Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах адкрыюць беларускамоўную клясу


Бацькі дзьвюх дзяўчатак паўтара году беспасьпяхова зьвярталіся ў розныя інстанцыі, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове. Старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму асабіста разгледзеў гэтую праблему і знайшоў сродкі для фінансаваньня клясы на роднай мове, піша Intex-Press.

Кляса пачне сваю працу ў Баранавіцкай гімназіі №4 з другой чвэрці, паведаміў Intex-press Вадзім Шчарбакоў, дырэктар гэтай навучальнай установы.

– Навучэнцы іншых гімназій горада, якія хочуць вучыцца па-беларуску ў 6-й клясе, могуць ужо цяпер зьвяртацца да нас, – патлумачыў Вадзім Шчарбакоў. – Дзецям са школ давядзецца пачакаць да наступнага году і здаць іспыты па расейскай, беларускай мовах і матэматыцы. Як, зрэшты, і кожнаму, хто хоча вучыцца ў гімназіі.

Па словах кіраўніка гімназіі №4, пастанова аб заснаваньні беларускамоўнай клясы была прынятая дзякуючы старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Юрыю Грамакоўскаму. Ён асабіста разгледзеў гэтую праблему і знайшоў сродкі для фінансаваньня клясы на роднай мове.

Нагадаем, што ў 2010 годзе ў Баранавічах у СШ №14 была створаная беларускамоўная кляса, дзе вучыліся тры дзяўчыны. Праз чатыры гады дзьве зь іх – Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык – паступілі ў гімназію №4. Аднак у стварэньні асобнай клясы для працягу навучаньня на беларускай мове ім адмовілі, спаслаўшыся, што ў бюджэце горада няма дадатковых фінансавых сродкаў на беларускую клясу. У Баранавіцкім гарвыканкаме тады патлумачылі, што кляса будзе створаная толькі калі бацькі 24 вучняў пажадаюць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

– Я вельмі рады, што мая дачка будзе вучыцца на беларускай мове ў найлепшай гімназіі горада, – прызнаўся Іntex-press Васіль Філіпчык, бацька адной зь дзяўчынак. – Але хацелася б, каб у будучым была спрошчаная сыстэма адкрыцьця такіх клясаў.

Паводле бацькі, за паўтара году, каб дабіцца навучаньня на роднай мове, ім давялося зьвяртацца ў мноства інстанцый: гарвыканкам, аблвыканкам, Міністэрства адукацыі, суд, пракуратуру. Нават сустрэцца з намесьнікам міністра адукацыі.

– Іншы чалавек ужо калі б і хацеў, каб яго дзіця вучылася па-беларуску, атрымаў бы некалькі адпісак і махнуў бы рукою, – кажа Васіль. – Ня ўсе такія ўпартыя, як мы.

XS
SM
MD
LG