Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч у дзень выбараў носіць бульбу ў склеп


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікола Статкевіч плянуе сёньня сустрэцца зь беларускімі і замежнымі журналістамі, каб даць ім сваю ацэнку выбарчай кампаніі ў Беларусі:

«На ўчастак я не зьбіраюся — няма сэнсу, бо ў бюлетэні няма дэмакратычных кандыдатаў. Таму я вырашыў частку дня прысьвяціць хатнім справам — багата што запушчана па гаспадарцы. Жонка загадала бульбу ў склеп апусьціць — ёсьць чым заняцца. Увогуле з таго часу, як я на волі, быў вымушаны займацца ня хатнімі справамі, палітычнымі. Яшчэ адна частка будзе прысьвечаная журналістам — я учора даў на вуліцы восем інтэрвію, дык нават застудзіўся трохі. Але буду даваць іх і сёньня».

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч чалавек.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпісы выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю ў параўнаньні з усімі папярэднімі прэзыдэнцкімі кампаніямі 2001, 2006 і 2010 гадоў.

XS
SM
MD
LG