Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра Алексіевіч: Галоўнае цяпер — як ты распарадзісься гэтым багажом


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з будаўнікамі БелАЭС і жыхарамі Астравецкага раёну пракамэнтаваў прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч.

«Я рады за яе, таму што гэта грамадзянка Беларусі. Гэта кажа пра тое, што, якую б ты пазыцыю ні займаў, усё ж такі ў Беларусі магчыма працаваць і тварыць, пісаць, выказваць свой пункт гледжаньня, пазыцыю і гэтак далей», — заявіў кіраўнік краіны.

Лукашэнка адзначыў, што ён не глыбокі знаўца творчасьці Алексіевіч, але ведае яе творы:

«Так, я ведаю, што яна ў асноўным напісала, ведаю, што меў на ўвазе Нобэлеўскі камітэт, калі прысуджаў ёй гэтую прэмію, яна прэтэндавала на яе ня першы год».

Лукашэнка сказаў, што ня лічыць Сьвятлану Алексіевіч апазыцыянэрам:

«Гэта добра, што чалавек мае сваю пазыцыю, можа, недзе і апазыцыйную. Яна напісала нармальныя творы, у яе адпаведны стыль. Гэта яе форма, яе стыль. Я нічога супраць ня маю. І, пачынаючы ад твораў, якія, увогуле ж, і савецкай уладай падтрымліваліся, — вазьміце „У вайны не жаночы твар“, яе знакаміты твор, „Цынкавыя хлопчыкі“, — гэта ж рэальнасьць».

«Так, гэта яе пункт гледжаньня, і ніякай я тут ня бачу асаблівай апазыцыйнасьці.

Яна ж ня кліча людзей на плошчу. Яна супраць мяцяжоў. Я гэта вельмі цаню. І гэта, відаць, уплыў яе другой радзімы, Украіны, на яе сьвядомасьць».

Лукашэнка лічыць важным, што першы беларус пасьля савецкіх часоў стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры:

«Галоўнае цяпер — як ты распарадзісься гэтым багажом. Калі ты грамадзянка Беларусі, гэта твая зямля, твая дзяржава, падабаецца табе ці не падабаецца, але ты ўжо сёньня чалавек, які падняўся высока, паглядзім, як жа ты гэты імідж, гэты багаж, які ў цябе зьявіўся, выкарыстоўваеш на карысьць свайго народа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG