Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэты, пісьменьнікі і падарожнік-дылетант правядуць урокі беларускай мовы


У трох дзясятках сталічных школ пройдуць незвычайныя ўрокі для малодшых клясаў. Настаўнікамі выступяць вядомыя беларусы.

Мабільны апэратар velcom ладзіць пры падтрымцы камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму праект «Чытаем па-беларуску».

Цягам наступных трох месяцаў у 30 зь лішнім школах Менску, у ліку якіх і школы для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця, пройдуць незвычайныя ўрокі беларускай мовы, культуры і літаратуры. Настаўнікамі на іх будуць беларускі дзіцячы пісьменьнік Уладзімер Ліпскі, паэтка Раіса Баравікова, пісьменьніца-казачніца Алена Масла, паэтка і публіцыст Тацяна Сівец, а таксама актор і тэлевядоўца Юры Жыгамонт, вядомы па тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта».

Юры Жыгамонт з вучнямі

Юры Жыгамонт з вучнямі

У чацьвер, 8 кастрычніка, першы адкрыты ўрок прайшоў у менскай школе № 136 з тэатральным ухілам. Яго для вучняў малодшых клясаў правялі Юры Жыгамонт і Раіса Баравікова.

«Гэта пакажа, што беларуская мова і беларуская культура — гэта ня толькі вельмі важна, але гэта можа быць і цікава», — патлумачыў ідэю кіраўнік аддзелу карпаратыўнай камунікацыі velcom Вячаслаў Сьмірноў ды прыгадаў вялікі пазытыўны розгалас ад беларускамоўных рэклямных ролікаў апэратара.

Юры Жыгамонт

Юры Жыгамонт

«Беларуская мова нашая зьявілася на нашай зямлі, калі сонейка ўстала над зямлёю, — пачаў урок Юры Жыгамонт. — Промні сонца трапілі на зямлю і сказалі: „Вітаем цябе, Беларусь!“ І Беларусь адказала: „Вітаем цябе, сонейка!“ І вось з таго часу мова нашай зямлі сонечная, праменная, наша родная беларуская мова, якую мы павінны любіць, шанаваць, каб сонейка радавала Беларусь сваімі промнямі».

Урок вёўся не па падручніках, а ў фармаце аповедаў і гульняў. Дзеці радасна адгадвалі, як скончацца вершы, якія ім прапаноўвала Раіса Баравікова:

«Мы зьбіраемся на вулку,

Нас выводзяць на прагулку

Толя Руды, Славік русы,

Але ўсе мы... (дзеці хорам. — РС) беларусы!»

Раіса Баравікова

Раіса Баравікова

«Рэчка, поле, потым луг,

А над імі сонца круг.

І паставіў подпіс Дзіма:

Гэта ўсё мая... (дзеці хорам. — РС) радзіма!»

Жыгамонт прапаноўваў дзецям свае гульні і аповеды. Адна зь ягоных гульняў — «перакладчык». Сярод іншых ён зачытаў у ёй і верш Уладзімера Сіўчыкава «Вялікдзень», а затым папрасіў дзяцей перакласьці асобныя словы. Якіх словаў дзеці ня ведалі, тыя тлумачыў:

«Нам зь сястрой сказала мама Рая: Сонейка купаецца і грае! З кубка, у якім ляжыць яечка, Умывайцеся, мае сардэчкі! Соль, ваду і маляванкі ў храме Асьвяціла мама золкім ранкам. Выбачай, цябе ня возьмем, кошка, Не табе падрыхтавалі кошык! На Вялічка для бабулі роднай Мы зьбіраем кошык Велікодны».

Юры Жыгамонт стане настаўнікам яшчэ на некалькіх уроках у іншых школах. «Пілётным» урокам ён застаўся задаволены, пра што распавёў Свабодзе:

«Гэты ўрок і яшчэ некалькі ўрокаў, што я правяду, — гэта пра творчасьць беларускага пісьменьніка Ўладзімера Сьцяпанавіча Ліпскага, які доўгія гады зьяўляецца галоўным рэдактарам дзіцячых часопісаў „Вясёлка“ і „Буся“. Запрашаюцца на такія сустрэчы і іншыя пісьменьнікі.

Рэакцыя дзяцей вельмі файная была. Я нават ня думаў, што яны знаюць, як месяц май завецца яшчэ па-беларуску, травень. Вельмі шмат прыказак, якія яны сканчалі, адразу казалі па-беларуску. Мяне гэта задаволіла. Што б ні казалі, а то некаторыя журналісты тут пыталіся, што ці патрэбна гэта дзецям, яны ж яшчэ маленькія, яшчэ, можа, дома размаўляюць па-расейску... Не, яны ўсе добра ведаюць беларускую мову, добра ёй валодаюць, чуюць яе на вуліцах, чытаюць кніжкі, часопісы беларускія.

Вось калі б у школах было больш урокаў на беларускай мове, пазаклясных урокаў... Гэта было б вельмі файна, калі б у школы прыходзілі беларускія знакамітыя асобы і расказвалі менавіта пра Беларусь, пра яе культуру, гісторыю — гэта трэба самім дзецям».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG