Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарэктары менскіх ВНУ пераконваюць, што нікога не прымушаюць галасаваць датэрмінова. Толькі нагадваюць


Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце

Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце

Свабода пагутарыла з прарэктарамі дзьвюх менскіх ВНУ, адміністрацыю якіх абвінавацілі ў перадвыбарчым ціску на студэнтаў.

Прарэктар БІПД: «Хто хоча прагаласаваць датэрмінова — я ня маю права адгаворваць»

На электронную пошту Радыё Свабода прыйшоў ліст ад студэнта:

«Хачу паведаміць, што ў інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасьці студэнтаў прымушаюць ісьці на датэрміновыя выбары. З кожным нязгодным асабіста гутарыць прарэктар па ідэалягічнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце Барчук Ала Леанідаўна. У ход ідуць пагрозы, што пазбавяць інтэрнату, а для тых іншагародніх, якія там не жывуць, — праблемамі на сэсіі, тонка намякаючы наконт свайго ўплыву на ўсіх выкладчыкаў. Натуральна, большая частка студэнтаў не спрачаецца і ўсё выконвае.

Напішыце, калі ласка, пра гэта, каб людзі ведалі, як студэнтаў пазбаўляюць канстытуцыйнага права самім вырашаць, ісьці на выбары ці не».

Радыё Свабода датэлефанавалася да прарэктара Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасьці Алы Барчук. Тая адмаўляе, што пагражала, кажа, што толькі нагадвала: узяць удзел у выбарах — гэта грамадзянскі абавязак кожнага.

«Я загадала ўсім выкладчыкам і дэканам, каб пэрсанальна ніколі са студэнтамі не размаўлялі — толькі ў групы ішлі. Я сама таксама ўсе групы абышла, кажу: „Вы ведаеце, што 11 кастрычніка — выбары. Ужо пачалося датэрміновае галасаваньне. Хто хоча прагаласаваць датэрмінова — я ня маю права вас адгаворваць. Але дзеля гэтага прапускаць заняткі я лічу неразумным. Можна пасьпець прагаласаваць пасьля заняткаў — у нас толькі да гадзіны дня заняткі. Можна ў суботу паехаць і прагаласаваць, у нядзелю прагаласаваць. Гэта ваша пазыцыя — калі хто будзе галасаваць, але абавязак кожнага грамадзяніна краіны — прыняць удзел у галасаваньні. Прычым я ніколі вам не скажу, за каго галасаваць, за таго ці іншага. У кожнага свая пазыцыя. Узяць удзел вы павінны, а вось за каго галасаваць — гэта ваша справа“».

Што да вызваленьня ад заняткаў у суботу тых, хто прагаласаваў, прарэктар БІПД Ала Барчук кажа:

Узяць удзел вы павінны, а вось за каго галасаваць — гэта ваша справа

«Студэнты прыходзілі, казалі: „Вось у БДУ наагул у суботу вызвалілі ад заняткаў тых, хто прагаласаваў, а дзесьці яшчэ і ў панядзелак адпусьцілі...“ Я загадала нікога не адпускаць. У нас працоўныя дні. Мы нікога ня вызвалілі».

Прарэктар БНТУ: «Калі асобныя студэнты хочуць у суботу зьехаць, мы гэтаму не перашкаджаем»

У Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце паабяцалі, што калі з аўторка па чацьвер іншагароднія студэнты прагаласуюць датэрмінова, зь пятніцы ім адменяць заняткі — адпусьцяць дадому.

Радыё Свабода датэлефанавалася да першага прарэктара БНТУ Фёдара Панцялеенкі, але ён спаслаўся на занятасьць і на тое, што праз тэлефон ніякай інфармацыі не дае.

А ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце на факультэце тэхналёгіі і тэхнікі лясной прамысловасьці студэнтам прапанавалі пісаць заявы на вызваленьне ад заняткаў на суботу і панядзелак — маўляў, едуць дапамагаць бацькам. Адзін са студэнтаў выставіў узор у сацыяльных сетках.

Прарэктар па навучальнай працы БНТУ Сяргей Касьпяровіч адказаў Радыё Свабода:

«На суботу ў нас існуе практыка, што студэнты пішуць заявы. Хто жыве далёка — адпускаем на суботу, дэканы дазваляюць. Наведваньне заняткаў абавязковае, але студэнты маюць права з паважнай прычыны напісаць заяву, прапусьціць заняткі. Як правіла, гэта і робіцца да выходнага. Калі асобныя студэнты хочуць зьехаць, мы, напэўна, гэтаму не перашкаджаем.

— А вы ведаеце, што студэнтаў у інтэрнаце прымушаюць галасаваць датэрмінова і пагражаюць высяленьнем, калі не прагаласуюць?

— Я прарэктар на навучальнай працы, але такой інфармацыі па інтэрнатах у мяне няма. Калі па занятках вы пытаецеся — я за гэта адказваю. Заняткі ў суботу адбудуцца, і ў панядзелак таксама.

— Але вашы студэнты нават узор заявы ў сацыяльных сетках выставілі...

— Гэта ня ўзор. Гэта нейкі студэнт штосьці напісаў, але там няма подпісу дэкана. Заява лічыцца падпісанай, калі там ёсьць рэзалюцыя дэкана: „Дазваляю“ альбо „Адпускаю“. Там жа нічога не напісана. Гэта нейкая інсынуацыя, мне падаецца. Напісаць можа хто заўгодна.

XS
SM
MD
LG