Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Хочацца пераменаў, каб не было гэтак сумна, як цяпер», — выбары ў Магілёве


Незалежныя назіральнікі ў Магілёве заяўляюць пра вялікія разьбежкі ў падліках тых, хто прагаласаваў, зь лічбамі ўчастковых камісіяў. Тым часам ва ўчастковых камісіях сьцьвярджаюць: прэтэнзіяў да іхняй працы з боку назіральнікаў няма.

Каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару — 2015» па Магілёўскай вобласьці Алег Аксёнаў заяўляе: незалежныя назіральнікі падалі больш за сотню скаргаў на факты парушэньняў участковымі камісіямі выбарчага заканадаўства. Паводле актывіста, разьбежка ў падліках тых, хто прагаласаваў, паміж зьвесткамі назіральнікаў і ўчастковых камісіяў складае ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў. «Ідуць укіды ды прыпіскі, — заяўляе Аксёнаў.

«Нашы назіральнікі, — кажа Аксёнаў, — ад самага пачатку сядзяць на ўчастках і фіксуюць кожнага чалавека. З кожным днём разьбежка ў падліках узрастала. Спачатку розьніца была ў некалькі чалавек, потым у некалькі дзясяткаў, і вось цяпер яна даходзіць да некалькіх сотняў на асобных участках. Нашым назіральнікам камісіі ўжо не даюць прамежкавых вынікаў галасаваньня. Па Магілёўскай вобласьці мы закрываем 108 участкаў».

На выбары, як на сьвята

На выбары, як на сьвята

На адным з участкаў для галасаваньня ў Магілёве незалежны назіральнік Аляксей Колчын у гутарцы з журналістам выказаў прэтэнзіі да працы камісіі. Паводле яго, камісія не агалошвае статыстычныя зьвесткі пра выбарцаў на ўчастку. Назіральнік, аднак, не пісаў скаргаў.

«Чамусьці камісія ня хоча падзяліцца са мной лічбамі пра колькасьць выбарцаў на ўчастку, тых, хто пажадаў прагаласаваць дома, а таксама пра колькасьць атрыманых бюлетэняў. Нават пра назіральнікаў на ўчастку ня хоча нічога сказаць. Чамусьці гэта таямніца. Гэта ўсё стварае атмасфэру недаверу. Наагул не разумею, навошта гэта робіцца. Пра гэтыя лічбы я ўсё роўна даведаюся ў выніковым пратаколе. Але не разумею, чаму гэтага не сказаць адкрыта», — наракае назіральнік.

Выбарчы канцэрт. Нешматлюдна

Выбарчы канцэрт. Нешматлюдна

Ва ўчастковых камісіях адмаўляюць, што да іхняй працы ёсьць прэтэнзіі з боку назіральнікаў. Пра гэта заявілі на некалькіх участках, дзе пабываў журналіст на працягу асноўнага дня выбараў.

«Ніводнай прэтэнзіі да працы камісіі ў мяне няма. Ні пісьмовай, ні вуснай. Прынамсі, ніводнай не зарэгістравана», — заявіла старшыня ўчастковай камісіі, дзе за ходам галасаваньня назірае Аляксей Колчын.

Якія выбары без шашлыку?

Якія выбары без шашлыку?

Яшчэ адна старшыня камісіі заявіла: «Прэтэнзіяў няма. У нас зарэгістраваныя назіральнікі ад БРСМ, „Белай Русі“ і іншых арганізацыяў».

Амаль на ўсіх участках для галасаваньня, дзе давялося пабываць, былі назіральнікі ад прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. У іх прэтэнзіяў да працы ўчастковых камісіяў сапраўды не было.

«Мы ад моманту адкрыцьця ўчастку, і парушэньняў пакуль ня бачылі. Нас запрасілі на апячатваньне урнаў. Прадэманстравалі, што яны пустыя. На нашых вачах прагаласавалі ўжо сотні дзьве чалавек», — сказала назіральніца ад «Белай Русі».

І выпіўкі

І выпіўкі

Некаторыя выбарцы ішлі галасаваць сем’ямі. Ля сталоў камісіі часам утваралася чарга.

«Вось каб прыехалі на паўгадзіны раней, дык у нас чарга была, — заяўляе старшыня адной з участковых камісіяў. — На нашым участку галасуюць людзі ва ўзросьце. Вы ж бачыце, людзі ідуць у асноўным пажылога веку».

Пасьля галасаваньня людзі сьпяшаліся альбо ў буфэты, альбо на кірмашы. Тавары там прадавалі без нацэнак. Для тых, хто хацеў адзначыць выбары з алькаголем, каля гандлёвых павільёнаў выставілі сталы. Непадалёк забаўляліся дзеці.

Чарга з ахвотнікаў прагаласаваць на адным з участкаў

Чарга з ахвотнікаў прагаласаваць на адным з участкаў

На пытаньні, якая будзе будучыня пасьля выбараў і ці варта чакаць зьменаў, выбарцы адказвалі неахвотна. Мала хто зь іх называў кандыдатаў, за якіх аддалі галасы:

«Хутчэй за ўсё, у горшы бок сытуацыя будзе разьвівацца. Цяперашні прэзыдэнт, відаць, пажыцьцёва будзе пры ўладзе, — мяркуе малады магілёвец. — Цяперашняя ўлада зжыла сябе. Людзі гэта разумеюць, на кухні пра гэта гавораць. У эканоміцы трэба рэформы праводзіць. У палітыцы таксама. Час вызначацца: альбо мы з Эўропай, альбо з Расеяй. Альбо нэўтральныя наагул будзем».

З раніцы ішлі пажылыя галасаваць

З раніцы ішлі пажылыя галасаваць

«Наступны дзень пасьля выбараў будзе такі, як і цяпер — квітнеючы, — заяўляе мужчына сярэдняга веку. — У нас жа цяпер ёсьць разьвіцьцё нейкае. Горшага ня будзе, заняпаду пакуль у нас не было. Я галасаваў за Лукашэнку».

«Заробак хацелася б большы, — адказвае маладая жанчына. — Хочацца пераменаў, каб не было гэтак сумна, як цяпер. Але я ў казку ня веру. Усё застанецца як раней. Усё роўна правіць застанецца ён».

Кірмашу не арганізавалі, але гандаль забясьпечылі

Кірмашу не арганізавалі, але гандаль забясьпечылі

XS
SM
MD
LG