Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Якубовіч: «Нос у мяне вы ж ведаеце які. Я ганаруся, што беларуска атрымала Нобэля»


Павал Якубовіч

Павал Якубовіч

Галоўны рэдактар газэты адміністрацыі прэзыдэнта «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч у праграме Беларускага тэлебачаньня «Клюб рэдактараў» яшчэ 4 кастрычніка прадказаў перамогу Сьвятланы Алексіевіч і некалькі хвілін сьпяваў ёй дытырамбы:

— Нос у мяне вы ж ведаеце які. Вакол імя разгарнулася палеміка, якая мне не падабалася... Вакол Алексіевіч ламаліся дзіды: „яна піша па-расейску“, „яна не беларуская пісьменьніца“. З другога боку, „старая гвардыя“ ня можа ёй дараваць цудоўных, праўдзівых кніг пра вайну, пра Чарнобыль, пра Аўганістан...

Але колькі яе выдаюць у самых разьвітых краінах сьвету — кажа само за сябе. Я ў душы заўсёды чакаў, што яна стане ляўрэатам, і ганаруся тым, што наш беларускі літаратар так гучна заявіў пра сябе на ўвесь сьвет і атрымаў прызнаньне.

— А цяпер каверзнае пытаньне. Калі ў апошні раз „СБ — Беларусь сегодня“ пісала пра Сьвятлану Алексіевіч, публікавала яе інтэрвію, узгадвала пра яе?

— Я асабіста падтрымліваю са Сьвятланай добрыя адносіны. Некалі яна ў нас друкавалася. Я асабіста шмат намаганьняў прыклаў, каб летась на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску адбылася сустрэча чытачоў зь ёй. Але апошнім часам сувязяў па лініі газэты не было, таму што, як мне падаецца, Сьвятлана — ня вельмі вялікая ахвотніца супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі СМІ і з нашай газэтай. Я яе аўтарскія адчуваньні павінен паважаць і не назаляю ёй. Але я асабіста захапляюся яе заслугамі ў літаратуры і вельмі ганаруся, што беларуска атрымала Нобэля.

— Павал Ізотавіч, а ў наступным нумары „СБ — Беларусь сегодня“ напіша пра Алексіевіч? Вы заўсёды трапныя загалоўкі прыдумляеце, можа, ужо і загаловак ёсьць?

— Вядома, напішам! Загаловак яшчэ не прыдумаў. У нядзелю ў праграме „Клюб рэдактараў“ я хацеў апярэдзіць падзею і выказаць тэлегледачам сваё меркаваньне пра Сьвятлану Алексіевіч, таму што насамрэч вельмі шмат было з розных бакоў зроблена намаганьняў, каб яе прынізіць, дыскрэдытаваць, на жаль, і шмат разоў гэта рабілася. Таму на я на самую вялікую аўдыторыю выказаў сваё меркаваньне пра гэтую праблему, хоць праблемы няма: Сьвятлана — найвыбітнейшы зь беларускіх літаратараў, якія працуюць сёньня.

XS
SM
MD
LG