Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Ня трэба ісьці на выбарчыя ўчасткі, трэба ісьці на Плошчу Свабоды»


Прыхільнікі ігнараваньня выбараў заклікаюць сабрацца на плошчы Свабоды 10 кастрычніка а 17-й, потым прайсьціся пад нацыянальнымі сьцягамі да плошчы Якуба Коласа.

Адзін з арганізатараў сёньняшняга Народнага Сходу на Плошчы Свабоды ў Менску Ўладзімер Някляеў тлумачыць, пад якімі лёзунамі пройдзе акцыя:

«Сёньняшні народны сход на Плошчы Свабоды будзе праходзіць пад лёзунгам „Вярнуць уладу народу“. Гэта мэты, якая стаіць на прадку дня ўжо 20 гадоў, і якой мы абавязкова мусім дасягнуць. Выглядае на тое, што гэтым разам дасягнуць гэтай мэты ня ўдасца — па розных прычынах. Але гэта не азначае, што мы не павінны за яе змагацца. Калі мы будзем змагацца — то ўдасца!
Таму ў гэты сонечны восеньскі бадзёры дзень мы запрашаем і заклікаем усіх прыйсьці на Плошчу, стаць у шэрагі з нашымі нацыянальнымі сымбалямі, паказаць нашу нязломнасьць, мужнасьць, гатоўнасьць змагацца за незалежную дэмакратычную будучыню краіны. Чым больш нас будзе, тым большая ўвага будзе прыягнуьая да сытуацыі ў Беларусі. Чым больш нас будзе, тым болей людзей ва ўладзе будуць бачыць, што мы сіла. Дык давайце выявім гэтую сілу ва ўсёй яе красе і моцы».

Кажучы пра рэкордныя лічбы датэрміновага галасаваньня, якія былі агучаныя ЦВК, Някляеў адзначыў, што, на ягоную думку, усе гэтыя галасы будуць запісаныя Лукашэнку.

Някляеў: «Высілкі ўладаў накіраваныя на тое, каб загнаць людзей на выбарчыя ўчасткі, гэтым разам вялізныя як ніколі. Гэта сьведчыць, што ўлада слабее, што ў ёй ужо нямашака той упэўненасьці і перакананасьці, як раней. І прыйшоўшы на Плошчу, мы пакажам народную моц, зьменшым пыху, перакананасьць уладаў, што яна будзе ўладарыць на нашай зямлі доўга. Выбары ад пачатку сфальсыфікаваныя. З досьведу папярэдніх кампаніяў мы ведаем, што ўсё, што робіцца на папярэднім галасаваньні, сфальсыфікавана, што ўсе галасы, прынесеныя ў гэтыя дні на выбрачыя ўчасткі — гэта галасы за Лукашэнку. Таму ня трэба ісьці на выбрачыя ўчасткі — трэба ісьці на Плошчу Свабоды».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG