Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кандыдаты ў прэзыдэнты выпалі з трэнду, бо пазьбягалі беларускай мовы»


Перадвыбарчая кампанія наблізілася да завяршэньня. Тэма незалежнасьці Беларусі была адной з найгалоўнейшых у праграмах прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. За фаварыта ў гонцы на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Аляксандра Лукашэнку агітавалі пад слоганам «За будучыню незалежнай Беларусі». А якое месца адводзілі ў агітацыі ахвотнікі стаць прэзыдэнтамі беларускай мове? Ці прыкметнай нацыянальная мова беларусаў была ў сёлетняй выбарчай кампаніі ў Магілёве?

Вонкава беларускай мовы ў абвестках пра выбары стала больш. Расьцяжак, банэраў, невялікіх плякатаў у чырвона-зялёных колерах на вуліцах гораду нямала. Бальшыня з іх, аднак, аднатыпныя зь немудрагелістым тэкстам, якім нагадваюць пра дату выбараў. Такія абвесткі паўсюдна: у вітрынах крамаў, на прыдарожных слупах ды на білбодах.

Алег Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

Старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў заўважае: у перадвыбарчай кампаніі 2010 году на беларускай мове некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты зьвярталіся да выбарнікаў па-беларуску, і іхная агітацыя была беларускамоўнай.

«У гэты раз усе кандыдаты выступалі на расейскай мове. Часам некаторыя іхныя плякаты былі напісаныя па-беларуску», — адзначае тэбээмавец.

«Але было б да месца большае выкарыстаньне беларускай мовы і чыноўнікамі, і дзейным прэзыдэнтам, і кандыдатамі ў прэзыдэнты, бо па-за выбарамі беларускую мову пачалі афіцыйна ў Магілёве, напрыклад, выкарыстоўваць болей, — даводзіць суразмоўца. — Таму, калі кандыдаты ў прэзыдэнты і дзейны прэзыдэнт падчас агітацыі гаварылі б па-беларуску, то яны б былі, як кажуць, у трэндзе. А так апынуліся па-за ім».

Агітацыйных пікетаў кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў Магілёве было няшмат. На адным зь іх за Аляксандра Лукашэнку агітавалі актывісты БРСМ з плякатам, на якім надпіс быў на беларускай мове. Пагутарыць у абласным камітэце гэтай моладзевай арганізацыі пра ролю беларускай мовы ў перадвыбарчай агітацыі не ўдалося. Там спаслаліся на занятасьць, зазначыўшы, што адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці на сайце арганізацыі.

Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца

Актывіст кампаніі «Гавары праўды» Алег Мяцеліца, давераная асоба кандыдаткі на прэзыдэнцтва Тацяны Караткевіч, не хавае: агітацыйныя матэрыялы прэтэндэнткі пераважна расейскамоўныя. Паводле суразмоўцы, агітацыя беларусамі лепей успрымаецца, калі яна пададзеная на расейскай мове:

«Для таго, каб данесьці пытаньне, напрыклад, пра беларускую мову і паказаць, што зь ёю ёсьць праблемы — трэба пра гэта напісаць на расейскай мове. Ёсьць такі факт: выбарцы, калі бяруць беларускамоўную ўлётку, то ня ўсе яе могуць пачытаць», — даводзіць Алег Мяцеліца.

У мінакоў на магілёўскіх вуліцах пытаю, ці важна для іх, каб інфармацыя пра выбары, пра кандыдатаў у прэзыдэнты была на беларускай мове і, каб самі прэтэндэнты на прэзыдэнцтва гаварылі па-беларуску.

«Пажадана, — адказвае малады магілёвец. — Беларуская мова мусіць існаваць не як другасная, а як першасная, бо гэта ўсё ж наш нацыянальны атрыбут. Хацелася б, каб яна больш выкарыстоўвалася і яе больш ужывалі. Я не скажу, што беларуская мова — прыкмета апазыцыйнага ўзьдзеяньня, але палітыка тут замешаная. Вядома найлягчэйшы спосаб пазбавіць народ унікальнасьці — гэта выкараніць яго нацыянальную мову».

«Давайце спынімся на тым, што для мяне гэта важна, — працягвае гутарку яшчэ адзін малады чалавек. — Але ж у цэлым стан мовы крытычны. Гэта такі сымбаль, які неўзабаве ператворыцца ў няісны. І я з гэтым у душы ў сэрцы зьмірыўся, як з тым, што непазьбежна».

«Гэта такі разьлік на аўдыторыю, — адказвае на пытаньне больш сталы магілёвец. — Усё ж бальшыня беларусаў гавораць на расейскай мове і калі зьвяртацца да іх па-беларуску, то яны могуць папросту не зразумець, пра што кажа кандыдат».

«Кандыдаты ў прэзыдэнты не гавораць на беларускай мове, і ў нас жа мала людзей, якія гавораць на ёй, — адказвае на пытаньне дзяўчына. Вось таму і ніхто ня ведае мовы. А той, хто гаворыць на беларускай мове, часам гаворыць непрыгожа».

Наступны суразмоўца зазначае: «Беларуская мова ў перадвыбарчай кампаніі прысутнічае, але ня гэтак шырока, як некаторым хацелася б. Мы ж разумеем, што гэтага хацелася б апазыцыі. Яна ў асноўным змагаецца за гэта, але і ўлада спрыяе беларусізацыі».

«Беларускую мову неасабліва было чуваць у перадвыбарчай кампаніі, — зазначае наступная суразмоўніца. — Калі мы жывём у Беларусі, то варта было больш увагі надаваць роднай, беларускай мове».

Алег Дзьячкоў усё ж спадзяецца, што пасьля выбараў сытуацыя зь беларускай мовай пачне выпраўляцца.

«Беларушчыны будзе больш, — лічыць ён. — На прыкладзе Ўкраіны чыноўнікі зразумелі, што беларуская мова — гэта ня проста сродак зносінаў, а адзін з слупоў незалежнасьці нашай краіны».

XS
SM
MD
LG