Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліца трох кандыдатаў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Домаш, Мілінкевіч, Дубко. Ніхто ня стаў прэзыдэнтам.

На вуліцы Лермантава ў Горадні стаяць дамы Мілінкевіча і Домаша і былая крама Дубко. Належала яна «Прагрэсу», калгасу, якім ён кіраваў. Усе трое ў розны час мелі амбіцыі стаць беларускім прэзыдэнтам.

Лермантава — вуліца, якая вядзе да храма, да славутай Каложы, царквы ХІІ стагодзьдзя. Пераважна аднапавярховая, забудаваная старымі прыватнымі дамамі. А пачынаецца цагляным двухпавярховым домам, дзе жыў раней доктар Мікалай Марцінчык, дзяяч нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.

Прыватны музэй Януша Паруліса
Прыватны музэй Януша Паруліса

Сёньня Лермантава цікавая прыватным музэем Януша Паруліса, мастака, якія сабраў у сваім доме старыя рэчы, здымкі, кнігі, усё, што нагадвае пра мінулыя часы. Ён памятае, як пры Дубко выкупілі і перабудавалі адну камяніцу ў двухпавярховую краму, якую адкрылі ў час першай выбарчай кампаніі 1994 году. Калі сабраўся натоўп на каўбасу з калгаснага цэху, людзей заклікалі падпісвацца за кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Дубко. Паруліс успамінае, што краму называлі любоўна-іранічна «Председатель», «хадзілі сюды з усяго гораду». І самога старшыню можна было ўбачыць на Лермантава, кажа ён і дадае: у ранейшыя часы яна называлася Базыльянскай.

Януш Паруліс
Януш Паруліс

Былая крама калгаса «Прагрэс», якім кіраваў Дубко, цяпер гэта невялікі «Эўраопт»
Былая крама калгаса «Прагрэс», якім кіраваў Дубко, цяпер гэта невялікі «Эўраопт»

Дубко ня стаў прэзыдэнтам. Але неўзабаве Лукашэнка прыехаў у Горадню, каб замяніць старшыню аблвыканкаму Сямёна Домаша на Дубко. Дэпутаты аблсавету (быў канец 1994-га) упарта галасавалі супраць. Але Лукашэнку, зразумела, урэшце ўдалося паставіць свайго чалавека. (Што тады адбылося за кулісамі — вядома Домашу). Гэта быў кар’ерны скачок для Дубко: са старшыні калгасу (няхай «мільянэра») адразу ў кіраўнікі вобласьці.

Цяпер цяжка нават уявіць, але Сямён Домаш, тым ня менш, застаўся на нейкі час кіраўніком Гарадзенскага абласнога савету. У канцы 1996-га паставіў свой подпіс пад патрабаваньнему імпічмэнту Лукашэнкі. Тады ён быў актыўным у Вярхоўным Савеце, адказваў за камісію па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраваньні. Зноў жа: цяжка ўявіць, але рэгіянальны кіраўнік такога ўзроўню быў праціўнікам палітыкі Лукашэнкі. Зразумела, што яго замянілі і ў аблсавеце. Дубко вельмі стараўся апраўдаць давер, нэгатыўна выказваючыся на адрас апазыцыянэра Домаша і ягонага паплечніка ў ВС Гіруця (раней намесьніка старшыні аблвыканкаму).

Дом Домаша. Януш Паруліс успамінае, што ў гэтым будынку быў дзіцячы садок «Азоту»
Дом Домаша. Януш Паруліс успамінае, што ў гэтым будынку быў дзіцячы садок «Азоту»

Неўзабаве Домаша праз суд пачалі высяляць з дому на вуліцы Лермантава. Знайшлі нейкія зачэпкі. Выглядала ўсё вельмі непрыгожа. Гэты дом быў яму дадзены як кіраўніку вобласьці, быў ім выкуплены. Шмат крыві папсавалі чалавеку, але дарма стараліся.

Дубко напачатку 2001-га памёр. Якраз ішла падрыхтоўка да вылучэньня Сямёна Домаша кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары. Чарнавой працай займаўся Аляксандар Мілінкевіч, некалі яго намесьнік у гарвыканкаме, калі Домаш узначальваў (напачатку 1990-х) у Горадні выканаўчую ўладу. Між іншым, Домаш атрымаў дом на Лермантава побач з бацькоўскім домам Мілінкевіча, дзе ён жыў сам.

Побач дамы Мілінкевіча і Домаша
Побач дамы Мілінкевіча і Домаша

Памятаю, на агульнабеларускім сходзе ў падтрымку Домаша ў Менску ў 2001-м адчувалася, што найлепшым і наймацнейшым адзіным кандыдатам ад апазыцыі на выбарах будзе якраз чалавек з такім досьведам. Кіраваньне абласным цэнтрам, затым вобласьцю, не абы-якая пасада ў парлямэнце! І гэта ўсьведамляў выдатна ён сам. На гэтым грунтавалася ягоная станоўчая амбіцыя падужацца за прэзыдэнцтва. Але яго ў апошні момант змусілі адмовіцца. На карысьць выразна ніякага кандыдата па апазыцыйнай кааліцыі. Адсюль, з Горадні, яшчэ адчувалася рэўнасьць і непрыманьне «рэгіянала», які быў чужым сярод «сталічнікаў».

Многія перажывалі: з Домашам учынілі няўдзячна і несправядліва. Ён сам (з дапамогай, зразумела, Мілінкевіча) стварыў пад прэзыдэнцкія выбары вялікую сетку падтрымкі, значную апазыцыйную арганізацыю «Рэгіянальная Беларусь». Уладзімір Ганчарык, тым часам, нічога не ствараў, проста ачольваў напаўжывыя прафсаюзныя структуры савецкіх часоў. Домаш вельмі перажываў. І ўрэшце вырашыў больш нічога ня мець агульнага з апазыцыяй. Ніколі. Дарэчы, ён баксёр, удар трымаць умее. Але каб з боку сваіх... Усе ж бачылі: у каго лепш атрымліваецца, але змусілі пакінуць выбарчую кампанію, саступіць. І калі шчыра: ці многія здолелі б так, як Домаш — адмовіцца напярэдадні галасаваньня ад удзелу толькі каб выканаць апазыцыйную дамову? Хутчэй, такіх у нас больш няма.

Наступны раз, у 2006 годзе Домаша больш не было побач. І Мілінкевіч вырашыў выканаць ягоную ролю і удзельнічаць у кампаніі да канца ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі, пакуль не паявіўся Казулін…

Калі шчыра, Лермантава, кіруючы ў бок Нёмана, калі глядзець проста: ператвараецца ў паркавую сьцяжыну, што вядзе да савецкага помніка 850-годзьдзя Горадні, празванага народам «гільятынай» за вонкавае падабенства. Сама асфальтоўка адхіляецца крыху лявей і наперадзе сапраўды будзе Калоская царква, а за плотам яе — помнічак «Пагоня на Грунвальд». Так што: альбо храм, альбо «гільятына». Ці нічога.

Помнік-«гільятына», пастаўлены да 850-й гадавіны Горадні
Помнік-«гільятына», пастаўлены да 850-й гадавіны Горадні

Камень зь міні-Каложай, міма яго трэба ісьці да храма
Камень зь міні-Каложай, міма яго трэба ісьці да храма

Што ў падрахунку? Дубко няма. Мілінкевіч цяпер жыве на іншым адрасе. А Домаш на месцы. Вось толькі што перад домам салідны мураваны паркан паставіў. Праўда, у горадзе яго не сустрэць. Чалавек цяпер на пэнсіі. Шкада, што Беларусь ніколі не атрымала такога прэзыдэнта. Зрэшты, гэта было нерэальна ў любым разе. Але калі ўявіць амаль немагчымае, то можна сказаць з упэўненасьцю: краіна была б іншай. Больш свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай. Больш шляхетнай. З пачуцьцём уласнай годнасьці. А гэта не абы-што.

А смак каўбасы з калгаснай крамы забыўся. І ў музэі Паруліса не захавалася нават здымка. Але каўбаса была ня толькі ад Дубко, была, праўда, толькі намаляваная, і на плякатах Пазьняка, і Кебіч абяцаў забясьпечыць. Але цяпер усё жыцьцё толькі каўбаска ад Лукашэнкі. Поўныя вітрыны. Дорага? Ці ахвоту адбіла. Дайшло, што ў жыцьці ёсьць і больш важныя рэчы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG