Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два выбухі ў Анкары: 86 загінула, больш за 180 паранена


Анкара, 10.10.2015

Анкара, 10.10.2015

86 чалавек загінулі, 186 параненыя ў выніку двух выбухаў, што прагрымелі ў суботу раніцай каля цэнтральнага вакзалу ў сталіцы Турцыі Анкары.

Лічбы загінулых і параненых паведаміў міністар аховы здароўя Турцыі Мэхмэт Муэзінаглу.

Выбухі адбыліся з інтэрвалам у некалькі хвілін ў 10.04 раніцы па мясцовым часе, калі да вакзальнай плошчы пачалі зьбірацца актывісты, якія прыйшлі на мітынг «За мір і дэмакратыю», арганізаваны прафсаюзамі і праваабарончымі групамі.

Дэманстранты мелі намер выказаць пратэст супраць аднаўлення баёў паміж курдзкімі паўстанцамі і турэцкім войскам, заклікаючы спыніць гвалт у дачыненьні да сэпаратыстаў з Рабочай партыі Курдыстану (PKK).

Сярод арганізатараў антываеннага шэсьця была і пракурдзкая партыя HDP, на адным зь мітынгаў якой у чэрвені, у горадзе Дыярбакір, таксама прагрымеў выбух.

Лідэр HDP ужо адмяніў усе заплянаваныя перадвыбарчыя мітынгі і абвінаваціў у падрыхтоўцы выбухаў у Анкары турэцкія ўлады.

Улады краіны назвалі тое, што адбылося, тэрактам. Міністэрства ўнутраных спраў у сваёй афіцыйнай заяве асудзіла гэтыя напады, сказаўшы, што яны былі нацэлены «супраць дэмакратыі і міру ў Турцыі».

Пакуль дакладна ня выяўлена ці былі выбухі ўчынены сьмяротнікамі, аднак дзяржаўнае агенцтва Анадолу паведаміла, што прынамсі адна з бомбаў была прыведзена ў дзеяньне сьмяротнікам.

На фотаздымках, якія зьяўляюцца ў сацыяльных сетках, бачныя клубы дыму і целы загінулых, якія ляжаць на зямлі. Параненых разьвезлі па розных шпіталях гораду.

XS
SM
MD
LG