Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Участак № 1 для галасаваньня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры і спорту ад раніцы больш нагадваў умацаваную крэпасьць, чым навучальную ўстанову. Тут чакалі самых галоўных выбарцаў краіны — Аляксандра Лукашэнку і ягонага малодшага сына Мікалая.

Тыя, хто захацеў выканаць свой грамадзянскі абавязак раней за іншых, магчыма, і пашкадавалі пра пасьпешлівасьць. Яны мусілі прайсьці даволі прыніжальную працэдуру падвойнага ператрусу — спачатку на подступах да будынку, а потым пры ўваходзе. Гэтак працягвалася да паўдня, пакуль Лукашэнка не прагаласаваў і ня зьехаў, паразмаўляўшы яшчэ гадзіну з журналістамі.

Журналісты ў чарзе на агляд

Журналісты ў чарзе на агляд

Акрэдытаваным прадстаўнікам СМІ загадалі прыехаць на месца не пазьней за 9.00: тыя ж кардоны, уважлівае супастаўленьне са сьпісам, пераварочваньне сумак. У гэты ж час на пазадарожніку «Кадзілак» і мікрааўтобусе «Фольксваген» прыбылі два дзясяткі чалавек са зброяй і ў бронекамізэльках: палова прайшла ў будынак, іншыя разьмеркаваліся па пэрымэтры. Гэта ня кажучы пра вялізную колькасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, якіх выдавала бесьперапыннае шыпеньне рацыяў з-пад куртак.

Спэцназаўцы-снайпэры

Спэцназаўцы-снайпэры

Прадстаўнікоў мэдыяў адразу ж падзялілі: фота- і відэабрыгаду пакінулі ля дзьвюх адносна празрыстых скрыняў пры ўваходзе, іншых, не абцяжараных апаратурай, сабралі ў асобнай залі. З гэтай прычыны сагнаныя ў «рэзэрвацыю» так і не пабачылі моманту галасаваньня Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў — сэк’юрыці ўважліва сачылі, каб адфільтраваныя групы не перамешваліся.

Фота- і відэабрыгада

Фота- і відэабрыгада

Зрэшты, яшчэ да прыезду бацькі і сына, калі градус пільнасьці ахоўнікаў быў не такі высокі, удалося выбрацца на лякальную экскурсію. Найбольш шматлюдна было ў буфэце, куды пасьля запаўненьня бюлетэняў звыкла рушылі законапаслухмяныя грамадзяне. Тут прадаваліся самыя розныя алькагольныя напоі без нацэнкі (ад сухога віна і марціні да гарэлкі і каньяку), дэсэрты на розны густ і па сьмешных коштах, вэнджаныя парасяты, рыбныя стравы, упрыгожаныя ракамі. Асабліва гаспадарлівыя нават маглі закупіцца агуркамі, памідорамі, бульбай ды бананамі.

Алькаголь без гандлёвай нацэнкі

Алькаголь без гандлёвай нацэнкі

Кабанчык на пару з ракамі

Кабанчык на пару з ракамі

Дэсэрты амаль задарма

Дэсэрты амаль задарма

Гаспадыням оптам і ўраздроб

Гаспадыням оптам і ўраздроб

Сярод тых, хто вырашыў перакусіць безь пераплаты, трапляліся знаёмыя твары: спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі, чэмпіён сьвету ў тайбоксе Зьміцер Валент ды іншыя. З дынамікаў гучалі патрыятычныя песьні, а бліжэй да сярэдзіны дня пачала падцягвацца самадзейнасьць.

Камэнтатар Уладзімер Навіцкі з кітайскімі журналістамі

Камэнтатар Уладзімер Навіцкі з кітайскімі журналістамі

Аляксандар Лукашэнка прыехаў пасьля 11-й, павітаўся зь сябрамі ўчастковай камісіі і пайшоў рабіць выбар у імправізаваную кабінку з сынам Мікалаем. Той, як і ў ранейшыя выбарчыя кампаніі, сам апускаў паперку ў скрыню.

Лукашэнка замест 5 хвілін гаварыў гадзіну

Лукашэнка замест 5 хвілін гаварыў гадзіну

На гутарку з журналістамі кандыдат у прэзыдэнты прыйшоў ужо без малога і замест плянаваных 5 хвілін гаварыў гадзіну. Пра ўсё: неэфэктыўнасьць заходніх санкцыяў, штучнасьць тэмы расейскіх авіябазаў у Беларусі, вечнае сяброўства з Украінай і нават гатовасьць уладкаваць у дзяржаўныя органы сваіх канкурэнтаў. Пасьля таго як ён зьехаў, прадстаўнікоў СМІ яшчэ з паўгадзіны трымалі далей ад прэзыдэнцкага эскорту.

Скрыні для галасаваньня калі і празрыстыя, то ўмоўна

Скрыні для галасаваньня калі і празрыстыя, то ўмоўна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG