Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя асобы пад арыштам — хто зь іх можа галасаваць?


Чаму былы генэральны мэнэджэр БХК «Дынама» Ўладзімер Беражкоў галасаваць ня зможа, а рагачоўскі вэртыкальшчык Сяргей Якаўлеў — зможа? Што вядома пра крымінальныя справы ў дачыненьні да Ўладзімера Беражкова і Сяргея Якаўлева?

Амаль два месяцы пад арыштам у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага былы генэральны мэнэджэр хакейнага клюбу «Дынама», былы рэдактар папулярнага выданьня «Прессбол» Уладзімер Беражкоў, якога падазраюць у службовым злоўжываньні.

Некаторымі зьвесткамі пра Ўладзімера Беражкова пагадзіўся падзяліцца аглядальнік газэты «Прессбол» Барыс Тасман, якому ўдаецца ліставацца з сваім былым начальнікам. Паводле Барыса Тасмана, Уладзімер Беражкоў кампэнсаваў страты, якія яму былі выстаўленыя сьледчымі. Але чаму яго ня вызвалілі ад адказнасьці, як бывала зь іншымі спартовымі функцыянэрамі, журналіст ня ведае:

Няма інфармацыі ані пра тое, што яму выставілі абвінавачаньне і перададуць справу ў суд, ані пра тое, што яго вызваляць, як гэта было зь некаторымі іншымі.

«Ён застаецца там, і няма інфармацыі ані пра тое, што яму выставілі абвінавачаньне і перададуць справу ў суд, ані пра тое, што яго вызваляць, як гэта было зь некаторымі іншымі. Добра памятаю, як было з галоўным трэнэрам па лёгкай атлетыцы Бадуевым і лекарам зборнай, якіх 4 месяцы пратрымалі і вызвалілі без суду. Яны пачалі працаваць зноў, іх правы не абмяжоўвалі. Мы ўсе таксама чакаем, каб Уладзімера Пятровіча вызвалілі. Асабіста маё стаўленьне да яго ніяк не зьмянілася, я лічыў і лічу, што гэта выбітны арганізатар, журналіст, унікальны рэдактар», — гаворыць Барыс Тасман.

Нейкі час таму газэта «Прессбол» зьмясьціла адрас, па якім чытачы могуць накіроўваць лісты Ўладзімеру Беражкова ў вязьніцу. Паводле Барыса Тасмана, на гэта адгукнулася шмат людзей, што сапраўды аказала вязьню маральную дапамогу. Лістуецца са сваім былым начальнікам і калегам таксама і Барыс Тасман. Якое ў яго склалася ўражаньне пра маральны стан спадара Беражкова?

Нават у тых умовах, наколькі я ведаю, даволі нялёгкіх, ён застаўся сабой.

«Ён не пакідае без адказу ніводнага ліста. То бок нават у тых умовах, наколькі я ведаю, даволі нялёгкіх, ён застаўся сабой. Такі ж пунктуальны, працаздольны, заўсёды выконвае ўсё ад а да я. У ягоным настроі я не заўважыў ніякага надлому, надрыву — ён такі самы, як быў раней. Спакойны, сур’ёзны, сабраны. У ягонай сытуацыі, мяркую, гэта вельмі шмат значыць».

1 верасьня ў Рагачове быў арыштаваны старшыня мясцовага раённага выканкаму Сяргей Якаўлеў. Паводле Сьледчага камітэту, Сяргей Якаўлеў падазраецца ў нанясеньні страт дзяржаве праз службовыя злоўжываньні ў пэрыяд, калі ён быў яшчэ першым намесьнікам старшыні райвыканкаму. Тагачасны старшыня райвыканкаму Віктар Банчук, які пайшоў на падвышэньне ў Гомель, цяпер таксама пад сьледзтвам. Ці ёсьць новыя зьвесткі пра Сяргея Якаўлева?

Паводле Сьледчага камітэту, крымінальная справа яшчэ расьсьледуецца, былы «вэртыкальшчык» пад вартай. Пры гэтым у Сьледчым камітэце журналістам ня кажуць, дзе менавіта ўтрымліваюць высокапастаўленага арыштанта. «Пад вартай» — гэта ўся афіцыйная інфармацыя.

Між тым, паводле зьвестак рагачоўскага незалежнага журналіста Дзяніса Дашкевіча, Сяргей Якаўлеў пераведзены пад хатні арышт, які адбывае ў сваім службовым доме ў Рагачове.

«Нядаўна ў гэтым доме быў пажар, ніхто не пацярпеў», — дадае Дзяніс Дашкевіч.

Толькі тры дні ён быў у камэры, а потым пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, і яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт.

«Наколькі нам стала вядома, толькі тры дні ён быў у камэры, а потым пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, і яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. А два тыдні таму ў доме быў пажар з-за таго, што парушылі гермэтычнасьць коміна. Дах часткова загарэўся. Але, хутчэй за ўсё, ён па-ранейшаму там жыве, бо пашкоджаньні нязначныя».

Ці змогуць галасаваць на выбарах прэзыдэнта Ўладзімер Беражкоў, Сяргей Якаўлеў ды іншыя падсьледныя ў Беларусі?

Праваабаронца БХК Гары Паганяйла кажа, што падсьледныя — не злачынцы, бо іх яшчэ не судзілі, таму за імі захоўваецца права ўдзелу ў выбарах. Але ў Беларусі гэтае права не забясьпечана Выбарчым кодэксам і не выконваецца.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«У нас у Выбарчым кодэксе запісалі гэтак, што асобы, якія знаходзяцца пад вартай і якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, галасаваць ня могуць. Адміністрацыйна арыштаваныя галасуюць, а падсьледныя паводле Крымінальнага кодэксу, якія пад вартай, — не. Мы лічым гэта парушэньнем канстытуцыйнага права на галасаваньне».

Ці зможа прагаласаваць Сяргей Якаўлеў, які знаходзіцца не ў ізалятары, а пад хатнім арыштам? Паводле Гары Паганяйлы, пры ягоным звароце да сьледчага адпаведная заява можа вырашыцца станоўча.

XS
SM
MD
LG