Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Асад супраць усіх


Наступствы баявых дзеяньняў у адным з гарадоў Сырыі

Наступствы баявых дзеяньняў у адным з гарадоў Сырыі

Расейскія дзеяньні ў Сырыі раззлавалі Турэччыну і насьцярожылі НАТО.

Яраслаў Шымаў

Расея ўсё глыбей уцягваецца ў блізкаўсходнюю вайну. Багдад у найбліжэйшыя дні мае намер папрасіць Маскву нанесьці авіяўдары па аб’ектах групоўкі «Ісламская дзяржава» на ірацкай тэрыторыі. Пра гэта заявіў сёньня кіраўнік ірацкага парлямэнцкага камітэту па абароне і бясьпецы Хакім аз-Замілі. Тым часам Турэччына выказвае крайнюю незадаволенасьць зьяўленьнем расейскіх самалётаў у яе паветранай прасторы, а НАТО нагадвае Маскве, што артыкул 5 Статуту НАТО — аб ваеннай салідарнасьці членаў альянсу — ніхто не адмяняў, і яго дзеяньне распаўсюджваецца і на Турэччыну.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмет Давутаглу выступіў сёньня зь цікавай статыстыкай. Паводле яго зьвестак, з 57 удараў, нанесеных за апошнія дні па наземных цэлях расейскай авіяцыяй, якая базуецца ў Сырыі, толькі два прыйшліся на пазыцыі баявікоў «Ісламскай дзяржавы». Астатнія былі нанесеныя па раёнах, кантраляваных узброенай апазыцыяй, якая ваюе супраць расейскага саюзьніка ў Сырыі — рэжыму Башара Асада. Пра гэта далей заяўляюць і прадстаўнікі сырыйскай апазыцыі.

Аднак найбольшае абурэньне Анкары выклікаюць нават ня ўдары па сырыйскіх апазыцыянэрах, якім яна аказвае падтрымку, а ўварваньне ў паветраную прастору Турэччыны расейскіх баявых самалётаў у раёне турэцка-сырыйскай мяжы. З гэтай нагоды двойчы за апошнія дні быў выкліканы ў МЗС Турэччыны для тлумачэньняў пасол Расеі. Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган празрыста намякнуў, што Расея «шмат што страціць», калі яе адносіны з Турэччынай рэзка пагоршацца. У той жа час Анкара відавочна ня хоча рэзкага абвастрэньня сытуацыі: турэцкія вайскоўцы прапанавалі расейскім калегам правесьці кансультацыі, якія дазволілі б пазьбегнуць далейшых непрыемнасьцяў.

Гісторык і палітоляг, аўтар шэрагу прац па зьнешняй палітыцы Турэччыны Інэса Іванова ў інтэрвію Радыё Свабода мяркуе, што да сур’ёзнага крызісу ў расейска-турэцкіх адносінах справа ўсё ж ня дойдзе, хоць Маскве і Анкары будзе няпроста дасягнуць згоды ў сырыйскім пытаньні, дзе яны падтрымліваюць розныя бакі канфлікту.

— Якія мэты дэкляруе Турэччына ў апошнія гады ў сырыйскім канфлікце?

— У свой час Рэджэп Эрдаган і Ахмет Давутаглу вельмі доўга спрабавалі ўгаварыць Башара Асада пачаць рэформы ў краіне. Але гэта аказалася немагчыма па цэлым шэрагу прычын. І тады, не бяз пэўнага націску з боку Злучаных Штатаў, Турэччына павярнулася сьпінай да Асаду. Узьніклі падразьдзяленьня «Свабоднай сырыйскай арміі» на турэцкай тэрыторыі. З тых часоў Турэччына вядзе палітыку, накіраваную на зьвяржэньне рэжыму Асада.

— Чым гэта выгадна для Турэччыны?

— Я б не акцэнтавала фактар міжканфэсійнай барацьбы, як гэта часам робіцца, таму што і сама Турэччына ня робіць на гэта ўпор у сваёй палітыцы ў Сырыі. У мяне складваецца ўражаньне, што гэта шмат у чым асабістая пазыцыя Эрдагана: ён ставіць рэжым Асада на адну дошку з «Ісламскай дзяржавай». Па гэтым пытаньні яму і яго кіруючай партыі не ўдалося стварыць кааліцыю з найстарэйшай турэцкай партыяй — Рэспубліканскай народнай. Кіраўніцтва РНП стаіць на іншых пазыцыях у дачыненьні да сырыйскай праблемы.

— Тым самым пазыцыя афіцыйнай Анкары прама процілеглая крамлёўскай: Масква, як вядома, актыўна падтрымлівае Асада. Магчыма на гэтай глебе рэзкае пагаршэньне турэцка-расейскіх адносін?

— Я нагадаю, што ў сьнежні мінулага году, падчас візыту Ўладзімера Пуціна ў Турэччыну, яны з Рэджэпам Эрдаганам, пры ўсіх разыходжаньнях, даволі спакойна абмяняліся думкамі па сырыйскай праблеме. Пры гэтым пастаянна падкрэсьліваўся сяброўскі характар двухбаковых адносін, эканамічных ў першую чаргу. Я не магу сказаць, што Сырыя — прычына нейкага рэзкага канфлікту паміж Расіяй і Турэччынай. Гэта менавіта разыходжаньні.

— Турэччына — член НАТО. Ці магчыма пры далейшым абвастрэньні сытуацыі ў Сырыі і вакол яе ўцягваньне Паўночна-атлянтычнага саюзу ў канфлікт паміж Турэччынай і Расеяй?

— Сытуацыі, падобныя цяперашняй, здараліся і раней. Напрыклад, сырыйскія самалёты заляталі ў турэцкую паветраную прастору, і тады гэта абмяркоўвалася на нарадах ў НАТО. Была выказана незадаволенасьць, выказаная падтрымка Турэччыне, але прамых дзеяньняў не было. Думаю, што і цяпер НАТО непасрэдна ня будзе ўцягнутае ў гэты канфлікт. На мой погляд, гэтая сытуацыя мае тэндэнцыю да вырашэньня — прынятае, у прыватнасьці, рашэньне аб вайсковых кансультацыях Турэччыны і Расеі.

XS
SM
MD
LG