Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі — пятыя прэзыдэнцкія выбары


11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся ў 8 гадзін раніцы і будуць працаваць да 20 гадзін.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагласаваць супраць усіх кандыдатаў.

Калі Лукашэнка пераможа на гэтых выбарах, ён узначаліць Беларусь у пяты раз, пачынаючы з 1994 году.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі — больш за 5,7 тысяч чалавек.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што зьяўляецца найбольшай колькасьцю ў параўнаньні з усімі папярэднімі прэзыдэнцкімі кампаніямі 2001, 2006 і 2010 гадоў.

Прадстаўнікі кампаніі па назіраньні за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заяўляюць, што фактычна датэрміноваe галасаваньне пераўтварылася ў норму, што не адпавядае патрабаваньням Выбарчага кодэксу. Таксама назіральнікі зафіксавалі шматлікія факты прымусу грамадзянаў да ўдзелу менавіта ў датэрміновым галасаваньні з боку адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ. Гэта паўтарыла нэгатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.

Таксама назіральнікі зафіксавалі выпадкі завышэньня яўкі на некаторых выбарчых участках. Па выніках назіраньня за датэрміновым галасаваньнем 48, 55% назіральнікаў кампаніі адзначылі несупадзеньне колькасьці людзей, якія прагаласавалі датэрмінова, прадстаўленых УВК, з дадзенымі назіральнікаў.

Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Вялічкін, а таксама некаторыя назіральнікі кампаніі «Права выбару 2015» былі неабгрунтавана пазбаўленыя акрэдытацыі на ўчастку.

«Практыка правядзеньня датэрміновага галасаваньня застаецца адной з сыстэмных праблемаў выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасьці для выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцыяў. У сувязі з гэтым рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ ў частцы зьменаў працэдур датэрміновага галасаваньня застаюцца актуальнымі», — паведамляецца ў справаздачы назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

XS
SM
MD
LG