Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральніца Натальля Гарачка: У Лукашэнкі быў няшчасны выгляд, як у дзяцей, у якіх адбіраюць цацку


Натальля Гарачка (зьлева) ня ўстала і не павітала Аляксандра Лукашэнку на выбарчым участку № 1. Фота: Сяргей Грыц.

Натальля Гарачка (зьлева) ня ўстала і не павітала Аляксандра Лукашэнку на выбарчым участку № 1. Фота: Сяргей Грыц.

«Мне прыйшлося ад імя ўсяго беларускага народа паказаць Лукашэнку адносіны да яго», — кажа Свабодзе назіральніца Натальля Гарачка, якая не ўстала і не павітала Аляксандра Лукашэнку на выбарчым участку № 1.

Ганна Соўсь: Ці адчулі вы, што сталі знакамітай пасьля дня галасаваньня, калі вы не павіталіся з Аляксандрам Лукашэнкам на ўчастку, ня ўсталі, калі ён падышоў да сябраў камісіі і назіральнікаў. Ваша старонка ў Фэйсбуку цяпер перапоўненая допісамі людзей, якія вітаюць, падтрымліваюць вас. Як вы адчуваеце сябе з такой вялікай увагай?

Любы грамадзянін Беларусі, які трапіў бы ў назіральную камісію, зрабіў бы тое ж, што і я.

Натальля Гарачка: Я лічу, што любы грамадзянін Беларусі, які трапіў бы ў назіральную камісію, зрабіў бы тое ж, што і я. Я не лічу, што зрабіла нешта цудоўнае. Гэта ўчынак любога беларуса, які разумее, што адбываецца ў Беларусі ў дадзены момант. У назіраньні на гэтым участку сядзяць падрыхтаваныя людзі, якія на ўсіх выбарах бываюць, і яны — знаёмыя сябраў камісіі. Яны працуюць разам, таму проста цуд, што я туды трапіла, што мяне адтуль не змаглі прыбраць. Майго напарніка прыбралі, а я засталася. І лічу, што я зрабіла тое, што павінна была зрабіць як грамадзянка Беларусі. Гэта нармальна.

Соўсь: На фота бачна, як Аляксандар Лукашэнка ўсьміхаецца вам, а вы проста сядзіце. А што было потым, пасьля фота? Як адрэагаваў Аляксандар Лукашэнка на такую вашую няўвагу да яго?

У яго быў такі выгляд, як у пакрыўджанага, няшчаснага дзіцяці.

Гарачка: У яго быў вельмі няшчасны выгляд. Здавалася, што ў адну хвіліну яго нечага пазбавілі. Так бывае ў дзяцей, у якіх адбіраюць нейкую цацку. У яго быў такі выгляд, як у пакрыўджанага, няшчаснага дзіцяці.

Соўсь: А як адрэагавалі сябры выбарчай камісіі? Што вам гаварылі пасьля гэтага?

Гарачка: Нічога не гаварылі, яны не маглі нічога сказаць. Бо іх рыхтавалі да гэтай сустрэчы, яны гэта ўжо рабілі раней і ў 2010, і ў 2006 годзе. Гэта тыя ж самыя людзі. Яны стаялі паўгадзіны да таго, як Лукашэнка прыйшоў у залю. Гэта была іхняя справа, а тое, што зрабіла я, было нечаканым, але мне нічога не сказалі.

Соўсь: Ці гэта былі першыя выбары, на якіх вы былі назіральнікам?

Гарачка: Я была назіральнікам на выбарах 2006 году і 2010 году, але не на гэтым участку, на іншых участках. Там здарылася, што я трапіла на гэты ўчастак і мне прыйшлося, я так думаю, ад імя ўсяго беларускага народа паказаць Лукашэнку адносіны да яго. Вось і ўсё.

Соўсь: Як вы думаеце, ці будуць нейкія наступствы ў дачыненьні да вас з боку ўладаў? Ці гэта можа адбіцца на вашай сям’і, на вашай працы?

Улада баіцца тых, хто не баіцца, і ня любіць тых, хто любіць яе.

Гарачка: Я думаю, што нічога яны рабіць ня будуць, бо ёсьць вельмі цікавая фраза: улада баіцца тых, хто не баіцца, і ня любіць тых, хто любіць яе. Такіх людзей як я ня мае сэнсу чапаць. Мяне ўжо звольнілі 17 лютага з працы за тое, што я паказала начальніку ідэалягічнага аддзелу Ленінскага райвыканкаму відэа з Данбасу. Я працавала ў страхавой кампаніі «Промтрансінвэст», наш офіс быў на Карла Маркса 26. Я працую цяпер паводле працоўнай дамовы, таму мяне ніхто і неадкуль цяпер ня можа звольніць. Я працую на сябе. На ўчастак мяне накіраваў незалежны прафсаюз РЭП. Я працую таксама ў праваабарончым цэнтры «Прававая дапамога насельніцтву» разам з Алегам Воўчакам. Мы стварылі грамадзянскую ініцыятыву «Беларускі крок» і мы дапамагаем украінцам чым можам. Я была назіральнікам на Майдане ў 2013 годзе.

Соўсь: Ці вас калі-небудзь затрымлівалі?

Гарачка: Не. Мае дзеці былі ў 2006 годзе на Плошчы трое сутак. Я ім дапамагала, але я яшчэ дапамагала дзецям дома. У мяне чацьвёра дзяцей. Мяне не затрымлівалі.

Соўсь: Вы былі назіральнікам. Афіцыйныя лічбы мы ведаем. А па вашых назіраньнях, як разьмеркаваліся галасы на вашым участку?

700 чалавек мы быццам бы не заўважылі зь іншымі назіральнікамі.

Гарачка: На нашым участку большасьць галасавала, канечне, за Лукашэнку. Гэта я дакладна кажу. Але калі ў дні датэрміновага галасаваньня нашыя лічбы з лічбамі камісіі амаль супалі (у мяне — 647 галасоў, а ў камісіі — 657 галасоў), то ў дзень асноўнага галасаваньня лічбы былі вельмі розныя. Мы налічылі 721 чалавека і двух, якія прагаласавалі дома. Агульная лічба прагаласаваўшых у нас была 1370 чалавек. А ў камісіі была лічба 2 053 чалавекі. Атрымліваецца, што амаль 700 чалавек мы быццам бы не заўважылі зь іншымі назіральнікамі.

Соўсь: Ці вы будзеце апратэстоўваць афіцыйныя дадзеныя камісіі?

Гарачка: Так, мы гэта апратэстуем. Мы прыкладзем фотаздымкі, якія я зрабіла. Стос нявыкарыстаных бюлетэняў быў большы, чым стос выкарыстаных, а потым яны зьніклі.

Натальля Гарачка займаецца грамадзкай дзейнасьцю з 1996 году. З 2000-га актыўна ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту. Праваабаронца Алег Воўчак прыгадаў тэлеканалу «Белсат»: «Жанчына, якая спыняе мікрааўтобус, у які невядомыя запіхваюць удзельнікаў «маўклівага пратэсту» – менавіта Натальля. Яна ішла з крамы з торбамі і вырашыла праявіць актыўнасьць, рызыкуючы жыцьцём», – кажа Алег Воўчак.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG