Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе завяршае чарговы адборачны цыкль, страціўшы нават тэарэтычныя шанцы пазмагацца за права выступіць на чэмпіянаце Эўропы 2016 году ў Францыі.

Адпачатку такая магчымасьць зусім не выглядала фантастыкай — ад наступнага году ў кантынэнтальным першынстве будуць удзельнічаць 24 каманды замест ранейшых 16-ці.

Сёньня ўвечары выхаванцы Аляксандра Хацкевіча, які пасьля няўдалых стартавых гульняў замяніў на чале трэнэрскага штабу Георгія Кандрацьева, згуляюць у славацкай Жыліне з адным фаварытаў сёлетняй кваліфікацыі. Каманда Славаччыны пакуль займае другое месца ў групе «С» сьледам за гішпанцамі і мае выдатныя шанцы выйсьці ў фінальную частку без нэрвовых стыкавых матчаў.

Адрозна ад беларусаў, славакі дэманструюць футбол найвышэйшага ўзроўню, па чарзе расклаўшы на лапаткі ўкраінцаў, гішпанцаў, беларусаў, македонцаў, люксэмбурцаў. Толькі аднойчы хлопцы Яна Козака спатыкнуліся ў матчы адказу ў Гішпаніі ды разышліся мірам з Украінай. Перад гульнёй зь беларусамі ў актыве славакаў 19 ачкоў (у гішпанцаў на два больш, украінцы маюць 16).

А вось каманда Беларусі пачала страчваць шанцы на паездку ў Францыю ўжо зь першых тураў: нічыя з аўтсайдэрам Люксэмбургам, а потым паразы дома ад украінцаў і славакаў. У выніку — усяго 7 ачкоў, дзякуючы вікторыі над Македоніяй і чатыром ачкам за кошт нічыёй і перамогі зь Люксэмбургам. Маючы адставаньне ад украінскай каманды ажно 9 балаў, беларусы страцілі нават тэарэтычныя шанцы зачапіцца за зону «плэй-оф».

У чым прычына правалу ў адборы на Эўра-2016, які да пачатку кваліфікацыйнага цыклю спартовыя чыноўнікі загадзя ацэньвалі як цалкам праходны? Тым больш што УЭФА зрабіла шырокі жэст, пашырыўшы колькасьць удзельнікаў адразу на 8 камандаў. Заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай тлумачыць гэта адсутнасьцю тэхнічнага майстэрства:

Якую атаку можна арганізаваць, калі чалавек спыняе мяч, а ён у яго адскоквае на пару мэтраў?

«Ну як вам адказаць? На жаль, саступаем у тэхніцы, у тэхнічным майстэрстве, вось і ўсё. Якую атаку можна арганізаваць, калі чалавек спыняе мяч, а ён у яго адскоквае на пару мэтраў? Здараецца, у суперніка застаецца адзін абаронца, нашы ўтрох выходзяць і запорваюць простую перадачу. Нават брамнік ужо чакае, што мяч зь вялікай імавернасьцю ад нашых гульцоў адскочыць, і спакойна яго ловіць. То бок — цалкам прадказальная тактыка як вынік недахопу тэхнічнага майстэрства.

У свой час я аб’езьдзіў усю Эўропу, увесь сьвет, мы гулялі з такімі тэхнічнымі лацінаамэрыканскімі камандамі, як Бразылія, Мэксыка, Гватэмала, Эквадор. Узровень тэхнічнай падрыхтоўкі непараўнальны! А калі футбаліст тэхнічна падкаваны, нашмат лягчэй выбудоўваць тактыку, згодны? Таму што на гэты момант кульгае само выкананьне. Дапусьцім, выходзяць нашы ўчатырох супраць двух абаронцаў — і запорваюць перадачу, элемэнтарны тэхнічны прыём. Дык пра што тады гаварыць увогуле?»

Пасьля правальных паядынкаў на самым пачатку кваліфікацыі леташняй восеньню датэрмінова скасавалі кантракт з тагачасным галоўным трэнэрам Георгіем Кандрацьевым. На вакантнае месца быў запрошаны былы гулец зборнай Беларусі, а таксама менскага і кіеўскага «Дынама» Аляксандар Хацкевіч. Ці не было гэта неапраўданай авантурай? Ці можна прызначаць «ратавальнікам» сытуацыі таго, у каго трэнэрскага досьведу на ўзроўні зборнай, мякка кажучы, яўна бракуе?

Леанід Гарай памятае Аляксандра Хацкевіча яшчэ зь юніёраў, але лічыць, што ацэньваць ягоныя здольнасьці па выніках некалькіх матчаў наўрад ці выпадае:

«Я загадзя прашу прабачэньня, нічога не магу сказаць пра Хацкевіча. Як футбаліст ён быў выдатны, гэта нават не аспрэчваю, бо пачынаў акурат у нас, калі мы працавалі з Эдуардам Малафеевым. Цудоўны гулец. Але як трэнэра сёньня яго ацэньваць не магу, таму што трэба з чалавекам, як кажуць, пацерціся, паназіраць, каб даць характарыстыку таму, чым ён займаецца і якія ў яго дасягненьні. Ну вось прынялі рашэньне паставіць Хацкевіча, але гарантыю правільнасьці выбару асабіста я даць не магу. Не з-за таго, што не давяраю — як ужо казаў, стаўлюся да яго вельмі добра, бо гэта адзін з нашых выхаванцаў.

Але складзецца, не складзецца — сказаць цяжка, залежыць ад шэрагу фактараў. Адна справа, калі прызначаюць трэнэра вопытнага, з майстэрствам, тады ўжо загадзя верыш, што ён прывядзе каманду да нейкага выніку.

Зрэшты, таксама не заўсёды чаканьні пацьвярджаюцца: колькі ў сьвеце дасьведчаных спэцыялістаў, у якіх таксама не атрымліваецца. Бывае, што і ў французаў не атрымліваецца, і ў ангельцаў не атрымліваецца. Таму няма ніякай гарантыі, што павінна адразу атрымацца ў таго ж Хацкевіча».

12 кастрычніка зборная Беларусі згуляе на «Барысаў Арэне» з камандай Македоніі, якая з трыма ачкамі замыкае «шасьцёрку» групы «С», прапусьціўшы наперад нават люксэмбурцаў. На гэтым чарговая спроба трапіць у лік фіналістаў топ-турніру для беларусаў завершыцца.

XS
SM
MD
LG