Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 назіральнікаў з кампаніі «Права выбару — 2015» пазбаўленыя акрэдытацыі


Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару — 2015» Алесь Сілкоў
Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару — 2015» Алесь Сілкоў

У трэці дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі незалежныя назіральнікі з грамадзкай кампаніі «Права выбару — 2015» зафіксавалі значны скачок яўкі, адзначаецца ў афіцыйнай справаздачы назіральнікаў.

Адзін з каардынатараў кампаніі Алесь Сілкоў лічыць: гэты дзень канчаткова разьвеяў спадзяваньні на тое, што выбары ў краіне будуць адбывацца ў адпаведнасьці з законам, адкрыта і свабодна:

«Адчуваецца нейкая нэрвознасьць. Гэта бачна праз тое, як гоняць жыхароў інтэрнатаў, дзяржаўных службоўцаў і студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. На фоне агульнай апатыі насельніцтва да кампаніі ўладам важна забясьпечыць яўку. На гэта кінуты ўсе сілы дзяржаўнага апарату. Як і ў першыя дні датэрміновага галасаваньня, зьвесткі нашых назіральнікаў па колькасьці тых, хто прагаласаваў, з афіцыйнымі лічбамі разыходзяцца. Уяўляю, як сябе свабодна адчуваюць члены выбарчых камісіяў, дзе няма назіральнікаў! Тут можна сьмела казаць, што на тых выбарчых участках яўка будзе забясьпечаная пры любым раскладзе».

Разыходжаньні паміж дадзенымі афіцыйных камісіяў і дадзенымі актывістаў з «Права выбару — 2015» па-ранейшаму застаюцца. Асабліва гэта праявілася ўчора ў сталіцы. Незалежныя назіральнікі налічылі на сваіх участках на 11,7% меней выбарцаў, чым афіцыйныя камісіі. Паказальна, што нават афіцыйная яўка на ўчастках, дзе прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, амаль у два разы меншая, чым на тых участках, дзе няма назіральнікаў «Права выбару — 2015». Гэта сьведчыць пра тое, што наяўнасьць незалежных назіральнікаў на ўчастках стрымлівае камісіі ад больш маштабнага завышэньня яўкі.

Назіральнікі кампаніі за тры дні датэрміновага галасаваньня падалі 277 скаргаў.

Улады спрабуюць пазбавіцца ад асабліва прынцыповых назіральнікаў «Права выбару — 2015». Так, сёньня пазбавілі акрэдытацыі на выбарчым участку № 29 Ленінскага раёну Менску Арцёма Ляву. Паводле камісіі, назіральнік «ствараў на ўчастку малапрыемную абстаноўку, праводзіў здымкі без дазволу грамадзянаў», патрабаваў выдаленьня з участку дырэктара сярэдняй школы № 134, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак.

Арцём Лява
Арцём Лява

«Канфлікт з дырэктарам быў зьвязаны з тым, што я як прадстаўнік СМІ сфатаграфаваў некалькіх выбарцаў зь іхнага дазволу. Але дырэктарка ня мела права знаходзіцца на ўчастку, бо яна не зьяўляецца сябрам выбарчай камісіі», — распавядае назіральнік.

Арцём Лява стаў дзясятым назіральнікам ад кампаніі «Права выбару-2015», якога пазбавілі акрэдытацыі.

«Права выбару — 2015» выставіла найбольшую колькасьць назіральнікаў ад беларускіх дэмакратычных структураў на гэтых выбарах. У кампанію ўваходзяць восем палітычных структураў. Гэта — партыі БНФ і БСДП («Грамада»), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты па стварэньні партыяў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Свабоды і прагрэсу, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG