Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная прэса пра беларускія выбары: «разьлічвае працягнуць», «гатовыя пераабраць», «будзе пераабраны»


Kyrgyzstan -- press, newspapers
Kyrgyzstan -- press, newspapers

Якую карціну беларускіх выбараў малюе прэса за мяжой? Свабода прыводзіць цытаты з артыкулаў замежных СМІ пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі шмат якія замежныя СМІ вырашылі распавесьці пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Некаторыя, як Deutche Welle, згадваюць пра «глыток сьвежага паветра» напярэдадні выбараў, іншыя, як Al Jazeera, даюць слова самім беларусам, «галасам надзеі і апатыі». Расейскія англамоўныя прапагандысты трымаюцца нэўтральнай пазыцыі. У перамозе Лукашэнкі не сумняецца ніхто: адны лічаць, што ў Лукашэнкі няма канкурэнтаў, іншыя кажуць пра аднаго канкурэнта, які ня зможа дамагчыся другога туру.

Reuters: Беларусь гатовая пераабраць «апошняга дыктатара Эўропы»

«Пераабраньне Лукашэнкі пяць год таму прывяло да масавых пратэстаў і зьняволеньня лідэраў апазыцыі, але падтрымка ягонага 20-гадовага рэжыму ўзмацнілася пасьля таго, як ён абвясьціў сябе абаронцам стабільнасьці ў адказ на эканамічны крызіс і канфлікт з прарасейскімі сэпаратыстамі ў суседняй Украіне.

Захад доўгі час ставіўся да Лукашэнкі як да ізгоя, называў яго „апошнім дыктатарам Эўропы“ за праблемы з правамі чалавека і жорсткасьць адносна палітычных дысыдэнтаў, увёў эканамічныя санкцыі супраць некаторых беларускіх афіцыйных асобаў і кампаніяў. Тым ня менш ягоная крытыка анэксіі Расеяй украінскага Крыму ў мінулым годзе, вядзеньне ўкраінскіх мірных перамоў і памілаваньне шасьці апазыцыйных лідэраў у жніўні паказваюць, што ён хоча паляпшэньня адносін з Захадам, кажуць назіральнікі.

Эўрапейскі Зьвяз здыме санкцыі зь Беларусі, у тым ліку асабіста з Лукашэнкі, на чатыры месяцы пасьля выбараў у нядзелю, калі ў апошні момант ня здарыцца пералому, паведамілі крыніцы з дыпляматычных колаў у пятніцу. Шырэйшы рынак экспарту адкрыецца для Беларусі, чыю эканоміку сёлета патрапала падзеньне валюты Расеі, ключавога эканамічнага партнэра [Беларусі] і крыніцы грашовых пераводаў ад працоўных мігрантаў».

The Independent: Падобна, што апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка будзе пераабраны

«Нягледзячы на зьяўленьне альтэрнатыў спадару Лукашэнку, які быў прэзыдэнтам 21 год, у асобах спадароў Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча зь Беларускай патрыятычнай партыі, выбары ў нядзелю шмат хто лічыць фарсам.

Лукашэнка сам называе сябе аўтарытарным лідэрам. Большая частка беларускіх апазыцыйных партыяў адмовіліся ад удзелу ў выбарах, і толькі адзін з чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты, малавядомая палітычная актывістка Тацяна Караткевіч з партыі „Гавары праўду“, ня лічыцца чалавекам з калоды Лукашэнкі.

Прыхільнік мадэрнізацыі і „мірных пераменаў“, спадарыня Караткевіч лічыць Лукашэнку адказным за перашкоды разьвіцьцю. Але апазыцыя падзялілася на прыхільнікаў байкоту і прыхільнікаў Караткевіч, а вайна ў суседняй Украіне ўмацавала падтрымку Лукашэнкі, і атмасфэра зьмянілася на яго карысьць».

Agence France-Presse: Беларусь галасуе, Лукашэнка разьлічвае працягнуць 21-гадовае панаваньне

«Апошні дыктатар Эўропы, 61-гадовы Лукашэнка, фанабэрысты былы старшыня калгасу, кіруе ўсходнеэўрапейскай краінай бяз выхаду да мора, блізкім саюзьнікам Расеі, з 1994 году. Ужываючы савецкі кантроль над эканомікай і саджаючы палітычных апанэнтаў, Лукашэнка здабывае пэўную падтрымку за свой запанібрацкі, адкрыты стыль і ўстойлівасьць свайго рэжыму, што робіць яго самым доўгатрывалым лідэрам Эўропы.

Вынікі выбараў крыху выклікаюць сумнеў, асабліва калі ўлады мабілізавалі людзей на масавае папярэдняе галасаваньне — як мінімум 36% электарату паводле афіцыйных зьвестак. <...> Міжнародныя назіральнікі АБСЭ назіраюць за галасаваньнем, але асноўная частка апазыцыі кажа, што Лукашэнка ўжо сфальсыфікаваў бюлетэні, прыбраўшы адтуль апазыцыйных лідэраў. Лукашэнку процістаяць тры віртуальныя невядомыя асобы. Толькі адна зь іх, Тацяна Караткевіч, паклапацілася правесьці кампанію. Як адзіная альтэрнатыва для прыхільнікаў апазыцыі, 38-гадовая Караткевіч добра паказвае сябе паводле апытаньняў, але нават яе каманда сумняецца, што яна можа прымусіць правесьці другі тур выбараў…».

Associated Press: Выбарцы ў Беларусі гатовыя даць Лукашэнку пяты прэзыдэнцкі тэрмін

«Яшчэ да таго, як у былой савецкай рэспубліцы адкрыліся выбарчыя ўчасткі, ЦВК абвясьціў, што 36% з 7 мільёнаў зарэгістраваных выбарцаў аддалі свае галасы цягам пяці дзён датэрміновага галасаваньня. Лідэры апазыцыі асудзілі датэрміновае галасаваньне як дасканалы інструмэнт для фальсыфікацыі вынікаў.

Лукашэнка сказаў, што гэта было б дрэнным знакам, калі ён атрымае менш галасоў, чым на папярэдніх выбарах у 2010 годзе, калі ён выйграў з 79,65%. <...> Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў вызначыў падтрымку Лукашэнкі як 46% у верасьні, тым часам афіцыйны дзяржаўны сацыялягічны інстытут палічыў яго падтрымку роўнай 76%. <...>

Лукашэнка ў значнай меры захаваў падкантрольную дзяржаве эканоміку савецкага тыпу, хоць і не без дапамогі таннага расейскага газу і заходніх крэдытаў. Нерэфармаваная эканоміка хоць і буксуе, але ўсё яшчэ корміць пэнсіянэраў і рабочых стратных дзяржаўных заводаў. <...> Лукашэнка сказаў, што гатовы прадставіць эканамічныя рэформы, калі беларусы будуць гатовыя да цяжкасьцяў, якія прыйдуць разам зь імі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG