Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка пра расейскую базу: Яна нам ня трэба, але абмяркую з Пуціным


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дагэтуль не абмяркоўваў з кіраўніком Расеі пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ваеннай авіябазы, але гатовы «абараняць расейскую зямлю».

Такія заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў сёньня, адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля галасаваньня на выбарчым участку №1 у Менску.

«Калі Расея бачыць, чаго мы ня бачым (хоць мы бліжэй да Захаду, бачым больш, чым Расея), то Расея нам скажа. Можа, мы ў нечым памыляемся», — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Лукашэнка кажа, што Беларусі базы не патрэбныя.

«Я ваяваць не хачу, але, ня дай бог, прыйдзецца, рэч ня ў базах, рэч у тым, што мы да сьмерці, як гэта калісьці было, будзем з расейцамі, з рускімі людзьмі і ўсімі тымі, хто хоча нас падтрымаць, стаяць тут да сьмерці, у Беларусі. Скажыце, для таго, каб цяпер забясьпечыць вось гэтыя ўмовы, нам патрэбная нейкая база, асабліва вайскова-паветраных сіл? Што вырашаюць самалёты, якія будуць перабазаваныя з Расеі, дапусьцім, на нейкі беларускі аэрадром?»

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, калі Расея пагодзіцца перадаць Беларусі полк самалётаў, то там будуць беларускія пілёты.

Пры гэтым Лукашэнка сказаў пра гатоўнасьць «абараняць расейскую зямлю».

«Самалёты, нават калі гэта будзе кагорта, не астудзяць натаўскія галовы. А ракеты — так. Таму СПА і ракетныя сыстэмы, магутныя, ударныя, якія будуць выкарыстаныя для абароны Беларусі і Расеі, таму што гэта наша зона адказнасьці. Вы павінны ведаць, што калі вы нам скажаце, што вы захочаце ваяваць са сваёй тэрыторыі з Расеяй, вы нам скажаце: вы, маўляў, беларусы, ні пры чым, мы будзем зь імі ваяваць, — нават нам не кажыце, мы адразу ж пачнём супраць вас вайну. У нас пагадненьне, дагавор з Расеяй. Мы будзем абараняць тут, у Беларусі — не ва Ўкраіне, ня ў Сырыі, ня недзе там на поўдні — а тут мы абавязаныя абараняць расейскую зямлю. Празь некалькі дзён нас будуць падмацоўваць і самалёты, і крылатыя ракеты, і іншае з расейскага боку».

19 верасьня на сайце Крамля зьявілася афіцыйнае паведамленьне пра распараджэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, якое тычыцца авіябазы ў Беларусі. «Прыняць прапанову ўраду Расеі аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — сказана на сайце прэзыдэнта Расеі.

XS
SM
MD
LG