Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікам далі адказ: «Апячаталі скрыню разам зь міліцыянтам»


Адзін з каардынатараў грамадзкай кампаніі «Права выбару — 2015», якая вядзе незалежнае назіраньне за выбарчым працэсам, Алесь Сілкоў сёньня распавёў журналістам, чаму дадзеныя назіральнікаў можна ўспрымаць без усялякага сумневу:

Алесь Сілкоў

Алесь Сілкоў

«Мы заўжды праводзім унутраны маніторынг. Як кажуць, прабачце, калі ласка, але нашы людзі езьдзяць па ўсіх участках і глядзяць, ёсьць там наш назіральнік ці няма? Калі, крый Божа, назіральніка няма, гэты ўчастак адразу здымаецца з агульнага падліку. Гэта вельмі жорстка. Але гэта дазваляе нам дысцыплінаваць працу.

За чатыры дні датэрміновага галасаваньня мы падалі ўжо 904 скаргі на тое, што скрыні з бюлетэнямі захоўваюцца няправільна. І гэта не рабілася так, што прыйшоў назіральнік, пабыў пару-тройку хвілін і напісаў скаргу. Не, усе скаргі абгрунтаваныя. Таму, мабыць, у нас і ёсьць першыя посьпехі.

На пачатку, памятаю, мы сьмяяліся, калі кіраўнік адной з участковых камісіяў нам напісаў: „Апячаталі скрыню разам зь міліцыянтам“. А цяпер на ўчастках, дзе ёсьць нашыя назіральнікі, скрыні абавязкова апячатваюць і перадаць пад ахову міліцыі, якая прымае вахту. Атрымліваецца, што ёсьць 650 участкаў, дзе ёсьць хоць нейкая дэмакратыя, і ёсьць 5 з паловай тысяч участкаў, дзе і гэтага няма».

«Права выбару — 2015» выставіла найбольшую колькасьць назіральнікаў ад беларускіх дэмакратычных структураў на гэтых выбарах. У кампанію ўваходзяць восем палітычных структураў. Гэта — партыі БНФ і БСДП («Грамада»), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты па стварэньні партыяў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Свабоды і прагрэсу, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

XS
SM
MD
LG