Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што рабіць, калі вас затрымаюць на шэсьці або на Плошчы?


Belarus - banner arres

Belarus - banner arres

Парады праваабаронцы на выпадак, калі вас затрымаюць падчас акцыі пратэсту.

Сёньня чакаецца заплянаванае апазыцыяй пратэстнае шэсьце ад плошчы Свабоды да плошчы Якуба Коласа. Ня выключаныя акцыі пратэсту і ў нядзелю пасьля выбараў. З заклікам прыйсьці на шэсьце выступілі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька. Палітыкі заклікаюць браць з сабой сьцягі і нацыянальную сымболіку. Збор удзельнікаў акцыі павінен пачацца а 17-й гадзіне каля Ратушы. Вулічная акцыя будзе несанкцыянаваная.

Напярэдадні акцыі старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак распавёў Радыё Свабода, што трэба ведаць патэнцыйнаму ўдзельніку акцыяў у выпадку, калі яго затрымае міліцыя.

— Што можа пагражаць чалавеку, які прыйдзе сёньня на шэсьце?

Алег Гулак

Алег Гулак

— Па законе, калі акцыя несанкцыянаваная, то яе ўдзельнікаў можна прыцягнуць да адпаведнай адміністрацыйнай адказнасьці. Але пры гэтым, калі акцыя мірная, то гэта не падстава, каб яе спыняць або забараняць. Да адказнасьці можна прыцягнуць і потым, як гэта, у прынцыпе, і было падчас апошніх сходаў у цэнтры Менску, якія былі несанкцыянаваныя, але пры гэтым адбыліся і не былі разагнаныя, а толькі потым былі прыцягнутыя да адказнасьці арганізатары.

— У выпадку затрыманьня чалавек мае права патэлефанаваць родным, сябрам ці начальству?

— Так, гэтае права ёсьць у чалавека заўсёды. Іншая справа, што з ранейшага досьведу вядома, што калі пачынаюцца масавыя арышты, то гэта зрабіць бывае складана. Зь іншага боку, пакуль туды-сюды, пакуль яны не забяруць тэлефон, можна знайсьці час, каб скарыстаць магчымасьць і пазваніць.

— Ці трэба прызнаваць сваю віну? І ці залежыць ад гэтага нешта?

Калі чалавек сьвядома ідзе на несанкцыянаваную акцыю, трошкі дзіўным будзе выглядаць, калі ён пачне казаць, што хадзіў выпадкова. Я не магу такога раіць.

— Гледзячы на ранейшы досьвед, можна сказаць, што, па вялікім рахунку, гэта не ўплывала на наступствы. Гэта (адмова прызнаць парушэньне закону. — РС) не перашкаджала аформіць удзел нават для тых людзей, якія рэальна ня ўдзельнічалі. Але калі чалавек сьвядома ідзе на акцыю, якая не санкцыянаваная, то трошкі дзіўным будзе выглядаць, калі ён пачне казаць, што хадзіў выпадкова. Я не магу такога раіць. Іншая справа, калі сапраўды чалавека выпадкова забралі.

— Ці мае права ўдзельнік акцыі супраціўляцца, калі яго затрымліваюць людзі ў цывільным, не прад’яўляючы ніякіх дакумэнтаў?

— З пункту гледжаньня права, безумоўна, у такіх выпадках гэта ня можа кваліфікавацца як супраціўленьне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Таму ў чыстым выглядзе адэкватны супраціў, самаабарона — яна можа быць правамернай. Але ў нашай сытуацыі з гэтым складаней, таму што для гэтага трэба, каб была дадзена належная прававая ацэнка (сытуацыі. — РС). А калі будзе судзілішча, то наўрад ці да такіх апраўданьняў, да такіх крытэраў можна будзе зьвяртацца.

— Ці мае затрыманы права на адваката і ці ёсьць наагул сэнс зьвяртацца ў гэтай сытуацыі да адваката?

Права на прававую дапамогу заўсёды ёсьць, на гэта можна спасылацца, адвакатаў можна патрабаваць.

— Права на прававую дапамогу заўсёды ёсьць, на гэта можна спасылацца, адвакатаў можна патрабаваць. Зь іншага боку, практычна гэта хутчэй магчымасьць неяк зацягнуць працэс і мець нейкія кантакты, а канкрэтная прававая дапамога на практыцы ў нас звычайна неэфэктыўная ў падобных сытуацыях.

— Колькі могуць пратрымаць затрыманага ў міліцэйскім пастарунку без складаньня пратаколу?

— Паводле закону — да трох гадзін для высьвятленьня асобы. Але гэта паводле закону, калі закон працуе. Калі не працуе, то магчымыя і іншыя варыянты.

— Пакараньнем за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі можа быць як штраф, так і адміністратыўны арышт. Ці прапісана канкрэтна ў заканадаўстве, калі чалавека трэба арыштоўваць, а калі толькі штрафаваць?

— Не, гэта ў межах санкцыяў вырашае сам судзьдзя.

— А калі зыходзіць з ранейшага досьведу, як гэтае пытаньне звычайна вырашаецца на практыцы?

— У розных сытуацыях па-рознаму. Зразумелую лёгіку, у якіх выпадках атрымліваюцца штрафы, а ў якіх «суткі», знайсьці цяжка.

— Калі казаць пра ваша асабістае меркаваньне — як вы лічыце, ці будуць затрыманьні падчас сёньняшняга шэсьця, якое арганізуе Статкевіч?

Людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыі, усё ж такі павінны разумець, што ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — гэта рэальнае парушэньне закону.

— Я спадзяюся, што ўладам усё ж такі хопіць вытрымкі паводзіць сябе ў межах працэдур, так, як гэта было ў апошнія тыдні. Пры гэтым людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыі, усё ж такі павінны разумець, што ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — гэта рэальнае парушэньне закону. Але гэта, вядома, выбар кожнага чалавека.

А ўладам трэба ўмець паводзіць сябе законна і адэкватна ў сытуацыі падобных выклікаў. Наколькі гэта атрымаецца — будзем бачыць. Спадзяюся, што яшчэ застаецца надзея на нейкія канструктыўныя стасункі з Захадам, і гэты фактар таксама будзе ўплываць на тое, каб дзеяньні ўлады былі ў межах прававых працэдур.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG