Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўчастках, дзе адкрыта лічылі бюлетэні, у Караткевіч 25–30%


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Многія незалежныя назіральнікі на Гарадзеншчыне цьвердзяць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі непразрыстыя, несвабодныя і што ім не далі магчымасьці пракантраляваць падлік галасоў.

Незалежны назіральнік з Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч назіраў за выбарамі ў сваім мястэчку Варняны. Паводле яго, у глыбінцы наагул нічога не зьмянілася ў адносінах да назіральнікаў: як і раней, ніякай інфармацыі назіральніку ад сябраў камісіі атрымаць было папросту немагчыма. Праўда, ён кажа, што лічбы на сёлетніх выбарах уразілі нават яго:

— Ну паглядзіце, датэрмінова прагаласавалі 411 выбарцаў, а ў дзень выбараў — 439, і яшчэ амаль 200 чалавек прагаласавалі ў хаце. Ну то што гэта? Яны папросту набіралі дзе толькі магчыма гэтыя галасы. А як гэта ўсё робіцца, то толькі аднаму богу вядома. Таму я адназначна ня веру гэтым вынікам і лічу, што як быў фальш, так ён і застаўся...

Віталь Гуляк
Віталь Гуляк

У Ваўкавыску з участку выдалілі незалежнага назіральніка Віталя Гуляка за тое, што ён зрабіў заўвагу старшыні камісіі і напісаў акт аб парушэньні выбарчага заканадаўства. Парушэньне палягала ў тым, што сябры выбарчай камісіі лічылі разам бюлетэні з агульнай урны і з тых, зь якімі хадзілі па хатах. Ён кажа, што назіральнікі наагул ня мелі магчымасьці пабачыць, як вядзецца падлік галасоў.

— Падлік галасоў на ўчастку адбыўся літаральна за 22 хвіліны. Яны гэта рабілі абсалютна анархічна, не агучвалі, за каго быў апушчаны бюлетэнь, не дазвалялі падысьці і паглядзець. Толькі ў канцы дэманстратыўна былі агучаныя агульныя лічбы. Я абсалютна ня веру ў іхнія лічбы, бо яны падлічвалі галасы незразумела, хаваючыся, і я не пабачыў гэтага падліку галасоў.

Алесь Дзергачоў
Алесь Дзергачоў

У Смаргоні незалежны назіральнік Алесь Дзергачоў кажа, што яны прааналізавалі працу камісіяў на некалькіх участках і прыйшлі да высновы, што падлік галасоў камісіямі вёўся паводле аднаго сцэнару.

— Дакладных вынікаў галасаваньня не маглі ведаць нават сябры камісіі, толькі адзін старшыня, бо ўсё зроблена так, што падлічвае толькі адзін ён. Кожны сябра камісіі меў свой стос бюлетэняў, і, пералічыўшы іх, пісаў лічбу на паперцы і моўчкі перадаваў старшыні. А той ужо ўсё падсумоўваў і абвяшчаў вынікі.

Алесь Дзергачоў кажа, што на ўчастку, дзе ён асабіста назіраў, сябраў камісіі і старшыню ведае даўно і схільны давяраць іхнім чалавечым якасьцям. Але ён ня можа зразумець, чаму вынікі на ягоным участку і іншых у Смаргоні так моцна розьняцца ад агульнарэспубліканскіх.

— Ну вось участак № 7 у Смаргоні: прагаласавалі 1487 чалавек, зь іх за Караткевіч — 401, альбо 29,6%. За Лукашэнку — 877 чалавек, або 58,9%. Участак № 5 у Смаргоні: за Караткевіч — 26%, за Лукашэнку — 63%. І такіх некалькі ўчасткаў, дзе знаходзіліся нашы назіральнікі.

Іван Бедка: «Магчыма, Лукашэнка і перамог, але не з такімі лічбамі»
Іван Бедка: «Магчыма, Лукашэнка і перамог, але не з такімі лічбамі»

Іван Бедка са Слоніма таксама цьвердзіць, што назіральнікі ня мелі магчымасьці пабачыць, як насамрэч вёўся падлік галасоў, бо старшыня камісіі не стварыла дзеля гэтага ўмоваў, а таму даверу да вынікаў выбараў у яго і ягоных калегаў па назіраньні няма. Бедка кажа, што не было нават магчымасьці пераканацца, ці наагул вёўся той падлік галасоў.

— Яны ўсе гэтыя бюлетэні складвалі стосамі і крычалі, нібыта колькі за каго, але насамрэч немагчыма было разабраць, што яны робяць. І калі яны падлічвалі свае стосы, то ішлі да старшыні камісіі і шапталі яму нешта на вуха. Лічыць, што нешта зьмянілася на гэтых выбарах у адрозьненьне ад іншых, не выпадае. І я не магу давяраць такім лічбам, якія нельга спраўдзіць. Магчыма, Лукашэнка і перамог, але не з такімі лічбамі.

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

У Бярозаўцы Лідзкага раёну незалежны назіральнік Вітольд Ашурак наагул ня хоча гаварыць пра давер афіцыйным вынікам выбараў. Ён кажа, што ўсе дні безвыходна назіраў за галасаваньнем на ўчастку, але вынікі яго папросту ашаламілі.

— Я сумленна вёў падлік тых, хто галасаваў, але ў выніку разыходжаньне з камісіяй у мяне — 341 голас. Паводле камісіі, у выбарах узялі ўдзел на 341 чалавек болей. Ну, і падлік галасоў вёўся так, што я нічога ня бачыў. Я, зразумела, падаў адпаведныя скаргі, як і належыць паводле заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG