Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўразьвяз ніколі не падтрымліваў беларускую апазыцыю так, як гэта малюецца ў прапагандзе»


Ці прыпыніць Эўразьвяз санкцыі супраць беларускіх афіцыйных асобаў? Пры якім разьвіцьці падзеяў можа адбыцца поўнае зьняцьцё гэтых санкцыяў? Як будуць разьвівацца стасункі паміж Эўропай і афіцыйным Менскам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Андрэй Казакевіч і Андрэй Ягораў.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Са спасылкай на брусэльскія крыніцы ў прэсе зьявілася паведамленьне, што эўрапейскія краіны могуць прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Чаму гэтая інфармацыя зьявілася за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў? Ці азначае гэта, што Эўропа дае афіцыйнаму Менску нейкі пернік ці моркаўку, каб выбары прайшлі спакойна, без рэпрэсіяў?

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

Ягораў: Эўрапейцы не такія вытанчаныя, каб гуляць у такія гульні — асабліва брусэльскія інстытуцыі. Таму, хутчэй за ўсё, гэта рэальная інфармацыя, тут няма нейкай гульні ў «пасы» — і гэта лягічна, бо ўсё разьвіцьцё беларуска-эўрапейскіх адносінаў за апошнія 2 гады вяло да гэтага. Бо цяпер ужо існуюць узгодненыя фарматы каапэрацыі ў межах так званай «прамежкавай фазы супрацоўніцтва», вядуцца перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму.

Карацей, шмат чаго падрыхтавана да таго, каб, калі выбары адбудуцца спакойна (натуральна, тут галоўнае вызваленьне палітвязьняў), — тады ўжо можна было прыпыняць тыя санкцыі, якія былі адноўленыя пасьля 19 сьнежня 2010 году.

Цыганкоў: Заўсёды эўрапейцы казалі, што вызваленьне палітвязьняў — ня першы крок, а толькі перадумова для пачатку нармалізацыі адносінаў. Ці не здаецца вам, што яны занадта хутка робяць крокі насустрач афіцыйнаму Менску?

Ягораў: Мне так не падаецца. Гэта было лягічна, эўрапейцы заўсёды хацелі вярнуцца ў тую сытуацыю ўмоўнай лібэралізацыі ў адносінах, якая была ў 2008–10 гадах. Фактычна палітвязьні былі галоўнай перашкодай для гэтага. Таму цяперашняя сытуацыя без палітвязьняў і бяз масавых рэпрэсіяў выклікае вяртаньне да ранейшай палітыкі. Тое, што цяпер адбываецца, называецца палітыкай «крытычнага ўцягваньня» — таму нічога дзіўнага, што так разгортваюцца падзеі.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Казакевіч: Патэнцыйнае рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў адпавядае той лёгіцы стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, якая склалася ў апошнія гады. Калі гэтага не адбудзецца, то гэта будзе выглядаць неяк дзіўна. Калі выбары пройдуць спакойна, то наступным крокам будзе як мінімум прыпыненьне ці аслабленьне гэтых санкцыяў, а магчыма, іх поўнае зьняцьцё.

Цыганкоў: У прэсе зьявіўся ліст Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча і Алеся Бяляцкага з заклікам не прыпыняць санкцыі. Паводле апазыцыянэраў, калі санкцыі будуць прыпыненыя, то гэтым самым Захад будзе спрыяць далейшым рэпрэсіям. Ці зьвернуць увагу эўрапейскія палітыкі на гэты заклік?

Ягораў: Наўрад ці на гэта будзе зьвернута нейкая ўвага, бо ў гэтых людзей, якія зьвяртаюцца, няма вялікай моцы ўнутры краіны, каб да іх уважліва прыслухоўваліся. Хутчэй, гэта маральная грамадзянская пазыцыя, якая будзе ўлічана, але наўрад ці кардынальна паўплывае на прыняцьцё рашэньняў.

Тэхнічна санкцыі Эўразьвяз ня будзе здымаць, яны проста будуць замарожаныя.

Тэхнічна санкцыі Эўразьвяз ня будзе здымаць, яны проста будуць замарожаныя. То бок Брусэль робіць крок, разьлічваючы на сустрэчны крок з боку Менску, паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Цыганкоў: А пры якіх увогуле ўмовах можна ўявіць сытуацыю, калі санкцыі будуць цалкам зьнятыя?

Ягораў: Тэхнічна гэта ўсё прапісана ў дакумэнтах Рады Эўразьвязу ад 1996 году і ў далейшыя гады, некалькі разоў. І там усё пазначана — павага да правоў чалавека, дэмакратычны выбарчы працэс, свабода мэдыяў, свабода асацыяцыяў, прафсаюзаў і гэтак далей. Гэта былі прычыны таго, чаму санкцыі былі ўведзеныя — і калі гэтыя прычыны адпадаюць, то і санкцыі здымаюцца. Таму і пытаньне зьняцьця санкцыяў значна больш складанае, чым пытаньне замарозкі санкцыяў.

Цыганкоў: Як можна спрагназаваць адносіны паміж афіцыйным Менскам і Эўропай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?

Казакевіч: Хутчэй за ўсё, будзе працягвацца пошук пэўнага балянсу ў двухбаковых стасунках. Відавочна, беларускія ўлады не гатовыя прыняць усе патрабаваньні з боку Эўразьвязу, што тычыцца дэмакратызацыі, правоў чалавека, зьменаў палітычнай сыстэмы. Тое самае можна сказаць пра Эўразьвяз, які ня можа зьняць патрабаваньні, зьвязаныя з правамі чалавека.

Беларусь будзе больш уцягнута ў дачыненьні з Эўразьвязам, але я б не прагназаваў, што адносіны будуць цалкам нармалізаваныя.

Таму недзе паміж гэтымі двума полюсамі і будзе адбывацца пошук балянсу. Гэта азначае, што Беларусь будзе больш уцягнута ў дачыненьні з Эўразьвязам, але я б не прагназаваў, што адносіны будуць цалкам нармалізаваныя. Прынамсі, у нейкай кароткатэрміновай пэрспэктыве, бліжэйшыя 2–3 гады.

Цыганкоў: Ці можна канстатаваць, што большасьць палітыкаў Эўропы зьмірылася з існаваньнем цяперашняй улады ў Беларусі і ўжо не змагаецца супраць Аляксандра Лукашэнкі, як гэта было раней?

Ягораў: Калі размаўляеш з эўрапейскімі палітыкамі, то першае, што яны кажуць, — гэта тое, што палітыка Эўразьвязу ня мае нічога агульнага са зьменай палітычнага рэжыму ў Беларусі. Што гэта выключна справа саміх беларусаў — мяняць той палітычны рэжым, які ёсьць у краіне.

Беларуская апазыцыя ніколі не была настолькі моцнай, каб наблізіцца да сытуацыі рэальнага двоеўладзьдзя, у якой Эўразьвяз мог бы гуляць ролю пасярэдніка.

Эўрапейскі Зьвяз ніколі не падтрымліваў беларускую апазыцыю так, як гэта малюецца ў афіцыйнай беларускай прапагандзе. Беларуская апазыцыя ніколі не была настолькі моцнай, каб наблізіцца да сытуацыі рэальнага двоеўладзьдзя, у якой Эўразьвяз мог бы гуляць ролю пасярэдніка. Таму — калі параўнаць з Украінай, то гэта цалкам іншы спосаб падтрымкі і іншая сытуацыя. Прыкладна так і будзе адбывацца — апазыцыйныя сілы будуць падтрымлівацца Эўразьвязам у той агульнай палітыцы, якую яна вядзе па падтрымцы дэмакратыі ва ўсім сьвеце. Але пакуль апазыцыя ня стане выразнай сілай тут, яна ня будзе карыстацца нейкай значнай падтрымкай з боку Эўразьвязу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG