Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фэлікс Шкірманкоў: Гэта камэдыя, а ня выбары


Фэлікс Шкірманкоў

Фэлікс Шкірманкоў

Слаўгарадзкія чыноўнікі Фэлікса Шкірманкова паважаюць і — пабойваюцца. Ён жа з самім прэзыдэнтам «на ты», руку яму паціскаў. А як насамрэч жывецца вэтэрану Другой сусьветнай, грамадзкаму актывісту, аднаму з найстарэйшых беларускіх пісьменьнікаў? Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў мы сустрэліся зь ім у Слаўгарадзе.

— Спадар Фэлікс, ці зьбіраецеся вы 11 кастрычніка на выбарчы ўчастак?

— Не, мы з жонкай па стане здароўя ня пойдзем. Да нас прыйдуць дахаты з урнай. Мы будзем галасаваць супраць усіх кандыдатаў. Чаму? Ну, галоўны кандыдат, Аляксандар Лукашэнка, ужо стаміўся за столькі гадоў. Мне яго шкада, хай лепш сына гадуе. А астатнія? Гайдукевіча я лічу палітычным клоўнам. А што зь сябе ўяўляе казак Улаховіч? Невядома. Гэта ўсё падстаўныя фігуры, якія патрэбныя, каб паказаць, што ў нас не адзін кандыдат, што яшчэ трое зь ім на роўных. Гэта ўсё камэдыя. Гэта ня выбары. Ва ўсіх цывілізаваных краінах прынятыя законы, паводле якіх больш за два тэрміны ня можа заставацца пры ўладзе ніводзін прэзыдэнт, нават самы добры і разумны. А ў нас Лукашэнка ў свой час перарабіў усе законы пад сябе, і цяпер можа заставацца на пасадзе пажыцьцёва. Апошнія дэмакратычныя выбары ў нашай краіне былі ў 1994 годзе.

— Вы адзін зь нямногіх, хто зь сёньняшнім кіраўніком Беларусі на «ты». Шмат хто памятае вашу зь ім сустрэчу ў Слаўгарадзе ўвесну гэтага году. Вы былі раней знаёмыя?

— Не. Але, паважаючы пасаду прэзыдэнта, я ня мог не зьвяртацца да яго так, як ён зьвяртаецца да ўсіх, з кім сустракаецца. Ён па-роднаму ўсім гаворыць «ты».

— А хіба гэта «па-роднаму»? Як па мне, дык гэта адсутнасьць пэўнай культуры.

— Я так не лічу. Мы ж да Бога зьвяртаемся таксама на «ты». Хіба мы яго не паважаем? Паважаем. Калі Лукашэнка ўзяў за манэру зьвяртацца да ўсіх, нягледзячы на ўзрост, на «ты», дык чаму і мне яго было не падтрымаць? Таму і я ня «выкаў» яму.

Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам у Слаўгарадзе. Красавік 2015 году

Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам у Слаўгарадзе. Красавік 2015 году

— Вы тады папрасілі адмяніць дарожны падатак для вэтэранаў. Ці вырашылася праблема?

— Не, ня вырашылася. Дарожны падатак для ўладальнікаў легкавікоў складае ад мільёну і больш. Калі ўлічваць, што ў тым жа Слаўгарадзе заробак у людзей не перавышае тры мільёны, то гэта немалыя грошы. І гэты падатак мусяць плаціць і той, хто не вылазіць з аўтамабіля, і вэтэран, які сядае за руль некалькі разоў на год. Відаць, чыноўнікі, якія рыхтавалі той закон, пораху ня нюхалі, таму і не прадугледзелі аніякай ільготы для вэтэранаў. І я сказаў прэзыдэнту: «Ты паглядзі, Аляксандар Рыгоравіч, колькі ў нас інвалідаў вайны ў Беларусі — па афіцыйных зьвестках тры тысячы. А колькі зь іх маюць права на кіраваньне аўтамабілем? У Слаўрадзкім раёне я адзін. Дык які прыбытак дзяржава мае з нас? Мо якіх мільёнаў пяцьдзясят. Хіба для дзяржавы гэта грошы?». І ён мне паабяцаў: «Для вэтэранаў падатак адменім!». Я сказаў: «Ну, дзякуй, давай пяць!» — і падаў яму руку. Ён яе паціснуў, і на тым разышліся. На жаль, публічнае прэзыдэнцкае абяцаньне засталося нявыкананым. Вось нядаўна я той падатак заплаціў. Не памёр, канешне, ад гэтага, застаўся жывы, але мне сорамна за прэзыдэнта, за ўладу, якая так ставіцца да вэтэранаў. Два ці тры разы на год кажа, што дзяржава ў неаплатным даўгу перад вамі, нізкі вам паклон, дзякуй. А вось такі «дзякуй» яна не зрабіла. Плаці, вэтэран, грошы.

На жаль, публічнае прэзыдэнцкае абяцаньне засталося нявыкананым.

— А вы праз наша радыё яшчэ раз зьвярніцеся да Лукашэнкі. Нагадайце пра абяцаньне, мо ён забыўся.

— Аляксандар Рыгоравіч! Гэта да цябе зьвяртаецца інвалід Вялікай айчыннай вайны Шкірманкоў са Слаўгараду, якому ты публічна абяцаў адмяніць дарожны падатак для вэтэранаў. Абяцаў, але не зрабіў. Няўжо так цяжка выканаць сваё абяцаньне?

— Клопат пра вэтэранаў вайны — канёк сёньняшняй улады. Праходзяць пампэзныя дні перамогі, грымяць салюты і г.д. Але ці патрэбныя такія сьвяты самім вэтэранам, калі канкрэтныя просьбы не выконваюцца?

— Мы, вэтэраны, ужо дажываем свае апошнія дні, і для нас сапраўды было б лепей, калі б слова не разыходзілася са справай. Для ўлады прасьцей арганізаваць шоў з парадамі, чым дапамагаць вэтэранам паўсядзённа. Але чаму тут зьдзіўляцца? Нават сярод аднадумцаў я бачу нейкую незразумелую мне абыякавасьць. Я ўжо сем гадоў у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, у якім — Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі і іншыя творцы, перад якімі я схіляю галаву. Дык вось, за гэтыя сем гадоў я ні разу не атрымаў ад кіраўніцтва нашага саюзу віншавальнай паштоўкі на Дзень Перамогі. Ні разу. Дык чаго мы хочам ад улады, калі самі да сябе такую непавагу праяўляем?

Гэтая Пагоня калісьці вісела ў кабінэце старшыні Слаўгарадзкага гарсавету Фэлікса Шкірманкова

Гэтая Пагоня калісьці вісела ў кабінэце старшыні Слаўгарадзкага гарсавету Фэлікса Шкірманкова

— Вось вы казалі, што Лукашэнка ў нас пажыцьцёва. Але чаму? Хіба ў нас няма палітыкаў, якія маглі б рэальна пазмагацца зь ім за ўладу?

— Ён за дваццаць гадоў прыбраў да рук усю ўладу і зрабіў немагчымым само суперніцтва. Ён прыбраў з дарогі тых, хто нёс яму рэальную пагрозу.

— Вы маеце на ўвазе Юрыя Захаранку і Віктара Ганчара? Тады, даруйце за непрыемнае пытаньне, як вы маглі паціскаць руку, якая...

— Абвінавачваць кагосьці ў забойстве (а яны сапраўды забітыя) я ня маю права. У мяне няма доказаў, што менавіта яго рука тут удзельнічала. Але, маючы такую ўладу, за столькі гадоў не знайсьці злачынцаў — тут у мяне для яго прабачэньня няма. Ён павінен быў гэта зрабіць, павінен! А так ён нібыта ўбаку стаіць, і яго гэтая справа не цікавіць. А мяне цікавіць.

— Вам сёлета споўнілася восемдзесят дзевяць, а вы па-ранейшаму не сядзіце цішком на прызьбе. Што сфармавала ваш такі моцны, незалежніцкі характар?

— У перадваенныя гады ў Беларусі было вельмі высока пастаўлена патрыятычнае выхаваньне. І гэта заклала ў маёй душы той падмурак, які спатрэбіўся мне на вайне, на Далёкім Усходзе, на Калыме, дзе я доўгі час працаваў гэолягам. Як ні дзіўна, менавіта Калыма дапамагла мне расплюшчыць вочы на нашу рэчаіснасьць, зразумець, што такое сапраўдны патрыятызм. Справа ў тым, што там былі людзі, сасланыя туды, людзі найвышэйшага гатунку, сумленныя, непадкупныя. Яны зрабілі ў маёй душы паварот, які прывёў мяне потым у шэрагі Беларускага Народнага Фронту. Былі сустрэчы зь Зянонам Пазьняком, з Генадзем Грушавым, якія мне таксама дапамаглі зразумець, што ёсьць у гэтым жыцьці сапраўднае, а што наноснае, непатрэбнае на тым шляху, які ты абраў.

Рэдагаваньне новай кнігі з Анатолем Вярцінскім

Рэдагаваньне новай кнігі з Анатолем Вярцінскім

— Адна з вашых паэтычных кніг цалкам прысьвечаная беларускай мове. Сёньня ў Беларусі набіраюць папулярнасьць моладзевыя моўныя курсы, яны ладзяцца таксама і ў Магілёве. Як вы лічыце, ці можна адрадзіць беларускую мову высілкамі грамадзтва, без удзелу дзяржавы?

— Не, без удзелу дзяржавы мову адрадзіць немагчыма. Як бы ні старалася моладзь, якія б высілкі ні рабіліся, але калі ў дзяржаўных установах справаводзтва вядзецца па-расейску, калі ў дзіцячых садках выхавальнікі рэй зь дзеткамі вядуць па-расейску, высілкі тыя жаданага выніку мець ня будуць. Тут адных грамадзкіх намаганьняў, на жаль, недастаткова. Але, і гэта вельмі важна, грамадзтва прымушае ўладу ўсё ж нешта ў гэтым кірунку рабіць. А яшчэ немалаважную ролю тут можа адыграць стаўленьне замежных краінаў. Я заўсёды ўспамінаю той выпадак, калі на Магілёўшчыне, у Лясной, адзначаліся ўгодкі перамогі над швэдамі, і там выступаў швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан. На якой цудоўнай беларускай мове ён гаварыў! А кіраўнік Магілёўскага райвыканкаму выступаў па-расейску. Няўжо яму ня сорамна было? Няўжо ў нашых чыноўнікаў ні кроплі нацыянальнай годнасьці не засталося? Людзей жа ва ўсім сьвеце сустракаюць і адрозьніваюць не па вопратцы, а па мове.

Фэлікс Шкірманкоў нарадзіўся ў 1926 годзе. Вэтэран Другой сусьветнай вайны, доўгі час працаваў гэолягам на Далёкім Усходзе. Пасьля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, уступіў у БНФ. Узначальваў Слаўгарадзкі гарадзкі савет дэпутатаў, быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў (2005). Піша вершы і прозу, аўтар шматлікіх кніг, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Жыве ў Слаўгарадзе.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG