Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Сьвятлану Алексіевіч не пускалі ў гомельскую бібліятэку


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Калі Сьвятлана Алексіевіч зьбірала матэрыял для сваёй кнігі пра каханьне, яна прыяжджала ў Гомель, размаўляла зь людзьмі, запісвала іхнія гісторыі і разважаньні.

Віншуючы сёньня Сьвятлану Алексіевіч з наданьнем ёй Нобэлеўскай прэміі, не магу не сказаць, што вартыя яе былі з нашых сучасьнікаў беларусы Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, а найперш Васіль Быкаў. Але сталася так, як сталася.

Калі Сьвятлана Алексіевіч зьбірала матэрыял для сваёй кнігі пра каханьне, яна прыяжджала ў Гомель, размаўляла зь людзьмі, запісвала іхнія гісторыі і разважаньні. І мы, вядома, не маглі прапусьціць такую нагоду, каб зладзіць сустрэчу пісьменьніцы з чытачамі.

Найперш я пайшла ў абласную бібліятэку, якая да гэтага часу носіць недарэчнае імя Леніна. Тагачасная яе дырэктарка Валянціна Дуброва, пачуўшы імя Сьвятланы Алексіевіч і маю прапанову зладзіць для чытачоў бібліятэкі сустрэчу зь ёй, адказала, што «трэба параіцца ў аблвыканкаме».

Праз колькі дзён я зайшла даведацца, што «параілі ў аблвыканкаме». Валянціна Дуброва сказала, што няма грошай, каб набыць ваду, кветкі. На мае словы, што і кветкі, і ваду, і гарбату, і печыва я прынясу сама, адказ быў такі: «Не-не, у аблвыканкаме будуць незадаволеныя». Хто канкрэтна быў незадаволены, я дакладна сказаць не магу, але ведаю, хто тады вырашаў там такія пытаньні. Няхай яму будзе сорамна.

Сьвятлана як велікадушны і інтэлігентны чалавек, тым ня менш, надпісала для бібліятэкі свой першы вялікі двухтомнік, які якраз тады толькі-толькі выйшаў з друку, а я пасьля аднесла яго і аддала ў рукі Валянціне Дубровай. Я не была такая лагодная, як Сьвятлана Алексіевіч, а таму разам з кнігамі дадала, што гэта сорам і дзікунства — не пускаць пісьменьніка ў бібліятэку. Цяпер яны, пэўна, знойдуць гэты двухтомнік і выставяць яго, адгарнуўшы старонку з надпісам. А чытачы і ня будуць здагадвацца, як гэтыя кнігі трапілі ў Гомельскую абласную бібліятэку. Бо, калі аб’ектыўна, ля ўваходных дзьвярэй трэба прымацаваць шыльду: «У сьцены гэтай бібліятэкі не пускалі будучага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч».

Другім месцам, куды я пайшла дамаўляцца пра сустрэчу, быў унівэрсытэт імя Францішка Скарыны.Там таксама доўга вагаліся, прымаць Алексіевіч ці не. Урэшце сказалі, што пра актавую залю нават размова ісьці ня можа, далі дазвол на маленькую аўдыторыйку. Людзей было столькі, што Сьвятлана ў яе ледзьве ўвайшла. Студэнты стаялі нават у калідоры і слухалі пісьменьніцу праз адчыненыя дзьверы.

Гомель яшчэ раз пацьвердзіў сваю рэпутацыю «выпаленай пустэльні», дзе духоўнасьць і вольнае слова пад забаронай, дзе актавая заля ўнівэрсытэту гасьцінна расчыненая для манкуртаў, якія сьцьвярджаюць, што беларусаў як народу, як нацыі няма, а таму няма і беларускай мовы, а краіна Беларусь проста недарэчная зьява, як гэта ня раз можна было пачуць, напрыклад, ад расейца Юрыя Палякова.

Увогуле Гомель — дзіўны горад. Сьвятлана Алексіевіч — не адзіны ляўрэат Нобэля, які пацярпеў тут паразу. Неяк адзін з рэжысэраў тутэйшага абласнога тэатру паскардзіўся на праблему з выбарам п’есы для пастаноўкі. У часопісе «АРХЭ» тады якраз была надрукавана аднаактовачка «Каханак» Гаральда Пінтэра — ляўрэата Нобэля ў галіне літаратуры за 2005 год. Кажу, проста цукерачка, вытанчаная, інтэлектуальная дэтэктыўная гісторыя, зь сюжэтам на зайздрасьць каралям жанру — пацешце гледача. Дык калі даведаліся, што часопіс беларускі і п’еса перакладзена па-беларуску, замахалі рукамі: «Ня трэба, ніхто ня пойдзе!». Вы спрабавалі?

Марыя Шыманоўская,
сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.

XS
SM
MD
LG