянэрску, так бы мовіць.

Макарэвіч: Я не люблю электрычныя прыстасаваньні. У айфон я магу мэлёдыю насьпяваць. Таму што мэлёдыю таксама вельмі лёгка забыць, дарэчы. А вось словы — у нататнічак. Мне так іх лягчэй бачыць перад вачыма.

РС: Вы сказалі, што ў вас няма да сябе пытаньняў. А прэтэнзіі ў вас да сябе ёсьць?

Макарэвіч: Перастань.

РС: Я вось, напрыклад, чуў ад некалькіх людзей, што вы калі лятаеце на гастролі, то сядаеце ў бізнэс-клясе, а музыкі вашы ляцяць эканомам. Гэта дзіўна.

Макарэвіч: Лухта сабачая. Калі мы лятаем з «Машынай Часу», то мы ўсе лятаем бізнэс-клясай. І наогул, у нас поўная дэмакратыя ў камандзе: на гэты конт і на іншыя. Калі я лячу, скажам, зь вялікім складам тыпу «Крэольскага Танга», то дзеля дапамогі арганізатарам (усюды ж з грашыма цяпер вельмі дрэнна) музыкі і тэхнікі ляцяць эканомам. Я па магчымасьці лячу ў бізнэсе, калі пералёт займае больш за дзьве з паловай гадзіны. Гэта зьвязана проста зь фізычным станам.

РС: Як вы ставіцеся да грошай? І ці можаце сабе дазволіць больш ніколі ў жыцьці не працаваць?

Макарэвіч: Да грошай я стаўлюся спакойна і радасна. Ня працаваць я сабе не магу дазволіць проста таму, што я звар’яцею. Гэта з грашыма зусім не зьвязана. Я ў гэтым пляне абсалютна хворы чалавек: я не магу нічога не рабіць.

РС: Вы слухаеце сучасную музыку? Што ў вас у айфоне?

Макарэвіч: У айфоне ў мяне няма музыкі. Айфон — гэта такая машынка, каб тэлефанаваць.

РС: Ну ў плэеры, няважна.

Макарэвіч: Плэера ў мяне няма. У мяне ёсьць радыё ў машыне. У мяне добрая вінілавая сыстэма дома. Я стараюся ад слуханьня музыкі атрымліваць задавальненьне. Але па большай частцы я слухаю не сучасную музыку.

РС: Ад сучаснай з вушэй кроў?

Макарэвіч: Не, проста мне гэта ня вельмі цікава.

РС: Нічога з сучаснага?

Макарэвіч: Не-е.

РС: У інтэрвію Познэру ў 2013 годзе вы сказалі, што ў Расеі вам дыхаецца па-рознаму. Маса рэчаў вас засмучае, а маса рэчаў радуе. Тое, што вас засмучае, нам больш-менш вядома. А што вас радуе ў сучаснай Расеі?

Макарэвіч: Тое, што нягледзячы ні на што, а часьцяком нават насуперак, адбываюцца нейкія рэчы, адбываецца жыцьцё. Я бачу маладых людзей, нармальна апранутых, выхаваных, якія відавочна чыталі кнігі, гэта ну ніяк ня быдла, якое я меў шчасьце назіраць у маладыя гады часта. Я бачу, што зьяўляюцца новыя ўстановы, новыя будынкі, я туды заходжу, бачу, што гэта стыльна, сучасна, нядорага, абсалютна эўрапейскай клясы. Я ўяўляю, праз якія церні гэтаму хлопчыку ўмоўнаму давялося прайсьці і колькі папераў падпісаць, каб дазвол атрымаць на тое, каб стварыць нешта добрае. І тым ня менш, гэта адбываецца. Напрыклад, будынак новага «Гаражу» на мяне зрабіў вялікае ўражаньне. Фантастычная выставачная заля, сучасная, цудоўная, бездакорная з пункту гледжаньня густу. Вось такія рэчы мяне вельмі радуюць. Нешта робіцца.

РС: Ведаеце, ёсьць такое меркаваньне, што вось гэтыя ўсе мілыя кавяранькі, галерэі, гарадзкое прыемнае асяродзьдзе на самай справе адцягвае людзей — маладых перш за ўсё — ад сапраўды важных праблем.

Макарэвіч: О! Гэта, здаецца, тэорыя змовы?

РС: Ну а куды безь яе?

Макарэвіч: Правільна, маладых трэба трымаць у клетках, тады яны ўсе будуць злыя і супраць савецкай улады. Ну што за лухта? Людзі павінны нармальна жыць. І калі такая магчымасьць узьнікае, гэта заўсёды прыемна.

РС: Вас, Андрэй Вадзімавіч, раздражняе страх? Усе ўсяго баяцца. Ня тое што справу зрабіць, а слова сказаць ня так, як прынята казаць. Гэта ўжо нават не пра цэнзуру, а пра тое, што людзі самі сабе гатовыя раты зашыць.

Макарэвіч: Я ў жыцьці стала маю зносіны з даволі невялікай колькасьцю людзей. Гэта мае сябры. Ніякай наяўнасьці страху ў іх я не назіраю. Усё астатняе насельніцтва мяне ня вельмі цікавіць. Я далёкі ад фанабэрыі. Узяць іх і перавыхаваць? Гэта ж асабістая справа кожнага: як ён будзе жыць, будзе ён баяцца, ня будзе ён баяцца. У канцы жыцьця адкажа.

РС: Вы, вядома, памятаеце артыкул «Рагу зь сіняй птушкі» ў газэце «Комсомольская правда» 1982 году. Вы, вядома, памятаеце аўтара Крывамаза, які гэта напісаў. Ён вас у артыкуле бэсьціў за антысавецкія песьні. Тады любы крытычны артыкул у цэнтральных СМІ зьяўляўся заклікам да рашучых дзеяньняў.

Макарэвіч: Гэта ж ня проста быў артыкул, а канкрэтная дырэктыва зьверху.

РС: Вы адчуваеце цяпер нешта падобнае? Мы ж глядзім тэлевізар і разумеем, што там анансуюць настроі і адносіны да тых або іншых зьяваў, людзей, падзеяў.

Макарэвіч: У гэтым сэнсе шмат падобнага. Але ўсё ж мы сёньня жывем ва ўмовах большай свабоды, чым жылі тады, пры Брэжневе. Нешта падобнае, а нешта не. Няма ўжо дакумэнта зь пячаткай, які забараняе нам выступаць.

РС: Памятаеце, па НТВ паказалі фільм «Анатомія пратэсту», пасьля якога адразу арыштавалі Удальцова?

Макарэвіч: Так. І ў нас канцэрты паляцелі. Прыяжджалі людзі, тэлефанавалі, казалі, што нам ня раяць праводзіць канцэрт. Хтосьці адказваў «слухаюся». А хтосьці казаў: добра, вы мне дайце дакумэнцік зь пячаткай, што ім выступаць нельга. Не, такі дакумэнт мы вам даць ня можам, мы проста раім. І ўсё праходзіла. Так што гэта ўсё ж не 70-я гады.

РС: У вас быў нядаўна суд з чалавекам, які, верагодна, паглядзеўшы пра вас які-небудзь сюжэт на НТВ, распыліў сьлезацечны газ на вашым канцэрце. Вы ў гэтым судзе перамаглі. Хулігану гэтаму прысудзілі тры гады калёніі строгага рэжыму. Вам не шкада яго? Даволі суровае пакараньне. Гэта нават ня «двушачка».

Макарэвіч: Мне яго не шкада. Хоць я на судзе прапаноўваў яго адпусьціць. Таму што ён ідыёт. Я ведаю мінімум двух людзей (магчыма, іх было больш), якія сядзелі ў зале, у якіх была алергія на гэты газ. Яны некалькі месяцаў за свае грошы потым лячыліся. Адна зь іх — прафэсійная сьпявачка, яна не магла сьпяваць. Вось за гэта трэба даваць па галаве.

РС: Вам ёсьць што гэтаму чалавеку сказаць?

Макарэвіч: А зь ім бескарысна размаўляць. Ён лічыць, што ён патрыёт. А па-мойму, ён крэтын.

РС: У вас ёсьць ахова? Не хацелася наняць ахову, калі вас пачалі цкаваць?

Макарэвіч: Ахова — гэта самае патаснае і бессэнсоўнае, што можа быць.

РС: Вы неаднаразова казалі, што ў вас дрэннае стаўленьне да расейскага тэлебачаньня. Але вы доўгі час на ім вельмі пасьпяхова працавалі. У 2010 годзе вас наогул вылучалі ў раду дырэктараў Першага каналу. Ці няма тут супярэчнасьці?

Макарэвіч: Ніякага. Тое тэлебачаньне і сёньняшняе тэлебачаньне — гэта дзьве вялікія розьніцы.

РС: Ды быццам бы ўсё тыя самыя людзі яго робяць.

Макарэвіч: Людзі тыя самыя, а тэлебачаньне іншае. Памянялася яно на нашых з вамі вачах. Наўрад ці я цяпер пайшоў бы ў раду дырэктараў, калі б мяне запрасілі.

РС: А ў эфір?

Макарэвіч: У эфір? Калі б у мяне была магчымасьць рабіць праграму, якую я лічыў бы цікавай і якая пры гэтым задавальняла б канал, я б пайшоў.

РС: Пытаньне пра вашага калегу — Іосіфа Кабзона, наконт якога вельмі шмат некаторы час лаяліся і спрачаліся, асабліва ў інтэрнэце. Яго анкалёгія стала падставай для палітычных дыскусій. Як вы лічыце, ці справядлівыя такія дыскусіі вакол лячэньня Кабзона?

Макарэвіч: Я лічу ўсё гэта бестактоўным глупствам. Я зусім не гатовы ні яго, ні кагосьці ні асуджаць, ні хваліць. Кабзон дарослы дзядзечка, які зрабіў у жыцьці вельмі многае. Вельмі шмат добрага зрабіў. І шмат, напэўна, ня вельмі добрага. Бог яму судзьдзя. І сам ён сабе судзьдзя.

РС: Вы вельмі шмат падарожнічалі ў сваім жыцьці, бачылі шмат краінаў. Скажыце, на якую краіну павінна быць падобная Расея, каб у ёй было прыемна жыць?

Макарэвіч: Расея павінна быць падобная на Расею. Яна ні на якую іншую краіну падобнай быць ня зможа.

РС: Ну, гэта ўсё размовы пра тое, што ў нас павінен быць «свой шлях». Ды ніякі ён ня свой...

Макарэвіч: Не, ня ў гэтым справа. Расея проста павінна быць свабоднай. Яна павінна быць разьвітай. Яна павінна мець добрую адукацыю, перадавую навуку і прамысловасьць. І яшчэ — незалежны суд. І нічога больш ня трэба, ні на кога не трэба быць падобнымі.

РС: Ну, вось цяпер шмат кажуць пра імпартазамяшчэньне. Вы згадалі прамысловасьць. Імпартазамяшчэньне стымулюе сваю прамысловасьць?

Макарэвіч: Гэта вельмі добра, але чаму гэта павінна адбывацца, калі смажаны певень дзюбнуў? Чаму 20 гадоў плявалі ў столь (хоць усе казалі, што нельга спадзявацца толькі на нафту)? Украіна, не Ўкраіна, Амэрыка, не Амэрыка, але нафта аднойчы павінна была зьдзьмуцца. Гэта ж хвалепадобны рух, усё гэта ўжо было. Не, усё дарма. Вось зараз заняліся імпартазамяшчэньнем.

РС: Мы ўмеем рабіць добрыя рэчы самі? Вопратку можам рабіць сапраўды добрую?

Макарэвіч: Пару разоў бачыў цалкам узрушальныя крамы зь вельмі моднымі рэчамі. Вельмі моднымі. Я ў гэтым трошкі разумею. Пытаюся, а што гэта за брэнд? Я ніколі такога ня бачыў. Адказваюць, што гэта мы самі робім. Ачмурэць. Гэта значыць, у краіне дастаткова людзей, якім ня трэба дапамагаць нават, дастаткова не перашкаджаць. Яны ўсё зробяць і будуць атрымліваць радасьць і задавальненьне. І мы будзем атрымліваць радасьць і задавальненьне. Дайце толькі магчымасьць.

РС: Андрэй Вадзімавіч, вы дажывяце да таго моманту, калі Расея стане вось такой свабоднай краінай, пра якую вы кажаце? Калі ня будуць бюсты Сталіну адкрываць?

Макарэвіч: А вы дажывяце?

РС: Думаю, што не. Па-мойму, у Расеі ўсе перамены вельмі зманлівыя заўсёды. Хоць хто яго ведае...

Макарэвіч: Вось і я ня ведаю.

РС: І што рабіць? Сядзець і чакаць?

Макарэвіч: Не, займацца сваёй справай. Вось вы цяпер займаецеся сваёй справай. Я скончу з вамі і паеду займацца сваёй.

РС: Вы разумееце або асуджаеце людзей, якія сёньня зьяжджаюць з Расеі?

Макарэвіч: Нікога не асуджаю.

РС: А разумееце?

Макарэвіч: Я не магу ўлезьці ў скуру іншага чалавека. Ва ўсіх свае акалічнасьці. Ва ўсіх свой погляд на сваё жыцьцё.

РС: Мне здаецца, у вас у жыцьці былі зусім нядаўна абставіны, якія вас маглі таксама на такія думкі наштурхнуць. Круцілі ў галаве думку пра тое, каб зьехаць? Магчыма, не назусім, а пракантавацца.

Макарэвіч: А ад чаго пракантавацца? Мяне бамбяць ці што?

РС: Вас труцілі газам. А потым проста цкавалі.

Макарэвіч: Ну і добра, адзін дурань пырснуў газам.

РС: Пытаньне пра яшчэ адну вашу калегу. Вы ж знаёмыя з Алай Пугачовай?

Макарэвіч: Так.

РС: Вы можаце растлумачыць, чаму яна застаецца самай папулярнай сьпявачкай СССР і Расеі? У чым сакрэт яе калясальнай уплывовасьці і папулярнасьці?

Макарэвіч: Чаму «Бітлз» былі самай папулярнай групай у сьвеце? Гэта можна растлумачыць?

РС: Вядома.

Макарэвіч: Паспрабуйце. Я думаю, гэта будзе першае тлумачэньне, якое мяне задаволіць.

РС: Таму што яны вельмі-вельмі абачліва ставіліся да мэлёдыі.

Макарэвіч: А больш ніхто асьцярожна да мэлёдыі ня ставіўся? Яны адны такія разумныя?

РС: Не, не адны, але і не яны адны папулярныя былі.

Макарэвіч: Але чаму менавіта яны ўзарвалі сьвет?

РС: Таму што шмат усяго іншага ў іх было адначасова. Яны былі сэксуальныя, яны клясна выглядалі, яны пісалі нескладаныя і прыемныя вершы.

Макарэвіч: А ўсе астатнія пісалі складаныя? Разумееце, гэта ж сотня абставінаў. І ўсе яны раптам сыходзяцца ў адным месцы і ў адзін час. І тут вельмі шмат выпадковага.

РС: Нейкая стыхійная гісторыя?

Макарэвіч: Абсалютна. Не, вядома, трэба асьцярожна ставіцца да мэлёдыі, трэба быць маладымі і прыгожымі. Але гэтага недастаткова. Яшчэ спрацоўвае нейкая маланка.

РС: То бок, гэта растлумачыць і памацаць рукамі немагчыма і ў выпадку з Алай Барысаўнай? Проста мільён рэчаў, якія зьмясьціліся ў адной жанчыне?

Макарэвіч: Немагчыма. Абсалютна.

РС: Чыё меркаваньне вам па-сапраўднаму дарагое і важнае?

Макарэвіч: З нагоды чаго?

РС: З нагоды ўсяго. З нагоды вашай музыкі. З нагоды вашых выказваньняў на грамадзка важныя тэмы. З нагоды вашага «непрагінаньня пад зьменлівы сьвет».

Макарэвіч: Абсалютна мяне гэта не цікавіць.

РС: У вас няма аўтарытэтаў?

Макарэвіч: У мяне шмат аўтарытэтаў, але я не арыентуюся на чужыя думкі.

РС: Хітры.

Макарэвіч: Праўда.

РС: Так не бывае.

Макарэвіч: Бывае. Ты нешта прыдумляеш і робіш. Даводзіш да той кандыцыі, якой ты сам задаволены. Вось я задаволены вынікам. Што, я надзену гэта на палку і пайду пытацца: вам падабаецца, а вам падабаецца? Ды мне, шчыра кажучы, напляваць. Прыемна, калі падабаецца. Але колькі людзей, столькі і меркаваньняў. Я ня стаўлю сабе задачу ўсім на сьвеце дагадзіць.

РС: Андрэй Вадзімавіч, як вы думаеце, чаму мы так шмат ваюем? У нас кожны год — па вайне. То Ўкраіна, то Сырыя... Чаму?

Макарэвіч: Добрае пытаньне. Але чаму зімой холадна?

РС: Таму што так распарадзілася прырода. Але няўжо вайна — гэта таксама наша прырода?

Макарэвіч: Не-не, я думаю, што вайна — гэта адзін з правераных спосабаў утрымаць уладу. На жаль. Іншых прычынаў я ня бачу.

РС: Як гэта наогул — быць сымбалем эпохі? Ці нават адразу некалькіх эпохаў? Толькі не кажыце, што вы пра гэта ніколі ня думалі і вам не цікава. Думалі і цікава, я ў гэтым упэўнены.

Макарэвіч: Вось калі б я быў ідыётам, то я б так пра сябе ўсур’ёз і думаў: «Вось я! Сымбаль эпохі!»

РС: А вы адчуваеце сябе чалавекам, які перажыў непрыемную мэтамарфозу ў жыцьці? Вам усё жыцьцё шматтысячныя залі падпявалі, а цяпер для гэтых самых людзей вы сталі здраднікам.

Макарэвіч: Значыць так. Да гэтых шматтысячных заляў мы сядзелі 10 гадоў у глыбокай срацы. У глыбокай падпольнай срацы. І ўлада тагачасная — савецкая — да нас ставілася прыкладна гэтак сама, як да нас ставіцца наша цяперашняя расейская. Усё гэта я ўжо праходзіў. Таму мне гэта ня дзіўна. А што тычыцца тысячаў людзей, якія мне падпявалі, я вас запэўніваю, яны і сёньня будуць падпяваць. Гэта ня тыя людзі, якія мяне лічаць здраднікам. Вось я ўчора прыехаў з Хэльсінкі. Мне ў 1977 годзе скажы, што ў нас будуць гастролі ў Хэльсінкі, Стакгольме, у Амэрыцы, у Ізраілі, Нямеччыне, я б падумаў, што зь мяне зьдзекуюцца. Нас тады нават у Маскву не пускалі.

РС: Так, можа, міжнародныя гастролі зьвязаныя як раз з тым, што тут стала менш выступаў? У вас вызваліўся час...

Макарэвіч: Не, яны зьвязаны з тым, што нас хочуць там пачуць. Гастролі гэтыя і раней адбываліся. Яны адбываліся з таго моманту, як Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў зрабіў так, што стала магчыма выяжджаць. За што яму дзякуй вялікі. Пасьля таго, як Гарбачоў гэта зрабіў, мне паказалі стосы запрашэньняў з розных краінаў, якія для нас прыходзілі ў папярэднія гады. А мы нават ня ведалі пра іх існаваньне.

РС: Габрэйскае пытаньне габрэю ад габрэя. Вы адзначаеце сьвяты габрэйскія, адчуваеце ў сабе гэтыя карані?

Макарэвіч: Адзначаю зь сябрамі зь вялікім задавальненьнем. Але я пры гэтым не рэлігійны чалавек. Я проста разумею, што за гэтымі традыцыямі і сьвятамі стаяць памяць і велізарная колькасьць нявінна загубленых людзей.

РС: Андрэй Вадзімавіч, завяршаючы нашу гутарка, я ўсё ж хацеў бы ўдакладніць, навошта вам усё гэта трэба было? Навошта вы, што называецца, палезьлі ў бутэльку?

Макарэвіч: Якую бутэльку, дружа мой? Ну скажы, у якую бутэльку я палез?

РС: Навошта сталі выказвацца пра канфлікт ва Ўкраіне? Навошта занялі бок? Бо маглі б альбо не зьвяртаць увагі, альбо зьвярнуць увагу зь іншага боку, і ніякія ідыёты б на вашых канцэртах газ не распылялі, і ніхто вас не абражаў бы, а, можа, атрымалі б чарговую ўзнагароду з рук прэзыдэнта і далей бы спакойна зьбіралі шматтысячныя стадыёны.

Макарэвіч: Таму што я адчуваў, што калі буду сядзець і маўчаць у анучку, то я буду дзярмом проста. Я ўсё жыцьцё пакідаў за сабой раскошу мець права даносіць сваё меркаваньне да тых, каму гэта цікава. І я не лічу гэта лазаньнем у бутэльку ці кудысьці яшчэ. Гэта стан абсалютна нармальнага чалавека. Чаго і вам жадаю. Таму адчуваю я сябе вельмі добра.

РС: Але вы многае страцілі.

Макарэвіч: Ды нічога я ня страціў.

РС: Зноў хітрыце.

Макарэвіч: Што я страціў? Не зайграў дзесяць канцэртаў?

РС: Не зайгралі.

Макарэвіч: Я іх яшчэ зайграю. Славутыя тэлеэфіры я страціў?

РС: І тэлеэфіры таксама страцілі, так.

Макарэвіч: Ды пайшлі яны ў задніцу гэтыя эфіры. Што мне зь іх? Ёсьць кнопачка на тэлевізары: узяў і выключыў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG