Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч ня лічыць, што Лукашэнка перамог і будзе абскарджваць вынікі выбараў. АБНАЎЛЯЕЦЦА


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Апазыцыйная кандыдатка на выбарах прэзыдэнта Тацяна Караткевіч заявіла, што яна не віншавала Лукашэнку і ня лічыць, што ён перамог: «Ну якая перамога?»

«Сёньня мы ведаем, што тых, хто хоча перамен, — шмат, вельмі шмат. Але ўлада гэтага не прызнае і хоча схавацца за лічбамі, якія дае Цэнтравыбаркам», — сказала Тацяна Караткевіч на прэсавай канфэрэнцыі па выніках учарашніх выбараў.

Паводле яе словаў, лічбы Цэнтравыбаркаму не супадаюць з дадзенымі назіральнікаў кампаніі «Права выбару».

Караткевіч перакананая, што 20–30% грамадзян прагаласавалі за перамены, што ёй удалося дастукацца да тых, хто ніколі не галасаваў.

«Сёньня ёсьць магчымасьць прызнаць толькі вынікі Ўлаховіча і Гайдукевіча, але я карэнным чынам ня згодная з вынікамі, якія прадстаўленыя за Караткевіч і Лукашэнку. У нас вялікія сумневы, што гэта праўдзівыя лічбы. Мы кажам сёньня пра тое, што, паводле назіральнікаў, я сабрала на розных участках ад 10 да 35%, але не сабрала большасьці. Назіральнікі зафіксавалі, што і за яго таксама людзі галасавалі – гэта таксама трэба прызнаць. Я не прызнаю вынікаў гэтых выбараў і таму не магу прызнаць перамогу Аляксандра Лукашэнкі».

Апрача таго, цягам сваёй кампаніі яна разам зь сябрамі каманды актуалізавала тэму расейскай вайсковай базы і прымусіла ўладу сказаць, што яна не патрэбная.

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў падчас прэсавай канфэрэнцыі

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў падчас прэсавай канфэрэнцыі

Караткевіч прызнала, што за Лукашэнку прагаласавала ўсё ж больш, чым за яе, але ўлада скажонымі лічбамі сама сапсавала вынік:

Мы будзем працаваць на тое, каб рэформы працягваліся.

«Мы будзем працаваць на тое, каб рэформы працягваліся, — заявіла палітык. — Будзем рыхтаваць форум «За мірныя перамены» і прыступаем да фармаваньня кандыдацкага сьпісу «За мірныя перамены».

На пытаньне, ці будзе абскарджваць вынікі выбараў, Караткевіч адказала:

«Так, для гэтага ёсьць падставы».

Кіраўнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзьмітрыеў пацьвердзіў гэты намер, спаслаўшыся на зьвесткі назіральнікаў з ініцыятывы «Права выбару» і кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«На іх будзем грунтавацца»,— сказаў Дзьмітрыеў.

На пытаньне, з кім з апазыцыі яна будзе далей супрацоўнічаць, Караткевіч адказала:

У нас ёсьць стратэгія, і мы адкрытыя для таго, каб ісьці разам. Хай далучаюцца, але ўдзельнічаць у парожніх размовах мы не зьбіраемся.

«У нас ёсьць стратэгія, і мы адкрытыя для таго, каб ісьці разам. Хай далучаюцца, але ўдзельнічаць у парожніх размовах мы не зьбіраемся».

На пытаньне, ці падтрымае яна намер Захаду зьняць санкцыі зь беларускіх уладаў, Караткевіч адказала:

«Пакуль яшчэ няма рашэньня, але ў цэлым мы за тое, каб у нас былі збалянсаваныя міжнародныя адносіны і разьвіваліся адносіны і з краінамі Захаду і Эўразьвязу. Калі зьняцьце санкцыяў будзе садзейнічаць таму, што ў нас зьявяцца новыя эканамічныя партнэры, новыя культурныя і адукацыйныя сувязі, мы, канечне, выступаем за, бо гэта крок насустрач мірным пераменам. Але, зь іншага боку, калі гэта будзе неаб'ектыўнае рашэньне, калі гэта будзе толькі падаўжаць палітычную кар'еру майго канкурэнта, тады — ня вельмі. Бо ўсё ж важна разумець, што Эўропа – гэта ня толькі магчымасьць знайсьці новых партнэраў. Гэта таксама дэмакратычныя каштоўнасьці, на якіх яна была пабудаваная. І вельмі важна, каб гэтыя каштоўнасьці рэалізоўваліся на практыцы ў адносінах зь Беларусьсю».

На пытаньне пра выбар Беларусі паміж Захадам і Ўсходам Караткевіч адказала:

«На жаль, мапу зьмяніць не магу, Беларусь заўсёды будзе заставацца паміж Эўропай і Расеяй. Улада заўсёды ігнаравала меркаваньні людзей, але цяпер у нас ёсьць падставы казаць, што 20-30%, якія мяне падтрымалі, — яны за эўрапейскі выбар. Гэта ўлады мусяць улічваць».

Журналісты запыталі экс-кандыдатку, якія былі памылкі яе выбарчай кампаніі. Тацяна Караткевіч адказала:

Самай галоўнай памылкай было тое, што мы доўга чакалі адзінага кандыдата. Быў позьні старт.

«Самай галоўнай памылкай было тое, што мы доўга чакалі адзінага кандыдата. Быў позьні старт».

Андрэй Дзьмітрыеў дадаў, што каманда не змагла дагрукацца да той колькасьці людзей, якая б была пераможнай:

«Часу для таго, каб раскачаць грамадзтва, трэба больш. Каля 35 мільёнаў беларускіх рублёў было атрымана на выбарчы рахунак, яшчэ каля 100 мільёнаў — празь іншыя формы дапамогі. Гэта гучыць добра, але насамрэч мала. Але людзі павінны разумець, што толькі гэтак, празь іх падтрымку можна весьці палітыку».

На пытаньне, чаму Караткевіч ня будзе заклікаць на плошчу для пратэстаў, яна адказала:

«Бо ёсьць іншыя шляхі, праз абскарджваньні, судовы шлях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG