Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарчых участках у Горадні шматлюдна, але атмасфэры сьвята не адчуваецца


Асабліва значны наплыў выбарцаў можна было назіраць у новых мікрараёнах, дзе ў адной школе па чатыры і нават пяць выбарчых участкаў.

На выбарчых участках у Горадні асабліва з 11-й да 14-й гадзіны, шматлюдна, але атмасфэры сьвята і радасьці не адчуваецца.

Асабліва значны наплыў выбарцаў можна было назіраць у новых мікрараёнах, дзе ў адной школе па чатыры і нават пяць выбарчых участкаў. Адны заходзяць, іншыя выходзяць, у фае тоўпяцца перад распродажам сувэніраў, грыміць музыка, шмат людзей у буфэтах, нехта ўжо слухае канцэрт у актавай зале.

Вось першы выбарца, у якога цікаўлюся — чаго ён чакае ад выбараў. Мужчына сярэдняга веку кажа, што ніякіх пераменаў не чакае. Думае, што пасьля выбараў эканамічная сытуацыя ў краіне толькі пагоршыцца:

— Папраўдзе, я галасаваў супраць усіх, бо 20-гадовы прэзыдэнт ужо ўсё паказаў, што мог паказаць, а гэта не зусім цікава. І тыя кандыдаты, якія зараз вылучыліся разам зь ім, — яны не кандыдаты, а проста фон...

Мужчына перадпэнсійнага веку кажа мне, што ў яго яшчэ цепліцца надзея на зьмены, і таму ён тут і ўжо прагаласаваў.

— Каб была стабільнасьць у Беларусі, была праца і не было вайны.

Маладая сям’я з малым дзіцём кажа, за што яны галасавалі і чаго чакаюць ад выбараў:

— Хацелася б, каб было лепей у нашай краіне, каб праца была і заробкі годныя былі, каб жыцьцё наагул было цікавейшае, каб для дзяцей нашых было больш самых розных заняткаў і каб гэта ўсё было даступным для іх.

Некаторыя выказваюцца і больш адкрыта.

Жанчына сярэдняга веку: «Хочацца ўжо ўсяго разам: і заробкаў, і працы, і правоў народу, дэмакратыі — ужо пара рухацца наперад, бо занадта шмат часу мы топчамся на месцы. У мяне, на жаль, няма цяпер адчуваньня ніякіх зьменаў у краіне...

Яшчэ адна жанчына сярэдняга веку кажа ў мікрафон, нават не даслухаўшы майго пытаньня:

— Лепшага жыцьця хочацца, каб цэны не расьлі, каб заробкі былі вышэйшыя, каб жыльлё было больш даступнае. І людзі ідуць, бо хочуць лепшага жыцьця...

Яе дапаўняе мужчына сярэдняга веку:

— Хочам, каб палепшылася жыцьцё, можа, урэшце стане лепей жыць, бо цяпер цяжка, цэны высокія. Хаця гэта толькі спадзяваньні, але наўрад ці што зьменіцца.

Каардынатар назіральнікаў ад кампаніі «Права выбару» на Гарадзеншчыне Сяргей Трафімчык кажа, што аб’ехаў шмат выбарчых участкаў ня толькі ў Горадні, але і па вобласьці. Ён распавядае, што пад пераменамі, пра якія кажуць людзі, маецца на ўвазе новы прэзыдэнт. Паводле яго, яму вельмі часта даводзілася чуць, што многія аддаюць свой голас за Тацяну Караткевіч.

Я пацікавіўся ў Трафімчыка — як ён патлумачыць лічбу ў 36% тых, хто прагаласаваў датэрмінова? У яго на гэта свае аргумэнты.

Сяргей Трафімчык

Сяргей Трафімчык

— Гэтая лічба яўна накручаная, бо на тых участках, дзе ёсьць нашы назіральнікі, няма нават і 20%. А наша кампанія ахоплівае прыблізна каля 15% усіх участкаў па краіне. Дадаць да гэтага яшчэ іншых дэмакратычных назіральнікаў... Я асабіста аб’ехаў больш за сто ўчасткаў: яўка на іх удвая ніжэйшая, чым там, дзе незалежных назіральнікаў не было. Гэта яўная накрутка яўкі выбарцаў.

Трафімчык дадае, што лічбу тых, хто прагаласаваў датэрмінова, накруцілі нездарма, бо ўлада гэтым разам спалохалася, што выбарцы аддадуць перавагу новаму кандыдату ў прэзыдэнты.

Алег Рамашкевіч

Алег Рамашкевіч

Каардынатар БСДП у межах кампаніі «Права выбару» Алег Рамашкевіч кажа, што ў яго склалася ўражаньне на гэтых выбарах, што сыстэма наагул сыплецца, бо парушэньняў выбарчага заканадаўства як ніколі шмат. Ён падае свае прыклады:

— Ну вось на адным участку назіральнікам даюць адну лічбу падчас датэрміновага галасаваньня, а праз пару дзён — іншую, зьменшаную на 500 чалавек, і кажуць, што гэта ўдакладненая лічба. Характэрная старая хвароба — не даюць інфармацыі шмат на якіх участках. Ёсьць выпадкі пагрозы назіральнікам: калі яны недзе зьмесьцяць інфармацыю на сайтах, то іх пазбавяць акрэдытацыі. Увогуле атмасфэра непразрыстасьці застаецца. На адным з выбарчых участкаў раптам выскачыла лічба: 216 чалавек захацелі галасаваць дома. Гэта неверагодная лічба, звыш 5% ад выбарцаў на ўчастку.

XS
SM
MD
LG