Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарнік прыйшоў на ўчастак і высьветліў, што ўжо прагаласаваў датэрмінова


Георгі Пінчук апісвае сытуацыю, якая адбылася зь ім на адным з выбарчых участкаў Менску. Калі малады чалавек прыйшоў галасаваць, выявілася, што насупраць ягонага прозьвішча ўжо стаіць подпіс і дата 7 кастрычніка.

Старшыня камісіі проста выправіў дату і абышоўся без камэнтару. Выбарніку выдалі бюлетэнь і ён змог прагаласаваць. Паводле Пінчука, скаргі ён не пісаў, а назіральнікаў на ўчастку не было.

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі – больш за 5,7 тысяч.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш як палова грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым на ўсіх ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніях з датэрміновым галасаваньнем – 2001, 2006 і 2010 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG