Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіч пра Нобэля Алексіевіч: «Цяпер улада стаіць перад неабходнасьцю фліртаваць зь ёй»


Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Нобэлеўскую прэмію Сьвятланы Алексіевіч камэнтуе паэт Андрэй Хадановіч:

«Калі б спадарыня Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію некалькі гадоў таму, я б зьдзівіўся. Але чаканьне, напружаньне ад букмэкерскіх прагнозаў, чаканьняў радасных, трывожных, гістэрычных прывучыла да Нобэля Алексіевіч як да непазьбежнага. І гэта здарылася непазьбежна. Калі сур’ёзна, гэта даўно заслужаная Алексіевіч рэч. На яе апошнія гады сыпаўся град эўрапейскіх узнагарод. Яна самая вядомая ў літаратуры грамадзянка Беларусі, як бы некаторыя яе зласьліўцы ні камэнтавалі праблему яе рускамоўнасьці-беларускамоўнасьці.

Яна піша тое, што ў нармальнай, сьпелай эўрапейскай літаратуры займае яе палову — non-fiction. Гэта займае палову швэдзкай, польскай, ангельскай, францускай літаратуры. І гэта выглядала б глыбока недаразьвітым у Беларусі, каб не Алексіевіч, якая амаль у адзіночку запаўняе гэты прагал. Гэта самая папулярная літаратура ў сьвеце, як бы не наракалі паэты. Гэта літаратура-дакумэнт, штосьці на мяжы між пісьменьніцтвам і журналістыкай. Алексіевіч гэта падхапіла, у нас былі майстры non-fiction і раней, але яна разьвівае гэта. Яе кнігі аказаліся канвэртабэльнымі ў сэнсе перакладаў на іншыя мовы, даходжаньня да чытачоў.

Я як грамадзянін Беларусі гэтаму цешуся, як чытач гэтаму цешуся, як знаёмы Сьвятланы гэтаму цешуся. І заклікаю беларусаў гэтаму цешыцца — ды яны і без таго цешацца, калі паглядзець сацыяльныя сеткі. Агульнае адчуваньне радасьці. Нарэшце ў нас спыніцца хваравіты комплекс непаўнавартасьці, што калі ж, калі ж нашаму дадуць Нобэля — гэта было на мяжы непрыстойнасьці апошнія гады. Гэта знак нейкага сталеньня самой культуры: праехалі, перахварэлі на дзіцячую хваробу чаканьня Нобэля. Шмат беларусаў жывуць зь нейкім комплексам непаўнавартасьці: усё цікавае можа адбывацца ў Нью-Ёрку, у Парыжы, у Маскве, калі ў каго Масква ў галаве... але не ў Беларусі! Мне здаецца, што Нобэль Алексіевіч шмат каго можа пераканаць, вярнуць беларусам крышачку самапавагі.

Мне здаецца, што Нобэль Алексіевіч шмат каго можа пераканаць, вярнуць беларусам крышачку самапавагі

Другое — што Нобэль Сьвятланы Алексіевіч паспрыяе больш канструктыўным стасункам розных сэгмэнтаў беларускай літаратуры: старэйшых і маладзейшых, больш і менш апазыцыйных, беларускамоўных і расейскамоўных, прыдуманай літаратуры і непрыдуманай. Гэта паспрыяе большаму паразуменьню ў самой Беларусі.

Мяне цікавіць іншае. Да сёньняшняга дня спадарыня Алексіевіч, як і некаторыя іншыя беларускія пісьменьнікі, належала да негалоснага «чорнага сьпісу». А цяпер улада стаіць перад неабходнасьцю фліртаваць зь ёй, прыручаць яе, рабіць рэвэрансы, камплімэнты, выцягваць да супрацоўніцтва. Я заінтрыгаваны, што з гэтага выйдзе. Жадаю Сьвятлане мудрасьці і мужнасьці».

XS
SM
MD
LG