Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Дашук: «Да таго, што Сьвятлана Алексіевіч піша па-расейску, я стаўлюся спакойна»


Віктар Дашук, архіўнае фота
Віктар Дашук, архіўнае фота

Народны артыст Беларусі, рэжысэр, кінадакумэнталіст Віктар Дашук — у пэўным сэнсе «хросны бацька» Сьвятланы Алексіевіч: у 1985 годзе за цыклі фільмаў «Я з вогненнай вёскі» і «Ў вайны не жаночы твар» ён стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Сьвятлана Алексіевіч мае багата міжнародных прэміяў, але ніводнай беларускай узнагароды. Што да Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч, Віктар Дашук выказаў такое меркаваньне:

— Сьвятлана адкрывае сьпіс беларускіх ляўрэатаў, і мне ня проста прыемна, мяне перапаўняе гонар за тое, што мы пачыналі працаваць у адной паралелі, паралелі вельмі цудоўных людзей, вядомых ня толькі ў Беларусі, але і ў сьвеце — разам з Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам.

Мне вельмі прыемна, што Сьвятлана заслужана атрымала Нобэля, я адчуваю ня толькі гонар за яе, але гонар і за нашу краіну. Бо кожны з нас, які тут нараджаецца, вучыцца, фармуецца і разьвіваецца як асоба, ня можа разьвівацца ў некім адасобленым асяродку. Яна бярэ энэргію ад іншых талентаў, і гэтымі талентамі зьяўляюцца, паўтаруся, Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якія таксама маглі быць у гэтым сьпісе.

Але такія законы часу, яны дыктуюць свае ўмовы, свае правілы. І яны былі ў адным прамежку часу. Я рады за Сьвятлану проста па-чалавечы. Яна — першаадкрывальніца гэтага сьпісу.

Я перакананы, што і ў жывапісе, і ў іншых відах мастацтва, і ў навуцы — у кожнай галіне ёсьць беларусы, годныя Нобэлеўскай прэміі. Я ганаруся, Сьвятлана зрабіла першы крок. Я рады яе павіншаваць ад шчырага сэрца.

— Спадар Віктар, але некаторыя ўпікаюць Алексіевіч: ну якая яна беларуская пісьменьніца, яна ж піша па-расейску, ганарыцца рускай культурай...

— Калі я прыйшоў абедаць у рэстаран, і салата не спадабалася, а афіцыянтка была прыгожая, ветлівая, то я ўжо не зьвяртаю ўвагі на нейкую там салату... У кожнага чалавека ёсьць нейкія рысы, якія не адпавядаюць майму сьветапогляду, і гэта нармальна. І ў мяне са Сьвятланай былі розныя меркаваньні, рознагалосьсі. Але мы жывыя людзі, і калі кожны — асоба, яны ня могуць плыць у адным кірунку.

Мне таксама хацелася б, каб яна была беларускай у чыстым выглядзе, ва ўсім. Але дайце чалавеку свабоду! Бацька ў яе беларус, маці — украінка. А тое, што Сьвятлана піша па-расейску — гэта дробныя рэчы, гэта мітусьлівыя рэчы.

Я ведаю беларускую мову лепей за расейскую, але свае артыкулы — за 20 гадоў іх было 10, і я пісаў іх па-расейску з адной простай прычыны: каб болей было чытачоў. Бо ў нашай складанай беларускай сытуацыі галоўнае, каб тваё слова, тваё шчырае імкненьне дайшло да як мага большай колькасьці людзей. Я стаўлюся да гэтага спакойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG