Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 кастрычніка: 130-годзьдзе Аляксандра Бурбіса, абвяшчэньне Нобэля па літаратуры і дзьве беларускамоўныя імпрэзы ў Менску.


Толькі мая Беларусь. Аўтар фота: Натальля Велігурава
Толькі мая Беларусь. Аўтар фота: Натальля Велігурава

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com.Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Падзеі дня

Стакгольм (Швэцыя). Будзе абвешчана імя сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Менск. Адкрыцьцё новага адукацыйнага праекту «Чытаем па-беларуску з Velcom» адбудзецца ў школе № 136 (вул. Д. Сердзіча, 5). Пачатак а 12.00. Выкладчыкам першага ўроку стане галоўны рэдактар часопісу «Вясёлка» Ўладзімер Ліпскі. На ўроку будуць прысутнічаць і іншыя ўдзельнікі праекту: Раіса Баравікова, Алена Масла, Тацяна Сівец і Юры Жыгамонт. На працягу трох месяцаў у больш чым 30-ці школах Менску і дзьвюх дапаможных школах для дзяцей з асаблівасьцямі пройдуць урокі Асноваў беларускай мовы і культуры. Пра беларускую спадчыну вучням 2-3 клясаў раскажуць пісьменьнікі і акторы.

Менск. Нефармальнае мерапрыемства для журналістаў з чаем і пернікамі, прысьвечанае выхаду ў сьвет мабільнага дадатку «Казкі Беларусі дзеткам і дарослым» (аўтарскі праект Алега Хаменкі, гурт «Палац») адбудзецца ў кнігарні «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасьці, 37а) Пачатак а 17.00.

Менск. Старшыня Мінгарвыканкаму Андрэй Шорац сустракаецца з насельніцтвам у школе № 4 (вул. Чырвонаармейская, 11). Пачатак а 18.00

Мінск. У кінатэатры «Перамога» рэтраспэктыва зборніку нямецкіх кароткамэтражных фільмаў на нямецкай мове з расейскімі субцітрамі. Уваход вольны.

Горадня. У лютэранскай кірсе (вул. Акадэмічная, 7а) канцэрт арганнай музыкі. Грае Марцін Маер (Нямеччына). Пачатак а 15:00.

Дзень у гісторыі

451 — у Халкідоне адкрыўся 4-й Сусьветны царкоўны сабор, які зацьвердзіў тэкст хрысьціянскага Сымбалю веры і асудзіў монафізытызм.

1085 — У Вэнэцыі асьвечаны Сабор Сьвятога Марка.

1500 — Браслаў атрымаў прывілей на магдэбурскае права.

1582 — у сувязі з рэформаю грэгарыянскага календару гэтага дня не было ў Італіі, Гішпаніі, Партугаліі і Рэчы Паспалітай.

1621 — закончылася Хоцінская бітва, што прынесла перамогу войску Рэчы Паспалітай на чале зь Янам Хадкевічам над турэцкім султанам Асманам ІІ.

1656 — бітва пад Прасткамі. Перамога войска Кароны і ВКЛ над швэдамі.

1660 — бітва войска Рэчы Паспалітай на рэчцы Басі з маскоўскім войскам.

1917 — У Пецярбургу выйшаў першы нумар газэты «Беларуская Крыніца».

1970 — Аляксандр Салжаніцын абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

У гэты дзень нарадзіліся:

1831 — Міхал Ельскі, беларускі скрыпач, кампазытар і пісьменьнік.

1885 — Аляксандар Бурбіс, беларускі савецкі палітычны і грамадзкі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага тэатру.

1902 — Канстанцін Кернажыцкі , беларускі гісторык.

У гэты дзень памерлі:

1943 — Андрэй Мрый, беларускі пісьменьнік.

1965 — Мікалай Грашчанкаў, беларускі фізіёляг і нэўроляг.

1991 — Зоська Верас, пісьменьніца, грамадзка-культурны дзяяч.

Цытата дня

Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў-бы дамагацца, што я — сучасны чалавек. Маё імя Самсон Самасуй. Я з мужыкоў. Мой бацька, дзед, прадзед, прапрадзед, прапрапра... і г. д. усе былі мужыкамі. Я надзвычайна гарды тым, што маю мужыцкі твар і асабліва нос у форме бульбы. У залежнасьці ад гэтага і розум мой ёсьць розум выразна мужыцкі. Мне могуць сказаць, што няма такой катэгорыі, як мужыцкі розум, а я скажу, што ў мяне толькі такі і ёсьць.

Андрэй Мрый, «Запіскі Самсона Самасуя»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG