Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лічбы яўкі ў незалежных назіральнікаў і камісіі разышліся ўжо ўдвая


Назіральнік Арцём Цеплякоў

Назіральнік Арцём Цеплякоў

У менскай 29-й гімназіі на вуліцы Мельнікайце знаходзіцца 15 і 16 выбарчыя ўчасткі. За папярэднім галасаваньнем на абодвух участках, якое праходзіць у адным пакоі, назірае Арцём Цеплякоў з АГП. Паводле назіральніка, ягоныя лічбы яўкі і афіцыйныя лічбы камісіі пачалі разыходзіцца зь першага дня, але на другі і трэці дзень розьніца стала двухразовай.

«Глядзіце: калі ў першы дзень галасаваньня на 15-м участку па маіх дадзеных прагаласавала 53, дык камісія дала лічбу 65. Розьніца ўсяго 12 чалавек, хаця ў працэнтах гэта каля 20%. Але ўчора розьніца была ўжо ўдвая: мае дадзеныя — 56, іх дадзеныя — 118. Сёньня тэмп „прыпісак“ крыху зьнізіўся, але ўсё роўна большы, чым у пачатку. Мае дадзеныя — 80, камісія дае 116. Прыкладна тое самае і па 16-м участку. Сёньня я ўбачыў, як галасаваў 61 чалавек, камісія дае зьвесткі пра 100 чалавек. Сядзеў на ўчастку бязвылазна, — можа, сыходзіў на якіх 5 хвілін за ўвесь дзень, — адкуль яны ўзялі такія лічбы — незразумела. Дакладней, зразумела: рыхтуюць дадзеныя для таго, каб набраць патрэбны працэнт прагаласаваўшых датэрмінова».

Прашу пракамэнтаваць разыходжаньні старшыню камісіі 15 участку Вольгу Філімонаву.

«Усяго на маім участку зарэгістравана 1932 выбарцы. Галасаваньне ідзе нармальна. Зь лічбамі можаце азнаёміцца на пратаколе, ён вывешаны. Чаму ў назіральніка іншыя лічбы — ня ведаю, як ён там глядзіць. У нас ўсё дакладна».

Назіральнік Арцём Цеплякоў наскардзіўся таксама на тое, што яму не дазваляюць рабіць фатаздымкі пратаколаў штодзённага галасаваньня. «Дзіўна, бо на суседнім 16-м участку, у тым жа пакоі, здымаць ужо можна», — разводзіць рукамі назіральнік.

Старшыня камісіі спадарыня Філімонава ня стала забараняць карэспандэнту Свабоды рабіць фота ў пакоі для галасаваньня, у тым ліку тое, як выбарчую скрыню яна хавала ў сэйф на час абеду.

«Гэта яны пры вас такія абыходлівыя. А на мяне, ведаю, строчаць скаргі і ў любы момант могуць пазбавіць акрэдытацыі назіральніка», — сказаў у перапынку Арцём Цеплякоў.

Назіральніца ад прафсаюзу настаўнікаў Натальля Галяновіч прэтэнзій да таго, як праходзіць папярэдняе галасаваньне, ня мае.

А вось назіральніца ад незалежнага прафсаюзу РЭП Ірына Ганчарык паскардзілася журналісту, што пакой для галасаваньня на ноч і абедны перапынак не апячатваюць. «Там застаецца міліцыянт», — сказала Ірына Ганчарык.

Ірына Ганчарык

Ірына Ганчарык

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG