Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За апошнія дваццаць год не было ніводнай выбарчай кампаніі, калі б у эканоміцы ўсё складвалася так кепска...»


Разважаючы пра цяперашнюю выбарчую кампанію, многія слухачы Свабоды азіраюцца назад, на апошнія больш як дваццаць гадоў, на працягу якіх цяперашняя ўлада ня раз праводзіла выбары і рэфэрэндумы. Пры ўсім вонкавым падабенстве гэтых кампаніяў ёсьць паміж імі і розьніца. Вось як пра гэта піша Аляксей Хоміч з Ваўкавыскага раёну (цытую ліст):

«Вось мне цікава: куды падзеўся ранейшы перадвыбарчы лёзунг Лукашэнкі — „За моцную квітнеючую Беларусь?“ Можа, лічыцца, што і „моцную“, і „квітнеючую“ мы ўжо пабудавалі? Дык нешта не відаць таго росквіту. Наадварот, куды ні кінь — усюды нейкі заняпад: прадпрыемствы прастойваюць альбо зачыняюцца, людзей выкідваюць на вуліцу, заробкі скарачаюць... Здаецца, за апошнія дваццаць год не было ніводнай такой кампаніі, калі б у эканоміцы складвалася ўсё так кепска.

А ў Лукашэнкі, глядзіце, цяпер новы лёзунг: „За будучыню незалежнай Беларусі!“ Вось табе маеш! Ці не ў Пазьняка ён яго пазычыў? І хто нас да гэтага заклікае? Ці ня той самы Лукашэнка, які напрыканцы 90-х гадоў так апантана будаваў „адзіную саюзную дзяржаву“ і гатоў быў здаць нас маскоўскаму Крамлю з усімі нашымі нетрамі? І здаў бы, каб састарэлы Ельцын прызначыў пераемнікам яго, а ня спрытнага белабрысага „кадэбэшніка“. Чаго толькі не бывае на гэтым сьвеце!», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксей Хоміч з Ваўкавыскага раёну.

Сапраўды, на нашых вачах за гэтыя два дзесяцігодзьдзі адбыўся круты разварот. Той самы Лукашэнка, які публічна смуткаваў пра распад СССР, абяцаў аднавіць усё, што было развалена ў Віскулях у 1991 годзе, і потым выступаў у ролі галоўнага аб’яднальніка ўсёй постсавецкай прасторы — спакваля памяняў ролю на супрацьлеглую. З саюзнай дзяржавай справы не пайшлі, з эканамічным росквітам — таксама. Цяпер Лукашэнка яўна прэтэндуе на месца ў нацыянальнай гісторыі як галоўны стваральнік і будаўнік незалежнай беларускай дзяржавы. Вось жа і акадэмік Рубінаў (колішні кіраўнік Савету Рэспублікі і адзін з галоўных афіцыйных ідэолягаў) на старонках галоўнай прэзыдэнцкай газэты днямі заявіў, што да 1994 году ніякай незалежнасьці Беларусі не было.

Няшмат знойдзецца ў Беларусі тых, хто сумняецца ў выніках выбараў, якія абвесьціць увечары 11 кастрычніка Лідзія Ярмошына. Наш даўні слухач Барыс Руцько зь Менску ў сваім лісьце нават прагназуе канкрэтную лічбу. Ён піша:

«Сьмешна назіраць за нашымі выбарамі. Асабліва за тымі асобамі, якія з сур’ёзным выглядам абмяркоўваюць шанцы супернікаў Лукашэнкі, праблему яўкі выбарцаў, нюансы агітацыйнай кампаніі. Адмыслова для тых, хто ўскладае на гэтыя выбары нейкія надзеі, паведамляю: 11 кастрычніка ўвечары Цэнтравыбаркам абвесьціць, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка перамог з ашаламляльным вынікам, набраўшы ад 83 да 89 працэнтаў галасоў. Ну, можа, будзе адхіленьне ў той ці іншы бок — да трох працэнтаў», —

— гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.

На мінулых выбарах (2010 году) афіцыйны вынік Лукашэнкі, абвешчаны Цэнтравыбаркамам, — больш як 79 працэнтаў галасоў.

Ад 75 да 83 працэнтаў вагаўся гэты паказьнік на ўсіх выбарах — за выключэньнем першага тура самых першых, у 1994 годзе, калі галасы яшчэ лічылі і быў дзейсны незалежны кантроль. Тады вынік Лукашэнкі быў — 44 працэнты «за».

Такім чынам, на гэтых выбарах прамежак ад 70 да 80 працэнтаў — найбольш рэальны.

Пра сваё стаўленьне да праблемы прымусовага датэрміновага галасаваньня выказваецца ў сваім лісьце на Свабоду Алена Сьпірыдовіч зь Менску. Яна піша:

«Ня трэба перабольшваць, шаноўная Свабода: ніхто нікога на датэрміновае галасаваньне на вяроўцы ня цягне. Ну вось як у нас у школе. Дырэктар на нарадзе ветліва папрасіў: калі можаце, прагаласуйце датэрмінова, бо ёсьць такое пажаданьне з раёну. Людзі, вядома, у асноўным паслухаліся. Ня бачу ў гэтым нічога страшнага. Нашы людзі ўвогуле дысцыплінаваныя.

Вядома, пераможа Лукашэнка. А хто яшчэ можа перамагчы? Астатнія — нейкія цьмяныя асобы, мы пра іх амаль нічога ня ведаем», —

— напісала ў сваім лісьце на Свабоду Алена Сьпірыдовіч зь Менску.

Вядома, спадарыня Алена, на галасаваньне бізунамі пакуль ня гоняць. Але як расцэньваць гэтыя так званыя «настойлівыя просьбы» з боку адміністрацыі, якая, дарэчы, павінна займацца зусім ня выбарамі, а сваімі непасрэднымі абавязкамі? І ці лёгка можа настаўнік адмовіць у гэтай просьбе таму самаму дырэктару, ад якога залежыць, ці атрымае гэты настаўнік прэмію, ці падвысяць заробак і ці працягнуць зь ім працоўны кантракт?

_____________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG