Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі размоўны клюб у Кіеве адзначыў 6 гадоў існаваньня


Удзельнікі «БелРазмоўКлюбу» традыцыйна сабраліся у кавярні Кіева-Магілянскае Акадэміі, каб папрактыкаваць сваю беларускую мову, абгаварыць навіны культурнага і грамадзкага жыцьця Беларусі.

Некаторыя са сталых наведвальнікаў паседжаньняў клюбу пагадзіліся распавесьці карэспандэнту Свабоды, што прывяло іх у клюб.

Псыхоляг Вадзім Васюцінскі: Беларусы для ўкраінцаў — найбліжэйшы народ

"Мне ўжо 60 гадоў. Мне падаецца, што ўсё сваё жыцьцё я люблю беларускую мову, чую яе яшчэ зь дзяцінства. Яна цудоўная, знаёмая, зразумелая, але таксама нейкая дзіўная. Я заўсёды любіў чытаць па-беларуску, на жаль, у мяне не было такой нагоды, каб размаўляць па-беларуску, але тыя некалькі разоў, калі я быў у Беларусі, найбольшае ўражаньне на мяне зрабіла каталіцкая імша ў Чырвоным касьцёле — такая ўзьнёслая, на беларускай мове. Я — чалавек рацыянальны, нерэлігійны, але мне падалося, што да мяне зьвяртаюцца нябёсы, ці што... Беларуская мова — гэта сфэра майго жыцьця, дзе я пачуваюся камфортна, дзе я адчуваю сябе іншым, і я вельмі шаную гэта.

Гэта розныя варыянты развіцьця постсавецкага жыцьця. Мне гэта цікава — адчуваць, што сёньняшнія беларусы нейкія іншыя, чым мы.

Мяне вельмі цікавіць сёньняшняя Беларусь, таму што мы былі нібы такія аднолькавыя, а цяпер маем зусім рознае жыцьцё. Мы па-рознаму жывем, па-рознаму думаем. І гэта розныя варыянты развіцьця постсавецкага жыцьця. Мне гэта цікава — адчуваць, што сёньняшнія беларусы нейкія іншыя, чым мы. У гэтым ёсьць для мяне, як для псыхоляга, цікавы зьмест. Цікава тое, што буде потым — праз год, праз пяць гадоў. Упэўнены, што мы будзем яшчэ больш адрозьнівацца, і гэта менавіта той зьмест, якім мы можам быць цікавымі. Беларусы для ўкраінцаў — найбліжэйшы народ, можа, мы для іх — не, але яны для нас — так. Мы служым адны для другіх люстэркам, дзе бачым сваё адлюстраваньне, каб лепш пазнаць саміх сябе. Мы вельмі цікавыя для беларусаў, а беларусы — для нас. Мне падаецца, мы гэта разумеем, а беларусы — яшчэ не. Але, магчыма, я памыляюся.

Уцякач Алег Аўчыньнікаў: Складана было паверыць, што ва Ўкраіне ёсьць людзі, якія любяць і вывучаюць беларускую культуру і мову

«Я амаль 2 гады жыву ў Кіеве, зьяўляюся палітычным уцекачом зь Беларусі. Сёньня нашаму Кіеўскаму беларускаму моўнаму клюбу споўнілася 6 гадоў. Пра гэты клюб я дазнаўся амаль выпадкова — у жніўні 2014 году на Майдане Незалежнасьці пазнаёміўся зь Юрасём (ён пабачыў мой бел-чырвона-белы сьцяг). Ён размаўляў па-беларуску, таму я падумаў, што ён таксама беларус. Але, як высьветлілася, ён быў украінцам. І мяне гэта вельмі зьдзівіла, бо, прабачце, ня кожны дзень сустракаеш украінца, які так файна размаўляе па-беларуску. Разгаварыліся, і ён мне распавёў, што ў Кіеве ёсьць беларускі размоўны клюб і, карыстаючыся момантам, запрасіў і мяне туды. Спачатку я падумаў, што гэта проста мясцовыя беларусы арганізаваліся і праводзяць там сустрэчы. Але, калі я туды прыйшоў, то высьветлілася, што з усіх, хто там сабраўся, адзіным беларусам быў я. І яшчэ больш я зьдзівіўся, калі дазнаўся, што і да стварэньня клюбу спрычыніўся не беларус, а ўкраінец. І ўвогуле, мне, беларусу, вельмі складана было паверыць, што ва Ўкраіне ёсьць людзі, якія любяць беларускую культуру, мову, вывучаюць яе і нават добра на ёй размаўляюць. Больш за тое, я быў вельмі прыемна зьдзіўлены, калі выявілася, што некаторыя сябры клюба валодаюць беларускай мовай ня горш, а ў некаторых выпадках і лепш за некаторых беларусаў. Вось такія яны, украінцы, якія размаўляюць беларускай моваю.

Так я і стаў хадзіць на зборы нашага клюба. Часам, канешне, на жаль, не ўдавалася прыходзіць праз розныя прычыны: то на працы быў, то быў стомлены, то яшчэ штосьці, але стараўся не прапускаць гэтую падзею. І ўвогуле, знаёмства з кіеўскім беларускім размоўным клюбам асабіста для мяне стала знакаваю падзеяю. Знакавай, бо я пазнаёміўся з такімі файнымі людзьмі, якія прымусілі мяне яшчэ больш ганарыцца Беларусьсю і любіць яе, за тое, што далі мне надзею на добры лёс нашай роднай беларускай мовы. І хочацца ў сувязі з нашым агульным юбілеем падзякаваць стваральнікам клюба за тое, што арганізавалі, сабралі і згуртавалі ўсіх нас у адзіную, ужо можна так сказаць, сям’ю, куды заўсёды прыемна прыходзіць! А асаблівы дзякуй, канешне, сябрам клюба за тое, што падтрымліваюць нашы беларускія акцыі ў Кіеве.

Спадзяюся, што беларусы ў хуткім часе натхняцца нашым прыкладам!

Што для мяне зараз наш клюб? Ён з калектыву «гуртка па інтарэсах» асабліва для мяне ператварыўся ў нешта большае —у моцнае згуртаваньне сяброў, да якіх заўсёды прыемна прыходзіць, а потым нават ня хочацца сыходзіць! Сяброў, якіх так шчыльна паяднала Беларусь, беларуская культура і, канешне, мілагучная беларуская мова! Сяброў, дзякуючы якім беларускую мову ў Кіеве ўжо можна пачуць нават часьцей, чым у Беларусі. Сябры, якія паказалі, што можна любіць Беларусь незалежна ад таго, дзе ты цяпер знаходзісься і дзе нарадзіўся! Сябры, якія паказваюць прыклад любові да Беларусі і беларускай мовы ўсім беларусам, якія цяпер, на жаль, пакуль што, цураюцца яе, саромяцца размаўляць па-беларуску! І спадзяюся, што беларусы ў хуткім часе натхняцца нашым прыкладам!»

Юрась Баланчук: «Мне вельмі падабаецца беларуская мова, асабліва тарашкевіца»

«Мяне зваць Юрась, я жыхар Кіева, я цікаўлюся беларускай мовай яшчэ зь дзяцінства, але пачаў яе вывучаць ужо ў інстытуце. Упершыню мяне зацікавіла беларуская мова, калі я слухаў беларускую музыку — яшчэ тады, калі вучыўся ў школе, мой любімы музычны калектыў быў „Стары Ольса“. А калі два гады таму я пазнаёміўся з адным удзельнікам гэтага беларускага клюба, то я пачаў хадзіць у гэты клюб і практыкавацца ў вывучэньні беларускай гутарковай мовы. Мне вельмі падабаецца беларуская мова, асабліва тарашкевіца. Мне падабаецца размаўляць, чытаць і слухаць музыку ці глядзець фільмы на беларускай мове. Асабліва мне падабаюцца беларускія вершы, мой любімы беларускі паэт і пісьменнік — гэта Ўладзімер Караткевіч. Увогуле мне падабаецца гучаньне беларускай мовы, таму што яна амаль як украінская, амаль як родная, але ў той жа час своеасаблівая і незвычайная. Менавіта таму я вырашыў вывучаць беларускую мову, менавіта таму я стаў удзельнікам беларускага моўнага клюба».

Багдан Рэвенка: «Існуе пагроза, што хутка беларуская мова можа зьнікнуць»

«Я даўно цікавіўся беларускай мовай. Калі быў на Майдане валянтэрам, сустрэў аднаго хлопца, які ведаў гэтую мову — ён і запрасіў мяне ў беларускамоўны клюб. Я яе ведаю недасканала, але нешта ўжо магу сказаць. Я гэтую мову вучу таму, што яна блізкая да ўкраінскай, і існуе пагроза, што хутка яна можа зьнікнуць. Шмат хто ў Беларусі яе ведае, але, да жалю, амаль ніхто не размаўляе».

Ліана Абрамава: «Гляджу часам „Белсат“ і вельмі люблю паэзію Вольгі Гапеевай»

«Я кіяўлянка. Зь дзяцінства размаўляла на расейскай і крыху на літоўскай (да 5 гадоў жыла ў Каўнасе), украінская і беларуская мовы ўкараніліся ў маім жыцьці зь невялікай розьніцай у часе. Прычым апошняя ўвайшла ў маё жыцьцё цалкам выпадкова. Аднойчы я нудзілася ды скроліла „ўкантакцік“ і раптам убачыла ў нейкай групе кінаклюба анонс фільма „Жыве Беларусь“.

Я паехала на Алімпійскую, пазнаёмілася з Дэйкам, Міхасём і Паўлам — і так „заліпла“ на гэтай тэме.

Беларуская, як і ўкраінская — „мая“ чыста эстэтычна (заўсёды ўсім кажу, што я „эстэтычны патрыёт“).

Пра Беларусь чытаю ў кнігах гісторыка Цімаці Снайдэра. Гляджу часам „Белсат“ і вельмі люблю паэзію Вольгі Гапеевай.

Яшчэ я адзначыла выдатны менскі праект „МоваНанова“. Чагосьці такога ж крутога ва ўкраінскай культурнай і мэдыя прасторы вельмі не хапае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG