Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя сустрэча Тацяны Караткевіч у Гомелі


Увечары 8 кастрычніка кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч правяла апошнюю сустрэчу на Гомельшчыне — у актавай залі абласнога Дома прафсаюзаў.

Людзі ішлі на сустрэчу паўз участак для датэрміновага галасаваньня. Гэта была, бадай, самая масавая сустрэча выбарцаў у сёлетняй перадвыбарчай кампаніі — прыйшлі сама меней чатырыста чалавек.

У Беларусі няма ворагаў

У прысутных было багата пытаньняў да Тацяны Караткевіч пра абароназдольнасьць Беларусі, вайсковыя дачыненьні з Расеяй.

Караткевіч: «У маёй праграме ёсьць асноўны прынцып выбудоўваньня міжнародных дачыненьняў, які называецца „Адказнае суседзтва“. Мы б хацелі разьвіваць стасункі з Расеяй, але падзяліўшы вайсковае супрацоўніцтва, эканамічнае, культурнае, адукацыйнае. У нашай Канстытуцыі ёсьць артыкул, у якім запісана: Беларусь імкнецца да нэўтральнага статусу. І гэта трэба рэалізоўваць. У нас у 2020 годзе заканчваецца дамова на знаходжаньне на нашай тэрыторыі двух замежных вайсковых аб’ектаў — расейскіх радыёлякацыйнай станцыі і вузла сувязі марскога флёту. Мы лічым, што дамову можна не працягваць. І з АДКБ можна выйсьці паводле заявы.

Актыўна абмяркоўваецца ў грамадзтве тэма, ці будзе на нашай тэрыторыі расейская авіябаза.

Людзі нам кажуць: „Не, мы ня хочам“. Калі ў нас зьявіцца авіябаза, то мы становімся пагрозай для іншых і адначасова мішэньню. Сёньня беларусы, якія адчуваюць, наколькі несправядліва абыходзіцца зь імі ўласная дзяржава, не гатовыя да гэтага.

Нэўтральны статус, мірная Беларусь — гэта азначае, што нашы вайскоўцы ня будуць ваяваць на тэрыторыі замежных дзяржаваў за чужыя інтарэсы, што ў будучым — гэта пажадана і магчыма — мы выходзім з усякіх вайсковых саюзаў і на нашай зямлі ня будзе замежных вайскоўцаў і замежнай вайсковай тэхнікі. У Беларусі няма ворагаў».

Удзельнікі сустрэчы і задавалі пытаньні, і воплескамі падтрымлівалі кандыдатку ў прэзыдэнты
Удзельнікі сустрэчы і задавалі пытаньні, і воплескамі падтрымлівалі кандыдатку ў прэзыдэнты

Хіба ў краіне ваеннае становішча?

Давераная асоба спадарыні Караткевіч, вайсковы аналітык Леанід Спаткай дадаў:

«Мала таго, што Беларусь уваходзіць у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — АДКБ, дык яна яшчэ з Расеяй утварыла два вайсковыя блёкі — гэта Адзінае рэгіянальнае камандаваньне, у склад якога ўваходзяць усе ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, а таксама 20-я расейская армія пад адзіным камандаваньнем. Гэта ў пэўнай меры страта незалежнасьці беларускай дзяржавы.

Створана й Адзіная рэгіянальная сыстэма супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі, у якую таксама ўваходзяць усе беларускія вайскова-паветраныя войскі і СПА — зноў-такі пад адзіным камандаваньнем, а насамрэч — пад расейскім. У межах згаданых дамоваў Расея мае права выкарыстоўваць інфраструктуру Рэспублікі Беларусь для сваіх авіяцыйных злучэньняў і сыстэм супрацьпаветранай абароны. У прынцыпе, Расея можа разьмясьціць сваю авіябазу, толькі паведаміўшы пра гэта, не заключаючы нейкай асобнай дамовы зь Беларусьсю.

Аднак бясьпека дзяржавы ствараецца ня толькі вайсковым шляхам, стварэньнем нейкай магутнай вайсковай групоўкі, каб нас усе баяліся.

Бясьпека, у першую чаргу, трымаецца на прынцыпах добрасуседзтва.

Калі мы з суседзямі ў сяброўскіх дачыненьнях, то няма патрэбы трымаць магутнае войска. І гэта першы шлях скарачэньня колькасьці ўзброеных сілаў, а значыць, і бюджэтных выдаткаў на ўтрыманьне войска. Зь іншага боку, у нас яўны дысбалянс. У нас вялікая дзяржаўная мяжа, а колькасьць памежных войскаў яўна недастатковая. У нас вялікая колькасьць унутраных войскаў, органаў унутраных спраў. Дзе ні глянь — у Гомелі, Жлобіне — цягам дня ўбачыш тры ці нават чатыры патрулі з трох салдатаў унутраных войскаў. Навошта? У нас што — ваеннае становішча? А гэта ўсё нашы грошы! Таксама патрэбныя скарачэньні. Вось вам і сродкі, якіх будзе дастаткова дзеля захаваньня нашай бясьпекі, аховы зьнешніх межаў, у тым ліку і з Расейскай Фэдэрацыяй».

Заробкі на прадпрыемствах — схаваная дапамога па беспрацоўі

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі і стан беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Некаторыя не пагаджаліся з папярэднімі заявамі Тацяны Караткевіч, што лепей было б сёлета на паўгода адправіць рабочых стратных прадпрыемстваў у вымушаны адпачынак з выплатай ім трох чвэрцяў заробку, а не прымушаць вырабляць прадукцыю, якая не знаходзіць збыту. Аднак кандыдатка ў прэзыдэнты зноў заявіла, што за час вымушанага адпачынку можна было рэфармаваць прамысловасьць, распрацаваць для кожнага праблемнага заводу бізнэс-плян, паклапаціцца пра інвэстыцыі на падставе прынятых дзеля гэтага законаў.

Караткевіч: «Шмат якія прадпрыемствы працуюць па тры-чатыры дні. Перад выбарамі зрабілі такую „карцінку“ — працуем пяць дзён на тыдзень. Але што робяць працаўнікі? У мяне маці працуе на прадпрыемстве. Замест таго каб зьбіраць машыны, яна падмятае лісьце — пяць дзён на тыдзень. На прадпрыемствах мы вырабляем адны страты. Заробкі цяпер — гэта схаваная дапамога па беспрацоўі».

Пра бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню»

У дзяржаўным будаўніцтве Тацяна Караткевіч арыентуецца на Канстытуцыю 1994 году, у якой запісаны прынцып падзелу ўладаў:

«У нас няма самакіраваньня. Мы маем цяпер уладу, якая прызначаецца „зьверху“ і не паважае людзей».

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы выцягвалі на паверхню зь нябыту правакацыйнае пытаньне пра бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім кандыдатка ў прэзыдэнты вядзе сваю перадвыбарчую кампанію: маўляў, як жа так, пад такім сьцягам у вайну дзейнічалі паліцаі? Пры гэтым забываліся, пад якім сьцягам палілі вёскі і забівалі беларусаў уласаўцы.

Калі будзе рэфэрэндум, я асабіста прагаласую за бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“

Караткевіч: «Хачу сказаць, што ў маладосьці, калі паступіла ва ўнівэрсытэт, я жыла бел-чырвона-белым сьцягам. Маладосьць, энэргія, жыцьцё бурлілі пад гэтым сьцягам. Гэта мне запомнілася. Сёньня я кажу, што мне падабаецца гэтая сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“. І для маёй каманды гэты сьцяг — гістарычны і каштоўны. Я сябра сацыял-дэмакратычнай партыі, у Мін’юсьце зарэгістравана яе сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг з ружаю. Трэба наагул спыніць практыку, калі адзін чалавек вырашае ўсё, у тым ліку і зьмену дзяржаўнай сымболікі. Я б не хацела, каб былі палярныя погляды на сымболіку. Ёсьць гістарычныя этапы разьвіцьця незалежнай Беларусі — іх трэба паважаць. І калі будзе рэфэрэндум, я асабіста прагаласую за бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“. Але перш чым гэта адбудзецца, трэба правесьці грунтоўную растлумачальную кампанію — што гэта за сымболіка, як і калі ўтварылася, хто яе падтрымліваў? Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка, мой сёньняшні канкурэнт, прымаў прысягу як першы прэзыдэнт пад гэтым сьцягам. І мы выжылі ў дзевяностых гадах пад гэтаю сымболікай. І, шчыра кажучы, аргумэнты наконт яе замены да гэтага часу няясныя. Усё вырашаць людзі — абдумана, большасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG