Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: дзеяньні Расеі паставілі ЗША і іх саюзьнікаў на небясьпечную грань


Эштан Картэр назваў дзеяньні расейскіх вайскоўцаў усё больш непрафэсійнымі. У ЗША прызнаюць правал сваёй разьведкі адносна дзеяньняў Расеі ў Крыме і Сырыі.

Запускі крылатых ракет, зробленыя Расеяй па цэлях у Сырыі, ажыцьцяўляліся без якіх-небудзь папярэдніх апавяшчэньняў. Пра гэта заявіў міністар абароны ЗША Эштан Картэр у чацьвер. Кіраўнік Пэнтагону назваў гэта тэндэнцыяй да непрадказальных ваенных дзеяньняў, якія паставілі Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў на небясьпечную грань.

«Мы назіраем ўзрастаньне непрафэсійных паводзінаў з боку расейскіх сіл. Яны парушылі паветраную прастору Турэччыны... Яны стрэлілі крылатымі ракетамі з Касьпійскага мора без папярэджаньня,» — Сказаў Картэр пасьля перамоў міністраў абароны краін НАТО ў Брусэлі.

Масква заявіла ў сераду, што яе ваенныя караблі выпусьцілі ракеты па цэлях ў Сырыі з акваторыі Касьпійскага мора і яны прайшлі адлегласьць у амаль 1500 кілямэтраў над Іранам і Іракам, каб дасягнуць сваіх пунктаў прызначэньня.

Агенцтва Reuters паведаміла ў чацьвер, што амэрыканскія заканадаўцы пачалі вывучаць магчымыя правалы разьведкі ЗША ў дачыненьні да аналізу ўмяшаньня Масквы ў Сырыі. Заканадаўцы занепакоеныя тым, што амэрыканскія выведвальныя ведамствы аказаліся залішне павольнымі ў разуменьні намераў ваенных дзеяньняў Расіі.

Праз тыдзень пасьля таго, як Расея пачала кампанію авіяўдараў ў Сырыі, выведвальныя камітэты Сэната і Палаты прадстаўнікоў маюць намер вывучыць, у якой ступені амэрыканскае выведвальная супольнасьць выпускае з-пад увагі або няправільна ацэньвае папераджальныя знакі, якія да яе паступаюць.

Reuters лічыць, што за апошні час адбыўся шэраг буйных промахаў, сярод якіх захоп Масквой Крыму летась і хуткае пашырэньне кітайскай дзейнасьці вакол выспаў у Паўднёва-Кітайскім моры.

Хоць спэцслужбы спрабавалі нарасьціць збор выведвальных дадзеных аб Расеі пасьля крызісу ва Ўкраіне, яны працягваюць сутыкацца зь недахопам рэсурсаў з-за акцэнту на барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе і ў афгана-пакістанскім рэгіёне. Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі ЗША, які таксама папрасіў не называць яго імя, настойваў у размове з Reuters, тым ня менш, што не было «ніякіх сюрпрызаў» у дачыненьні да разьведвальных зьвестак, які яны атрымлівалі ў сувязі з дзеяньнямі Расеі.

Тым ня менш, прадстаўнікі разьведвальнай супольнасьці ЗША прызнавалі, што аказаліся засьпетым зьнянацку што да хуткасьці дзеяньняў Пуціна пры ўжываньні сілы ў Сырыі, а таксама дзеяньняў супраць сырыйскіх паўстанцаў, якіх падтрымліваюць ЗША

XS
SM
MD
LG