Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 9 кастрычніка: Міжнародны дзень пошты, 85-годзьдзе акцыі генэрала Жалігоўскага і 75-годзьдзе Джона Ленана


Паштовая марка ў гонар Казіміра Малевіча

Паштовая марка ў гонар Казіміра Малевіча

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня

Міжнародны дзень пошты. Дзень прымеркаваны да даты стварэньня Сусьветнага паштовага саюзу ў 1874 годзе.

Менск. У Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Ніны Пілюзінай «Прарыў».
Пачатак у 17.00.

Горадня (па 18 кастрычніка). У галерэі «У майстра» (вул. Кірава, 8) выстава жывапісу Ганны Сілівончык «Падарожжа ўнутр».

Менск (па 23 кастрычніка). V Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт». У праграме спэктаклі тэатральных калектываў з 10 краін: Бэльгіі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Грузіі, Італіі, Латвіі, Расеі, Украіны, Швэйцарыі і Японіі.

Дзень у гісторыі

1648 — Войска ВКЛ на чале зь Янушам Радзівілам пасьля аблогі ўзяло Пінск.

1708 — адбылася бітва пад вёскай Лясной, гэта цяперашні Слаўгарадзкі раён. У 5-гадзінным змаганьні сышліся 11 тысяч расейцаў і 16 тысяч швэдаў. У гонар той расейскай перамогі на месцы бітвы пастаўлены помнік і капліца.

1920 — так званыя беларускія дывізіі на чале з генэралам Люцыянам Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Паводле літоўска-савецкае дамовы Вільня і край павінныя былі ўвайсьці ў склад Літвы. Правы Літвы на гэтую тэрыторыю былі замацаваныя і літоўска-польскай дамовай. Праз два гады прайшлі выбары ў часовы сойм Сярэдняй Літвы, а ўжо гэты сойм прыняў рашэньне пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы, у складзе якой гэты край прабудзе да 1939 году.

1939 г. — у Беластоку выйшаў першы нумар газэты «Освобожденный Белосток» (з 22 кастрычніка 1944 году выдаецца ў Горадни як абласная газэта «Гродзенская праўда»).

1977 — у космас паляцеў беларус Уладзімер Кавалёнак.

У гэты дзень нарадзіліся:

1878 — нарадзіўся беларускі гісторык Уладзімір Пічэта, заслужаны прафэсар БССР (1926), акадэмік АН БССР (1928), заслужаны дзеяч навук Узбэцкай ССР (1943), акадэмік АН СССР (1946). Адзін з арганізатараў і першы рэктар Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту (1921-1929).

1922 — беларуская акторка Тацяна Аляксеева, заслужаная артыстка Беларусі (1955).

1932 — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык Іван Калеснік.

1940 — Джон Ленан, легендарны брытанскі рок-музыка.

У гэты дзень памерлі:

1537 — Ганс Кранах, нямецкі мастак

1929 — Адам Лісоўскі, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху, каталіцкі сьвятар. Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты Святога Паўла.

1967 — Эрнэста Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр.

Цытата дня

«Мы жывем у сьвеце, дзе мы павінны хавацца, каб заняцца любоўю, у той час як гвалт практыкуецца сярод белага дня».

Джон Ленан

XS
SM
MD
LG