Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я не заўзятар футболу, але калі беларуская зборная перамагае, я шчыра радуюся – за краіну. Бо разумею, што перамога на прэстыжным міжнародным спаборніцтве – плюс у карму ўсіх жыхароў, і мне таксама.

У момант уручэньня мэдалёў мяне не цікавіць палітычныя погляды гульцоў-пераможцаў. Яны сваё зрабілі.

Andrei Aliaksandrau: «Сябры з усяго сьвету шлюць мне віншаваньні. Народ па ўсім сьвеце цяпер гугліць "Belarus". Пытаньне наконт таго "чыя" Алексіевіч, можна лічыць закрытым».

У моманце перамогі ня важна, якія этнічныя карані намяшаныя ў гульцоў зборнай. Якой мовай размаўляюць з трэнэрам і міжсобку. Пакуль на ўвесь сьвет з самай пазытыўнай інтанацыяй гучыць адно слова "Be-la-rus".

Сярод бясконцай плыні радасьці ў беларускім сеціве я бачу і самотныя галасы скептыкаў:

Яўгенія Парашчанка: «Гэта легалізацыя Беларусі, якой не патрэбная беларуская мова. Так пра нас у сьвеце й даведаюцца».

Surski Yahor: «Беларусам пашанцавала, бо з аднолькавым посьпехам гэта магла б быць і ўкраінская, і руская пісьменьніца».

Большасьці зразумела, што "Нобэль" дае пераможцу калясальную колькасьць каналаў для распаўсюду інфармацыі. Што скажа Сьвятлана Алексіевіч, пра што, і як? Ёй і сёньня, у дзень перамогі, прыгадваюць сумнеўныя выказваньні пра беларускія мову і культуру.

Зрэшты, разам з магчымасьцямі дадаецца і адказнасьці. Падчас першай прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Алексіевіч прамовіла пра прыналежнасьць да «беларускага сьвету». Гэта ўжо прадуманая палітыка публічнай асобы, а не «капрыз мастака».

Чаму Алексіевіч? Вэрсій будзе шмат. Мая такая. Савецкія людзі ў Расеі пачалі свой рэванш пасьля Майдану ва Ўкраіне, а тут зьяўляецца кніга пра савецкіх людзей – «Чалавек сэканд хэнд». Раптам тэма з гістарычнай зрабілася супэрактуальнай. І перамагае аўтарка, якая ўсё жыцьцё распавядала заходняй публіцы асаблівасьці савецкага мэнталітэту.

Як Сьвятлана Алексіевіч выкарыстае для сябе новыя мэдыйныя магчымасьці, усе неўзабаве пабачым.

А пакуль сьмела можна павязваць шалік з надпісам "Belarus" ды ісьці зь сябрамі ва ўлюбёны бар, каб сьвяткаваць перамогу "зборнай". Калі вы заўзятар.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG