Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька будзе назіраць на «самым брутальным» участку


Анатоль Лябедзька (зьлева) на акцыі супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі
Анатоль Лябедзька (зьлева) на акцыі супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька галасаваць ня пойдзе, але зарэгістраваўся назіральнікам на выбарчым участку. Менавіта на гэтым участку назіральнік ад АГП, былы міліцыянт Мікола Казлоў, зафіксаваў галасаваньне «карусельшчыкаў»:

«Я пайду на самы гарачы, брутальны і мярзотны ўчастак Беларусі — нумар 24, на вуліцы Максіма Багдановіча, дзе днямі выдалілі назіральніка, сябра АГП Міколу Казлова, які прадухіліў галасаваньне гэтак званых „карусельшчыкаў“ — асобаў, якія галасуюць па некалькі разоў на розных участках. Учора на гэтым участку нават быў учынены фізычны напад на Міколу Казлова. Я буду там знаходзіцца ў якасьці назіральніка і фіксаваць парушэньні, якія будуць улічаныя ў агульнай справаздачы па назіраньні за выбарамі».

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся ў 8 гадзін раніцы і будуць працаваць да 20 гадзін.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч чалавек.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпісы выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю ў параўнаньні з усімі папярэднімі прэзыдэнцкімі кампаніямі 2001, 2006 і 2010 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG