Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няўжо ўлада ня ўпэўненая ў сваёй перамозе?» — назіральнік з глыбінкі


У райцэнтры Дрыбін, што на Магілёўшчыне, не засталося ніводнага незалежнага назіральніка. Жыхар райцэнтру Андрэй Юркоў адмовіўся заставацца на ўчастку для галасаваньня, пасьля таго як, кажа, яго напарнік пад ціскам кіраўніцтва прадпрыемства, на якім працуе, адклікаў сваю заяву пра ўдзел у назіраньні.

Юркоў зарэгістраваўся назіральнікам ад руху БНФ «Адраджэньне», а ягоны напарнік — ад руху «За свабоду».

«Я знайшоў сабе памочніка, каб разам паназіраць за ходам галасаваньня ў дзень выбараў, — апавядае Андрэй Юркоў. — Але напярэдадні мой напарнік заявіў: у яго праблемы на працы. Яму параілі напісаць заяву, каб не рызыкаваць працоўным месцам. Гэтак я застаўся адзін. Каб мы былі ўдваіх, то гэта было б паўнавартасным назіраньнем. А калі адзін, то пра якое назіраньне можа ісьці гаворка?»

Актывіст называе яшчэ адну акалічнасьць, якая, на ягоную думку, робіць назіраньне ў дзень выбараў бессэнсоўным.

«Датэрмінова на ўчастку прагаласавала пяцьдзясят працэнтаў выбарцаў. Мяне гэта зьдзівіла. Я нават правёў невялікі экзыт-пол сярод моладзі. Маладыя людзі як адзін заяўлялі: галасавалі за дзейнага прэзыдэнта. Аргумэнтавалі свой выбар тым, што кватэры пабудавалі, машыны набылі, якая-ніякая праца ёсьць».

Паводле Андрэя Юркова, за ўсе гады, што ён назірае за выбарамі, ён ня бачыў такой актыўнасьці выбарцаў. Актывіст кажа: гэтаму дзівілася нават выбарчая камісія.

«Зразумела, што працуе адміністрацыйны рэсурс, што тут паробіш. Але ня ўцямлю, чаму такі ціск на незалежных назіральнікаў? Няўжо ўлада ня ўпэўненая ў сваёй перамозе?», — бянтэжыцца Андрэй Юркоў.

«Быць назіральнікам я лічу маім грамадзянскім абавязкам, — кажа ён. — Было таксама цікава даведацца, колькі ж людзей прыйдзе галасаваць у дзень выбараў. Гэтага нам не далі зрабіць, бо як упільнаваць аднаму галасаваньне? Кажуць — байкот, але які байкот? Сядзець кожнаму на сваёй дзялянцы? Мне падаецца, калі лічыш сябе грамадзянінам і не ідзеш галасаваць, дык хоць паназірай за галасаваньнем іншых», — кажа Андрэй Юркоў.

Суразмоўца зазначае, што ён напісаў заяву, якою зьвінаваціў адказных за выбары асобаў у зрыве незалежнага назіраньня ў Дрыбіне.

XS
SM
MD
LG