Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: «Ісламская дзяржава» — аб’ект менш за 10 працэнтаў расейскіх удараў у Сырыі


Два расейскія зьнішчальнікі СУ-25 узьлятаюць з авіябазы Хмеймім у Сырыі, 6 кастрычніка 2015 году

Два расейскія зьнішчальнікі СУ-25 узьлятаюць з авіябазы Хмеймім у Сырыі, 6 кастрычніка 2015 году

Больш за 90 адсоткаў расейскіх паветраных удараў у Сырыі прыйшліся на групы, якія належаць да ўмеранай сырыйскай апазыцыі, заявілі афіцыйныя прадстаўнікі ЗША.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведаміў у сераду, што больш за 90 адсоткаў удараў, нанесеных расейскімі самалётамі ў Сырыі, прыйшліся не на пазыцыі баевікоў «Ісламскай дзяржавы» і не на групоўкі, зьвязаныя з «аль-Каідай». Гэта першая афіцыйная статыстыка, прадстаўленая Злучанымі Штатамі, па ўдзеле расейскіх ВПС у грамадзянскай вайне ў Сырыі.

Па словах прэс-сакратара Дзярждэпартамэнта Джона Кірбі, «аб’ектамі авіяўдараў сталі галоўным чынам апазыцыйныя групы, якія хочуць лепшай будучыні для Сырыі і не жадаюць захаваньня рэжыму Асада». Як сказаў Кірбі, «прынцыповы момант палягае ў тым, што Асад па-ранейшаму атрымлівае падтрымку ад Расеі і па-ранейшаму прычыняе пакуты свайму ўласнаму народу, уключаючы апазыцыю. У гэтым няма нічога добрага для будучыні Сырыі. Крэмль, як мы ўжо казалі, зьдзяйсьняе вялікую памылку: ён ня толькі пагаршае міжабшчынны разлад у Сырыі, але, патэнцыйна, і ў самой Расеі. Гэта вельмі рызыкоўная палітыка».

У сераду прэм’ер-міністар Турцыі Ахмет Давутаглу паведаміў, што толькі ў двух бамбаваньнях мэтамі расейскай авіяцыі ў Сырыі былі баевікі «Ісламскай дзяржавы». Падчас тэлевізійнага выступу прэм’ер-міністар Турцыі сказаў, што зь 57 расейскіх паветраных удараў у Сырыі 55 былі нанесеныя па пазыцыях умеранай апазыцыі, якую падтрымліваюць Турцыя і Злучаныя Штаты.

Кіраўнікі больш за 40 паўстанцкіх арганізацыяў у Сырыі заявілі, што расейская інтэрвэнцыя зрабіла немагчымай палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту. Паводле іх дадзеных, у правінцыі Хомс ад расейскіх бомбаў загінулі, як мінімум, пяцьдзясят мірных жыхароў.

XS
SM
MD
LG